15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арыштаваным лідэрам прадпрымальнікаў адмовілі ў абароне

2

Сваякам палітвязняў Юрыя Лявонава, Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі адмовілі выступіць абаронцамі арыштаваных прадпрымальнікаў.

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 беларускі праваабаронца Алег Воўчак, следчы забараніў блізкім сваякам лідэраў прадпрымальнікаў прадстаўляць іх інтэрасы ў якасці абаронцаў.

«Алена Аўтуховіч, Юлія Лявонава і Людміла Асіпенка звярнуліся да следчага Кухарчыка ў сувязі з тым, што са сродкаў масавай інфармацыі сталі паступаць ілжывыя звесткі аб датычнасці арыштаваных прадпрымальнікаў ледзь не да нейкага бандфармавання. У некаторых выданнях з'явілася інфармацыя, што пры ператрусе ў прадпрымальнікаў былі знойдзеныя агнястрэльная зброя і выбухоўка. Хаця ў пратаколах ператруса гэтыя прадметы не зафіксаваныя», -- сказаў юрыст.

Па словах Алега Воўчака, у сувязі з «плынню хлуслівай правакацыйнай інфармацыі» сваякі вырашылі выступіць абаронцамі арыштаваных.

«Для гэтага ў іх былі ўсе падставы – артыкул 44 КПК і артыкул 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Але следчы Кухарчык, спаслаўшыся на гэты ж 44-ы артыкул КПК, адмовіў ім у гэтым праве. Можна сказаць, што тым самым ён перавысіў свае паўнамоцтвы. Следчы спаслаўся, што толькі ў судзе блізкія сваякі маюць права выступаць абаронцамі абвінавачваных. Аднак, гэта яго асабістая інтэрпрэтацыя артыкула 44 КПК. Гэты артыкул не адмяняе права сваякоў выступаць у якасці абаронцаў абвінавачваных на папярэднім этапе следства».

Праваабаронца паведамляе, што сваякі арыштаваных прадпрымальнікаў будуць абскарджваць рашэнне следчага ў гарадзенскай пракуратуры. Падставай для скаргі пракурору, на думку сваякоў, служыць ушчамленне іх права на абарону абвінавачваных.

Адзначым, што з моманту арышту Мікалая Аўтуховича, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі блізкія сваякі ні разу не ўбачылі абвінавачаных. Следчы «справы» не раз адхіляў прашэнне жонак і дзяцей на спатканне з арыштаванымі прадпрымальнікамі, якія ўтрымліваюцца ў менскім СІЗА. У сувязі з тым, што адвакаты далі абяцанне пра нераспаўсюд падрабязнасцяў следства, сваякі фактычна пазбаўленыя інфармацыі аб лёсе іх родных.

Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка.

18 лютага ім было прад'яўлена абвінавачванне ў падпале хаты былога начальніка Ваўкавыскага РАУС. Падпал быў ажыццёўлены 2005 годзе, і вінаватыя ў ім даўно адбываюць пакаранне. Арыштаваным жа прадпрымальнікам пагражае да 12 гадоў турэмнага зняволення.

15 лютага, арыштаваны Юры Лявонаў паступіў у Рэспубліканскі турэмны шпіталь на Кальварыйскай, 36, з дыягназам «камяні ў нырках».

Адзначым, што Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання ім была змененая на абмежаванне волі. 10 лютага гэтага года ў Ваўкавыску павінна было прайсці судовае слуханне па ўмоўна-датэрміновым вызваленні Мікалая Аўтуховіча.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках