15 лiстапада 2024, Пятніца, 11:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Халезін: «Тыя, хто кіруе зараз, усё зразумеюць, калі страцяць уладу»

6

У любы момант у Беларусі ўсё можа кардынальна змяніцца, перакананы вядомы драматург і журналіст.

Інтэрв'ю ў журналіста, драматурга, кіраўніка «Свабоднага тэатра» Мікалая Халезіна ўзяў журналіст Аляксандр Тамковіч для сваёй кнігі «Будзіцелі».

Мікалай Халезін стварыў «Свабодны тэатр» 30 сакавіка 2005 года. Сёння ў ім працуюць 23 чалавекі. 10 снежня 2007 года тэатр атрымаў прэмію Французскай Рэспублікі. А 13 красавiка 2008 ў Салоніках ім уручылі прэмію «Еўропа — тэатру».

— Пачну з біяграфіі. Нарадзіўся 30 сакавіка 1964 года ў Мінску. Скончыў сярэднюю школу №93. Маці, Галіна Андрэеўна, працавала ў штабе ваенна-паветраных сіл. Бацька, Мікалай Пятровіч, спявак беларускай філармоніі, таму ўсё дзяцінства я правёў у гастролях. Выхоўвалі мяне ў асноўным музыкі.

Няблага маляваў. Вайсковую службу праходзіў у Лідзе, у «авіяцыі», у Першай гвардзейскай дывізіі знішчальнікаў-бамбардыроўшчыкаў. Пасля службы паступіў у наргас на ўліковы факультэт. Адвучыўся там два з паловай гады, мне «хапіла». Зразумеў, што я не бухгалтар. Спачатку пайшоў працаваць на завод, але даволі хутка пачаў займацца іншым. Гэта і відэаздымкі, і аўдыёзапісы, адчуў усе вабноты кааператыўнага жыцця.

Якія?

— Пачынаючы ад першага вопыту гандлю аўдыёкасетамі, сканчаючы звычайным рэкетам.

Грошы «вышыбаў»?

— Наадварот. З мяне. Гэта вельмі непрыемныя моманты перабудовы, якія былі тады тыповымі.

А потым з Вітасам Грыгалюнасам і Леанідам Дзенірынштэйнам стварылі Альтэрнатыўны тэатр, дзе я адкрыў асабістую карцінную галерэю. Затым яна стала існаваць асобна, а потым на яе аснове быў створаны Цэнтр сучаснага мастацтва. Затым надыйшоў 1994 год, і ўсё памерла.

Пётр Марцаў запрасіў мяне папрацаваць у журналістыцы.

Газета «Имя»?

— Тады яна толькі-толькі пачыналася і была цалкам рэкламнай. Першы нумар быў амаль правальным. Як кажуць, быў выбраны «не той фармат».

Сышоў з яе перад самым закрыццём. Потым рабіў газеты «Навіны», «Наша свабода». Усе яны былі зачыненыя. Як толькі сацыялагічныя даследаванні паказвалі павелічэнне колькасці чытачоў, адразу ж прымаліся меры па знішчэнні выдання.

Пасля займаўся палітычным маркетынгам і кансалтынгам.

Мабыць, нешта вельмі разумнае?

— У нас гэта называюць палітычным піярам альбо паліттэхналогіямі, хаця ва ўсім свеце гэта рэчы зусім іншыя. Паліткансалтынг па сутнасці азначае такі від кансультавання палітыкаў, калі палітыкай ты не займаешся сам.

Акрамя гэтага, была палітычна-грамадская дзейнасць. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні грамадска-палітычных мерапрыемстваў. Напрыклад, два «Маршы Свабоды», усе акцыі карпаратыўнай салідарнасці журналістаў.

Добра памятаю «паласатыя робы» і тое, як Славамір Адамовіч зашыў сабе рот. На жаль, менавіта салідарнасці журналістам часцей за ўсё і не хапае.

— Тады было прасцей, таму што гэта не ў чыстым выглядзе палітыка. Акцыі былі эмацыйнымі і, можна сказаць, больш эпатажнымі. А галоўнае, адразу зразумела, хто і супраць чаго выступае.

Працягнем біяграфію...

— Напісаў адну п’есу, потым другую. Яна атрымала вельмі шмат прызоў на розных тэатральных фэстах. Над ёй пачаў працаваць МХАТ імя Чэхава, а дакладней Алег Паўлавіч Табакоў. Прычым яны даволі жорстка канкурыравалі з Меншыкавым. Словам, пачалася мая тэатральная кар’ера.

У 2005 годзе з жонкай Наталляй Калядой мы арганізавалі «Свабодны тэатр». З гэтага моманту можна лічыць, што маё жыццё пайшло толькі ў такім накірунку. Заняткі тэатрам захопліваюць амаль на 100%. Толькі час ад часу я займаюся грамадска-палітычнай дзейнасцю, а журналістыку абмежаваў толькі асабістым блогам і інтэрв’ю для прэсы.

Прапаную вярнуцца менавіта да журналістыкі. Пачнем з «Тадж-Махала»?

— У «Имени» графічна я рабіў амаль усё, што датычылася канцэпцыі газеты. Рубрыкацыя, новыя крэатыўныя ідэі. І, натуральна, кожны тыдзень на апошняй старонцы быў «Тадж-Махал». Гэта дызайнерскі кампутарны праект, сутнасць якога ў неардынарных падыходах. Напрыклад, мы бралі нешта вельмі вядомае (карціну альбо фотаздымак) і «адаптавалі» да сучаснай палітычнай сітуацыі.

Кожны тыдзень у краіне адбываліся нейкія падзеі. Мы вылучалі адну з самых важных, і я ствараў чорна-белы газетны постэр. Фармат А3, апошняя старонка. Менавіта з яе амаль усе і пачыналі чытаць.

Памятаю, памятаю...

— Гэта было першае адраджэнне эстэтыкі калажу. У Беларусі ён не культываваўся ніколі, ды і ў Расіі толькі ў 20-30 гады мінулага стагоддзя. Невыпадкова, прынцып стварэння «Тадж-Махала» потым «узялі» даволі многія расейскія газеты. Дарэчы, газета «Имя» там была вельмі папулярнай, як правільны ўзор газетнай структуры, бо ў сваю чаргу таксама стваралася па лепшым заходніх узорах.

Было шмат гісторый, якія спадарожнічалі гэтаму праекту.

Якія?

— Пачыналася з выклікаў да Генеральнага пракурора Беларусі і спробаў завесці крымінальныя справы, якія мы заўсёды выйгравалі. Адбываліся і сапраўды кур’ёзныя сітуацыі. Напрыклад, такая. Калі выйшаў калаж «З’яўленне герба народу», прысвечаны рэферэндуму 1995 года (за аснову ўзятая вядомая карціна). Прэзідэнт, зразумела, «быў» Іаанам Хрысціцелем. Памятаеце вучняў на беразе Іардана? З дапамогай камп’ютара замест іх твараў я зрабіў твары вядомых апазіцыянераў і супрацоўнікаў прэзідэнцкай адміністрацыі. Размяшчэнне ў іх было розным. Нехта знаходзіўся ў вадзе, хтосьці стаяў на беразе. Глядзелі яны ў розныя бакі. Атрымалася так, што Леанід Сініцын, які тады кіраваў адміністрацыяй, глядзеў на раку.

Заўсёды газета выходзіла па серадах, і ў гэты ж дзень звычайна праходзілі нарады ў прэзідэнта. Традыцыйна ў каго-небудзь знаходзіўся свежы нумар і яны яго абмяркоўвалі. Так было і ў той раз. Распавядалі, Аляксандр Лукашэнка пачаў рагатаць, а з ім і ўсе, бо, як вядома, у нас заўсёды чэлядзь смяецца разам з панам. Раптам ён спыніўся і абсалютна сур’ёзна кажа: «Лёня, а ты чаго ад герба адвярнуўся?» Паўза. Цішыня. Мабыць, непрыемны асадак такі застаўся.

Другі цікавы момант. Я зрабіў кампутарную графіку — плот з дошак і на ім абвестка: «Запушчу заводы, зніжу сабекошт, буду жыць прыпяваючы» і сапраўдны тэлефон адміністрацыі прэзідэнта. Дэпутаты сядзелі ў сваім буфеце. Андрэй Клімаў (яшчэ перад арыштам) дастаў адзін з першых у краіне «мабільнікаў» і патэлефанаваў. Адказала нейкая сакратарка. Ён спытаў пра спецыялістаў па «запуску заводаў і паніжэнні сабекошту» і пачуўшы «у нас такіх няма» адключыўся. А потым на ўвесь буфет зрабіў заяву: «Фігня! Няма ў іх такіх спецыялістаў».

Усялякіх «прыколаў» было шмат. Некаторыя і сёння паказваюць мне пажаўцелыя постэры тых часоў. Па сённяшні дзень шкада праект, бо ён пакідаў поле смешнага, якое ва ўмовах жорсткага рэжыму проста неабходна.

І як тады палітыкі ставіліся да такога гумару?

— Па-рознаму. Напрыклад, Вячаслава Францавіча Кебіча (вядомы парык з косамі) навучыла ставіцца спакойна да гумару само жыццё. Калі ён быў прэм’ерам, дык рэагаваў вельмі нервова, а калі зваліўся з палітычнага алімпу, неаднаразова прызнаваў, што націск на прэсу быў з яго боку памылкай. Напрыклад, калі ў чарговы раз арыштавалі наш разліковы рахунак, ён даў такі каментар: «Глупства змагацца з прэсай. Я шмат гадоў ганяў па ўсёй Беларусі газету «Свабода», а яны ўрэшце так і засталіся жыць». Лепшага прызнання абсурднасці барацьбы з друкаваным словам і знайсці цяжка.

Тыя палітыкі, што ўжо пабывалі ва ўладзе, гэта вельмі добра зразумелі. А тыя, хто кіруе зараз, усё зразумеюць, калі страцяць уладу. Гэта закон для ўсіх посткамуністычных краінаў. Любыя граблі трэба праверыць асабіста. Спачатку яны праколюць нагу, потым дадуць па ілбе, і ты страціш прытомнасць. І толькі пасля гэтага зразумееш, што на граблі наступаць было нельга. Пагадзіся, значна прасцей было б паверыць тым, хто ўжо такі «вопыт» мае.

А далей давай звернем увагу толькі на тое, чым ты займаешся сёння?

— Калі быў створаны тэатр, усе разумелі, што працаваць свабодна нам ніхто не дасць, бо ён не меў ніякіх дачыненняў з дзяржавай. Агульнае толькі тое, што мы знаходзімся ў адной краіне. У Беларусі падобны тэатр адзіны. Нават калі нехта не атрымлівае дзяржаўных датацыяў, ён працуе ў памяшканнях, якія належаць дзяржаве. І гэта ўжо элемент націску, рычаг, якім можна карыстацца. У нас нічога такога не было, і ўжо з першага спектакля сваёй непадкантрольнасцю мы пачалі раздражняць уладу, хаця яна ўвогуле не разумела,чым мы займаемся.

Пачыналася ўсё як конкурс сучаснай драматургіі.

У выглядзе конкурсу мы праіснавалі толькі два месяцы. Планавалі стварыць тэатр толькі недзе праз год, але прыйшоў рэжысёр Уладзiмір Шчэрбань, і быў уключаны «фарсаж». Тэатр і конкурс сталі існаваць паралельна.

На сённяшні дзень ужо адбылося цэлых тры конкурсы. У апошнім прымалі ўдзел 273 п’есы з 16 краінаў свету. І ён увайшоў у тройку вядучых конкурсаў Усходняй Еўропы. Першы спектакль быў па п’есе Сары Кейн «Псіхоз 4:48», дзе гутарка ідзе аб праблемах выбару жанчыны паміж гетэра- і гомасексуальнымі пачаткамі, суіцыдальнымі думкамі і любоўю да жыцця. Гэта маналог самой драматургесы. Яна яго напісала і скончыла жыццё самагубствам роўна ў 4:48 раніцы. Па сутнасці, гэта перадсмяротны маналог.

Натуральна, што ніякай палітыкі там не было і блізка. Спектакль выйшаў. Пра яго вельмі добра напісала газета «Тайм», вядомы Том Стопард у «Гардыян», які завітаў да нас у госці. І яго забаранілі.

Наступным быў «Самаідэнтыфікацыя». Мы папрасілі беларускіх драматургаў напісаць кароткія навэлы. Спектакль таксама быў паспяховым, і яго таксама забаранілі, таму што там у адной з навэлаў ёсць маналогі будаўнікоў Нацыянальнай бібліятэкі. Аўтар сам працаваў на будаўніцтве і запісваў на дыктафон гутаркі. Мы далі ўсё, абсалютна без купюраў. З лаянкай рабочых бытовак. Атрымалася, што «алмаз ведаў» будавалі нейкія алкаголікі і дармаеды. Зала літаральна рагатала, бо добра бачыла ўсе кантрасты нашага жыцця. Зразумела, што чытаць кнігі там амаль не будуць, галоўнае, каб стаяў будынак.

Потым быў абсалютна нелегальны спектакль. Паставілі яго па п’есе расіянкі Наталлі Моршынай «Тэхніка дыхання ў безпаветранай прасторы». Мабыць, нехта ўбачыў у ім беларускія аналогіі, хаця гутарка там пра дзяўчынку, якае памірае ад раку ў хоспісе.

Прэм’ера павінна была адбыцца ў адным з клубаў, але туды патэлефанавалі і прыгразілі закрыццём. Людзей прыйшло вельмі шмат. Тады адзін з нашых сяброў прапанаваў сваю вялікую кватэру. Проста там адыгралі два спектаклі запар. Адны чакалі на лесвічнай пляцоўцы, іншыя глядзелі. А потым мяняліся месцамі.

Так мы цалкам выпалі з легальнага поля. З таго часу ў клубы нас пускаць перасталі.

Больш за тое, два клубы з-за нас пазбавілі ліцэнзіяў.

Адбылося як бы раздваенне сітуацыі. З аднаго боку, мы былі абсалютна нелегальныя тут, з другога — як снежны ком, расла папулярнасць на Захадзе.

Аўтарскі каментар:

Сумны факт. «Свабодны тэатр» стаў адзіным у свеце, які трапіў у міліцэйскі пастарунак разам з гледачамі. Сумна, і таму яны не будуць прэтэндэнтамі на запіс у Кнізе рэкордаў Гінеса. Як вядома, многія ўспрымаюць любы тэатр як нейкае прытворства. Толькі не зусім зразумела — яно на сцэне ці вакол нас?

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках