29 снежня 2024, Нядзеля, 9:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Марыніч: «Зь лібэралізацыяй мы спазьніліся на ўвесь тэрмін Лукашэнкі»

5

«Мы па-ранейшаму жывем у камуністычным запаведніку, савецкімі рэаліямі, якія дагэтуль працягваюцца ў нашай эканоміцы, у нашых мазгах, у нашай палітыцы», - лічыць былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч.

Аб гэтым экспэрт заявіў у інтэрв’ю «Радыё Свабода», камэнтуючы указы Аляксандра Лукашэнкі.

Указам Аляксандра Лукашэнкі ад 1 красавіка спрашчаецца мэханізм правядзеньня зьнешнегандлёвых апэрацый і кантролю над імі. Зроблена гэта “з мэтай дэбюракратызацыі зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, далейшай лібэралізацыі эканамічных умоваў і інвэстыцыйнай актыўнасьці ў Беларусі».

Але наколькі своечасовы гэты ўказ, калі ва ўсім сьвеце інвэстыцыйная дзейнасьць згортваецца?

У якасьці аднаго з станоўчых момантаў дэбюракратызацыі зьнешнеэканамічнай дзейнасьці аналітыкі Лукашэнкі называюць замену зафармалізаванага мэханізму афармленьня гандлёвай апэрацыі на рэгістрацыю зьдзелкі ў банку паводле заяўнага прынцыпу. Рэгістрацыя будзе ажыцьцяўляцца ў дзень падачы дакумэнта, які пацьвярджае гандлёвае пагадненьне. Апроч таго, па шэрагу пазыцый выключана неабходнасьць узгадненьня зьдзелак з канцэрнам «Белдзяржхарчпрам», а таксама атрыманьня адбітку штампу Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы паводле дамоваў, падпісаных на біржавых таргах. Дагэтуль тэхнічныя працэдуры расьцягваліся на некалькі тыдняў.

Былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч падобныя лібэральныя крокі ацэньвае станоўча, аднак зазначае, што зь імі ўлады спазьніліся на ўвесь тэрмін кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі. Зь іншага боку, ён ня верыць, што паслабленьні прывядуць да інвэстыцыйнай актыўнасьці ў разгар фінансава-эканамічнага крызісу.

«Адназначна зараз не зусім той час, каб чакаць «нашэсьця» інвэстараў. Тым ня меней, безумоўна, неабходна рабіць такія крокі. У якасьці першачарговай меры, кароткатэрміновай, паслабленьні такія патрэбныя. Бо мы адсталі ад сьвету ў гэтых кроках на пэрыяд кіраваньня Лукашэнкі — на паўтара дзясятка гадоў; усё ідзе са спазьненьнем.

Па-другое, усё павінна рэгулявацца заканадаўствам. А ўсе гэтыя ўказы — сёньня яны ёсьць, заўтра адмяняюцца. Мы па-ранейшаму жывём у камуністычным запаведніку, савецкімі рэаліямі, якія дагэтуль працягваюцца ў нашай эканоміцы, у нашых мазгах, у нашай палітыцы. Усё кіруецца не законамі, а прэзыдэнцкімі ўказамі, дэкрэтамі, якія вышэйшыя за закон. І тыя ж інвэстары бачаць: гэта ня тая нарматыўная база, якая дае магчымасьць свабодна, празрыста працаваць», - кажа экспэрт.

Ад 1 красавіка рэзыдэнтам, якія праводзяць зьнешнегандлёвыя апэрацыі, даецца права не рэгістраваць зробкі па папярэдняй аплаце ў поўным аб’ёме. Таксама з дазволу Нацбанку яны цяпер могуць праводзіць разьлікі па дамовах, якія прадугледжваюць імпарт тавараў, без паступленьня саміх тавараў на мытную тэрыторыю краіны. Акрамя таго, рэзыдэнты могуць ажыцьцяўляць зьмену асобаў у абавязаньні зь перарэгістрацыяй зробка; самастойна вызначаць зьвесткі ў дакумэнтах на афармленьне гандлёвых апэрацый. Дадаткова з-пад дзеяньня валютнага кантролю выведзеныя некаторыя апэрацыі зь перадачай маёмасьці ў арэнду ці ў лізінг, незалежна ад таго, ці суб’ект гаспадараньня выступае як арандатар, ці як арэндадаўца.

Доктар эканамічных навук Генадзь Лыч лічыць, што імгненнага эфэкту ад такіх захадаў чакаць цяжка. На ягоную думку, пры любых варыянтах кантроль за зьнешнеэканамічнай дзейнасьцю застаецца ў кампэтэнцыі дзяржаўных структураў, якія ў сваёй працы кіруюцца грувасткімі інструкцыямі, бясконца далёкімі ад дэкляраванага лібэралізму. Патэнцыйных інвэстараў па-ранейшаму палохае непрадказальнасьць беларускай мадэлі, калі сьледам за дазволам на дзейнасьць можа здарыцца экспрапрыяцыя.

«Тое, што нам ад савецкіх часоў застаўся ў спадчыну статус «зборачнага цэху», я лічу, сур’ёзна адбіваецца на ўсім. Бо тыя капітальныя ўкладаньні, якія да нас ідуць, — гэта мізэр у параўнаньні з тым, што патрэбна. Значыць, эканамічны ўзровень увесь час апускаецца, хоць кіраўніцтва з гэтым ня згоднае.

Але ж як можа ўзровень не апускацца, калі ў нас няма ні навукі, ні сродкаў? Праўда, на вышэйшым узроўні гавораць ня так, як я, але ў часе разважаньняў пра лібэралізацыю адназначна гучыць: пад поўным кантролем захоўваецца ўласнасьць, улада і грошы. Дык я сам сабе думаю: якая ж будзе лібэралізацыя, калі пад поўным дзяржаўным кантролем улада, уласнасьць, сродкі? Хіба што новая шыльда будзе, новыя словы. А сутнасьць застаецца тая ж, старая», - перакананы эксперт.

Між тым ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі, накіраваным на спрашчэньне зьнешнегандлёвай дзейнасьці, сьцьвярджаецца: з уступленьнем у сілу дакумэнта магчымасьці па гандлёвых апэрацыях будуць пашыраныя, у тым ліку пры правядзеньні рэзыдэнтамі разьлікаў. А гэта нібыта павінна спрыяць прытоку ў Беларусь грошай замежных бізнэсоўцаў і кампаніяў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках