28 снежня 2024, Субота, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія дэмакраты: Існуе небяспека лукашэнізацыі Еўропы (Фота, відэа)

18
Беларускія дэмакраты: Існуе небяспека лукашэнізацыі Еўропы (Фота, відэа)

Прыезд Хаўера Саланы ў Беларусь ва ўмовах узмацнення рэпрэсій і ягоныя перамовы з беларускім дыктатарам былі не зусім дарэчнымі. Палітыка ЕЗ павінная засноўвацца на еўрапейскіх каштоўнасцях.

Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў Менску заявілі экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, лідэр партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Станіслаў Шушкевіч, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, былы палітвязень, экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч і лідэр Партыі Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі.

Лідэр Партыі БНФ заявіў, што візіт Вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па справах знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі, а таксама заявы аб верагодным уключэнні Беларусі ў праграму «Ўсходняе партнёрства» цалкам не адэкватныя палітычным падзеям, якія адбываюцца ў Беларусі, калі ў краіне з'яўляюцца ўсё новыя і новыя палітвязні, а рэпрэсіі супраць дэмакратаў толькі ўзмацняюцца. Больш за тое, палітык занепакоены, што сутнасць і вынікі перамоваў Хаўера Саланы з Аляксандрам Лукашэнкай дагэтуль не вядомыя грамадскасці.

«Хачу адзначыць, што з самага пачатку Партыя БНФ падтрымала ініцыятыву стварэння праграмы «Ўсходняе партнёрства». Але падзеі апошніх тыдняў, калі ў Беларусь сталі прыязджаць высокія еўрапейскія дэлегацыі, прымусілі нас задумацца. Мы лічым, што перш чым Еўразвяз пачне развіваць адносіны з Беларуссю, у краіне павінныя быць праведзеныя вольныя выбары. Нас вельмі трывожыць тое, на якім фоне адбываецца збліжэнне афіцыйнага Менска з Еўропай. Гэтае з'яўленне новых палітвязняў, брутальныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і АМАПа падчас мірных акцый апазіцыі, арышты і турэмныя зняволенні за беларускую мову. Еўропа не павінная ўключацца ў так званую таемную дыпламатыю, як адбываецца, напрыклад, калі Лукашэнка вядзе перамовы з Пуціным, а народ не ведае, пра што яны размаўляюць. Фон і час, абраныя для такіх ініцыятываў – далёка не аптымальныя», -- заявіў лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

Лявон Баршчэўскі заклікаў еўрапейскіх палітыкаў не спрыяць легітымізацыі дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Ён нагадаў, што ў 1998 годзе Еўропа ўжо спрабавала пасродкам тагачаснага кіраўніка Кансультатыўна-наглядальнай групы АБСЕ Ханса-Георга Віка весці перамовы з беларускімі ўладамі. У выніку ў 1999 годзе ў Беларусі былі выкрадзеныя і забітыя лідэры беларускай апазіцыі Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Юрый Захаранка, а ў 2000-м годзе – журналіст Зміцер Завадскі.

«Я баюся, што неўзабаве пасля цяперашніх «перамоваў» у Беларусі могуць толькі ўзмацніцца палітычныя рэпрэсіі. У краіне з'явілася 5 новых палітвязняў», -- сказаў палітык.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч выказаў здзіўленне, што візіт Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у Беларусь адбыўся, нягледзячы на тое, што афіцыйны Менск не выканаў ні адной з умоваў па дэмакратызацыі краіны.

«Я не разумею, чаму ў Беларусь прыехаў Хаўер Салана. Чаму менавіта зараз забываюць на тыя чатыры ўмовы, якія былі выстаўленыя Беларусі ў Стамбуле яшчэ ў 1999 годзе? Чаму забываюць пра 12 умоваў, высунутых Еўразвязам у 2006 годзе? Ні адна з гэтых умоваў не выкананая. Адных палітвязняў замянілі на іншых. Чаму зараз Хаўер Салана кажа, што не ставіць ніякіх умоваў рэжыму Лукашэнкі? І гэта пасля таго, як «парламенцкія выбары», якія прайшлі, былі сфальсіфікаваныя, БДІПЧ АБСЕ прызнала, што ніякага падліку галасоў не было, пасля таго, як у Беларусі разганяюцца мірныя дэманстрацыі. Палітыка не павінная быць амаральнай», -- упэўнены Станіслаў Шушкевіч.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета нагадаў, неўзабаве павінныя прайсці выбары ў Еўрапарламент і змена кіраўніцтва ЕЗ. Магчыма, апошнія дзеянні еўрачыноўнікаў звязаныя з тым, што яны хочуць прадставіць развіццё адносін з дыктатарскай Беларуссю як поспех сваёй знешняй палітыкі. Станіслаў Шушкевіч перасцерагае еўрапейцаў ад такога кроку.

«Я лічу, што трэба забыцца пра словы Міхаіла Гарбачова, які казаў, што «палітыка – мастацтва магчымага», а ўспомніць словы Вацлава Гавела аб тым, што «палітыка – мастацтва немагчымага». Я за тое, каб еўрапейскія ўлады ўзгадалі, што яны еўрапейцы і праводзілі еўрапейскую палітыку», -- сказаў былы кіраўнік краіны.

Былы палітвязень і экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч адзначыў, што еўрапейскія палітыкі «відавочна памыляюцца адносна беларускага палітычнага жыцця».

«За апошні час Беларусь наведалі вельмі шматлікія высокапастаўленыя чыноўнікі Еўропы. І гэта пры нулявым выніку. Дэмакратызацыя грамадства – нулявы вынік, правы чалавека – нулявы вынік. Як і раней у краіне пануюць беззаконне, запалохванні, прыгнечанне іншадумства, рэпрэсіі. Палітычныя зняволеныя запоўнілі следчыя ізалятары, лёс зніклых палітыкаў Ганчара, Захаранкі, Красоўскага, журналіста Завадскага дагэтуль невядомыя, а ўлады не праводзяць незалежнага расследавання. Да якіх часоў выбарчае заканадаўства Беларусі будзе дазваляць уладам штампаваць «элегантныя» перамогі на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах?

Мне здаецца, калі б гэтыя пытанні абмяркоўваліся паміж Саланай і Лукашэнкай, то госць бы не пакідаў Беларусь з такім аптымізмам. Менавіта кіданні еўрапейскіх чыноўнікаў ад 12 умоваў Еўразвяза паказваюць, што Еўропа ў асобе Саланы знаходзіцца ў памылцы па пытаннях беларускага палітычнага жыцця. На гэтым фоне працягваць падыгрываць Лукашэнку, значыць, закрываць вочы на рэпрэсіі, якія адбываюцца ў краіне сёння. Непамятлівасць высокапастаўленых чыноўнікаў Еўропы аб нелегітымнасці рэжыму Лукашэнкі – амаральная. Еўропа здзяйсняе вялікую памылку. Вельмі хачу верыць, што гэтая палітычная памылка, а не разважлівая стратэгія», -- адзначыў дыпламат.

Былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты краіны Аляксандр Казулін адзначыў, што беларусы чакаюць, што ў іхняе жыццё прыйдуць сапраўдныя еўрапейскія каштоўнасці – свабода выбару, свабода слова, свабода сходаў і асацыяцый.

«Падзеі апошніх тыдняў прымушаюць сур'ёзна задумацца. Вядома, усе грамадзяне Беларусі пыталі сябе, што жа нясе прыезд еўрапейскага чыноўніка Хаўера Саланы? Але, нажаль, усе перамовы праходзілі за зачыненымі дзвярыма. І іхніх вынікаў пакуль не відаць. У нас былі з візітамі дэпутаты Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Хаўер Салана і дэлегацыя Еўрапарламента. Самае цікавае, што «еўрапейскі тыдзень» адбыўся на фоне распачатай хвалі палітычных рэпрэсій.

Узнікае вельмі сур'ёзнае пытанне: якая ж палітыка ў Еўразвяза? Які характар яна носіць: прагматычны або ўсё ж такі прытрымліваецца маралі? Мы чакаем нейкай канкрэтыкі ад наступстваў візіту Саланы. І спадзяемся, што тое, што адбывалася за зачыненымі дзвярыма, усё ж такі рэалізуецца на практыцы. І, у першую чаргу, гэта будзе датычыцца не вузкіх прагматычных інтэрасаў у адносінах Беларусі. А будзе датычыцца сапраўды фундаментальных каштоўнасцяў, якіх пазбаўленыя грамадзяне Беларусі. Па іх, сапраўды кажучы, беларусы ўжо засумавалі. І калі мы жывем у дэмакратычнай краіне, то, вядома ж, нам бы хацелася, каб еўрапейскія каштоўнасці прыходзілі ў нашую краіну. Мы вітаем усе распачатыя працэсы, але хацелася б убачыць іхні пэўны вынік. Сістэмныя, а не сігнальныя змены», -- адзначыў былы палітвязень.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў заявіў, што толькі беларускія дэмакратычныя сілы сёння з'яўляюцца гарантам нармальнага развіцця краіны і пошуку выйсця з крызісу, у якім сёння апынулася Беларусь.

«Я хацеў бы адзначыць, што мэта дэмакратычных сіл – гэта Беларусь у Аб'яднанай Еўропе. Калі б не рэжым Лукашэнкі, мы б зараз не стаялі ў калідоры, чакаючы, ці прымуць нас ва Ўсходняе партнёрства, а былі б ўжо наперадзе Румыніі і Балгарыі. Для нас еўрапейскі вектар – гэта галоўны вектар. Для нас, а не для Лукашэнкі. Менавіта беларускія дэмакраты з'яўляюцца гарантам нармальнага развіцця краіны і пошуку выйсця з крызісу, у якім мы ўсё апынуліся.

Але што ж адбываецца сёння? Нам прапаноўваюць закрыць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі, на ўзмацненне палітычных рэпрэсій і прыняць рэжым Лукашэнкі ва Ўсходняе партнёрства, даць дыктатару магчымасць прадстаўляць нашую краіну на роўных умовах з кіраўнікамі дэмакратычных дзяржаваў. У свой час мы папярэджвалі сваіх сяброў з Расеі аб магчымасці лукашэнізацыі Расеі, і мы бачым, што гэта адбылося. Зараз існуе небяспека лукашэнізацыі Еўропы. Мы павінныя добра разумець тую пагрозу, якую нясуць гульні з апошнім дыктатарскім рэжымам у Еўропе», -- заявіў палітык.

Андрэй Саннікаў асцярог еўрапейскіх палітыкаў ад уключэння Беларусі ў праграму «Ўсходняе партнёрства».

«Давайце зыходзіць з фактаў і ўзгадаем, што адбылося пасля заяваў аб верагоднасці ўключэння Беларусі ва Ўсходняе партнёрства. Лукашэнка падпісаў дамову аб стварэнні адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны з Расейскай Федэрацыяй. Створаныя карныя сілы АДКБ. Рыхтуюцца вайсковыя манеўры - самае маштабнае інтэграванне расейскіх войскаў у Беларусь. Гучаць ясныя заявы Лукашэнкі: «Наш стратэгічны вайсковы партнёр і сябар – гэта Расея». Што адбываецца за «дэмакратызацыя» у краіне, я думаю, усім зразумела - павялічваецца колькасць палітвязняў. Ва ўмовах Усходняга партнёрства ідзе гутарка аб аднолькавасці падыходаў да палітычных і эканамічных пытанняў. Гэта пашырэнне супрацоўніцтва на базе аднолькавых рэформ. Якія могуць быць аднолькавыя рэформы ў дэмакратычнай аб'яднанай Еўропе і ў дыктатарскай Беларусі? Гэта не публіцыстыка, гэта юрыспрудэнцыя!», -- адзначыў Саннікаў.

Тым не менш, лідэр «Еўрапейскай Беларусі» упэўнены, змены ў Беларусі непазбежныя. Галоўнае – салідарнасць беларусаў свету ў барацьбе за свабодную будучыню сваёй краіны.

«Беларусы павінныя дэманстраваць салідарнасць, перш за ўсё, з тымі людзьмі, якія сёння ахвяруюць сваім здароўем, якія знаходзяцца за кратамі з-за сваіх палітычных перакананняў. Мы павінныя таксама звярнуцца да беларусаў усяго свету, каб яны ўсвядомілі тую небяспеку, якая сёння пагражае іх роднай Беларусі. Але хачу адзначыць, што, нягледзячы на ўвесь гэты цяперашні негатыў, дынаміка тых працэсаў, якія адбываюцца як у Беларусі, так і вакол яе, дае падставы казаць, што змены ў Беларусі набліжаюцца. Калі мы будзем рашуча адстойваць нашую годнасць, нашыя правы, нашую незалежнасць, то гэта адбудзецца вельмі хутка», -- упэўнены Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках