15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Рар пра Усходняе партнэрства: Трэба паглядзець яшчэ, што гэта будзе за праграма

1

На думку экспэрта, праграма Усходняе партнэрства можа стаць буфэрам супраць адраджэньня ўплыву Расеі ў Эўропе. Але, калі паміж ЗША і Расеяй адбудзецца стратэгічнае збліжэньне, праграма ня будзе мець антырасейскіх нотак.

Дырэктар праграмаў “Расея — Эўразія” нямецкага таварыства зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар пракаментаваў ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” на “Радыё Свабода” візыт у Менск генэральнага сакратара Рады Эўразьвязу, вярхоўнага прадстаўніка па агульнай зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Эўразьвязу Хавіера Саляны.

-- Чаму пачасьціліся візыты высокіх эўрапейскіх чыноўнікаў у Менск? Што мае Эўропа прапанаваць Беларусі і як на гэтыя прапановы можа адрэагаваць афіцыйны Менск?

-- Зараз Эўразьвяз вылучае сваю новую праграму “Ўсходняе партнэрства” з такімі краінамі, як Украіна, Грузія, Армэнія, Азэрбайджан. Туды, у гэтую праграму, нечакана для некаторых была ўключана Беларусь. Я мяркую, гэта зьвязана найперш з тым, што некаторыя краіны Эўразьвязу не на жарт спалохаліся, што Расея захоча аднавіць сваю імпэрыю. Маўляў, тое, што адбылося ў Грузіі, лёгка можа адбыцца і ў Крыме, альбо, скажам, у Беларусі. Пытаньне пра тое, што Расея зноў можа пагражаць Эўропе, стала на парадак дня шмат якіх аналітычных службаў.

Таму ўзяліся і за Беларусь. У Эўропе лічаць, што калі ўдасца ўгаварыць Беларусь наблізіцца да Эўропы і не аб’ядноўвацца з Расеяй у нейкую саюзную дзяржаву альбо ваенны зьвяз, то нейкім чынам можна будзе сытуацыю стабілізаваць і збалянсаваць.

Акрамя таго, Лукашэнка адкрыта заявіў, што хоча праводзіць прыватызацыю ў краіне — і ня толькі з расейскім, але і з заходнім капіталам. Гэта таксама заахвоціла ўплывовыя бізнэс-колы ў Эўропе накіраваць свае погляды на Беларусь — таму зьявіўся і вельмі канкрэтны эканамічны інтарэс”.

“Усходняе партнэрства” — антырасейскі праект?

-- Ці можна зразумець ваш камэнтар такім чынам, што дыялёг Беларусі з Эўразьвязам нясе нейкае антырасейскае адценьне? Але нават сам Лукашэнка заяўляе, што тут няма нічога небясьпечнага для Масквы...

-- Я думаю, што на самой справе Беларусь павінна імкнуцца ў Эўропу. Проста Беларусь прыпазьнілася на гэтым шляху, і ў гэтым сэнсе тут усё ў парадку. Але калі вы ўважліва пагледзіце праграму “Ўсходняга партнэрства”, якую распрацавалі швэды і палякі і якая цалкам падтрымліваецца цяпер чэскім старшынствам ЭЗ, то там вы ўбачыце пэўныя знакі. Ва ўсякім разе, так можна інтэрпрэтаваць гэтую праграму — як спробу выбудаваць стратэгічнае супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі з такімі краінамі, як Беларусь і Ўкраіна, неяк асьцерагаючыся расейскага імпэрыялізму. Там ёсьць ноткі асьцярожнага стаўленьня да Расеі.

Таму трэба паглядзець, як гэтая праграма будзе разьвівацца, і зрабіць аналіз пасьля таго, як яна будзе прадстаўлена на наступным саміце Эўразьвязу ў Празе ў траўні. Яшчэ шмат часу, і калі паміж ЗША і Расеяй адбудзецца стратэгічнае збліжэньне, то гэтая праграма ня будзе мець антырасейскіх нотак. У іншым выпадку яна можа стаць буфэрам супраць новага адраджэньня ўплыву Расеі ў Эўропе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках