15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошты на рынках «адкруціць» не атрымліваецца (Фота)

33

Прадукты ў краіне штодня даражэюць. Беларуская жа палітыка паніжэння коштаў -- продаж сапсаванай садавіны.

Не гледзячы на паведамленні аб прадуктах, што таннеюць, якія з’явіліся ў прэсе, кошты і не збіраліся зніжацца. Нядаўна беларускія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю аб падзенні коштаў на садавіну і гародніну. Прэс-цэнтр Хартыі’97 правёў сваю ўласную праверку на прадмет харчовай «таннасці».

Пасля новага года гандлёвыя шэрагі на Камароўскім рынку значна зрадзелі. З-за праведзенай уладамі рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля на 20,5% імкліва выраслі кошты. У той жа час пакупальніцкая здольнасць насельніцтва ўпала, бо заробкі беларусаў пасля «абвалу» рубля паменшыліся на тыя ж 20,5%. Паступова кошты на рынках і ў крамах зраўняліся, і прадукты сталі ўсюды вельмі дарагімі. Рынкі пачалі пусцець. З аднаго боку, таму што прадукты на іх ужо не па кішэні збяднелым беларусам. З іншага боку, масавыя праверкі з боку дзяржкантролю, які адміністрацыйна спрабуе «адкруціць» кошты назад, прымусілі частку прадпрымальнікаў закрыць свае гандлёвыя кропкі. Працаваць сабе ў страту ніхто не хоча.

«Чаму мы павінныя зніжаць кошты? – Падзяліўся з карэспандэнтам Хартыі’97 прадпрымальнік Рустам. – Наадварот, хочам ставіць даражэй, але гандаль не ідзе. Тавар бярэцца за даляр, прадаецца за «зайчыкі». У выніку мы маем толькі 13% прыбытку. Знізілася пакупальніцкая здольнасць. Гэта жудасна, вядома. Напэўна, будзем зачыняцца».

Танная садавіна сапраўды існуе. На Камароўскім рынку можна купіць мандарыны за 4 тысячы рублёў. Але за іх якасць ніхто не будзе адказваць. Можна купіць мандарыны і таго танней – за 2 000 рублёў. Аднак кошт прывабны толькі да таго часу, пакуль пакупнік не перавядзе свой погляд з цэнніка на тавар. Жухлыя набраклыя мандарыны, вядома, можна паспрабаваць… Праўда потым за сваю эканомію, хутчэй за ўсё, прыйдзецца паплаціцца харчовым атручваннем і бальнічнай койкай.

Вось на прылаўку разпаўзлася хурма «Каралёк». Расчырванелая на марозе прадаўшчыца не прапаноўвае паспрабаваць. Ды і навошта, калі кошт хурмы – усяго 2 500 рублёў.

«Мандарыны, якія прадавалі па 4 000 рублёў, – растлумачыў Хартыі’97 камароўскі прадпрымальнік, – увозілі яшчэ да новага года. Гэты тавар нельга было трымаць – псуецца. А новая партыя, якая зараз паступае, будзе даражэй. Мандарыны будуць каштаваць як мінімум 5 500 рублёў. Што датычыцца хурмы, ейны сезон проста скончваецца. Новыя партыі не паступаюць, апошнія – былі ў лістападзе. Таму так танна і прадавалі».

Некаторыя гандлёвыя кропкі Камароўскага рынка пасля дэвальвацыі беларускага рубля былі вымушаныя перагледзець свой асартымент.

«Калі раней у крытым рынку мы гандлявалі дарагім эксклюзіўным таварам, то зараз сталі браць і таннейшыя прадукты – прызнаецца прадаўшчыца. – На дарагую садавіну няма попыту».

Аднак у цэлым, садавіна і гародніна не патаннелі.

Яблыкі грушавыя – 2 800.

Апельсіны – 5 000.

Хурма – 5 500.

Мандарыны – 5 500.

Памідоры – 8 700 – 10 000

Гранат – 10 000 – 12 000.

Вінаград – 13 000 – 20 000.

Наадварот, з кожным днём кошты не прадукты харчавання працягваюць расці. Гэта адзначаюць не толькі пакупнікі, але і самі прадаўцы.

«Кілбасы паступова даражэюць, – распавяла нам прадаўшчыца кілбасных вырабаў Камароўскага рынка. – Купляюць мала. У асноўным, бяруць танныя менскія кілбасы. Я на адсотку сяджу. За студзень зарабіла 250 тысяч рублёў. Няўжо гэта нармальна?»

Доктарская кілбаса на Камароўскім рынку ў сярэднім каштуе 14 800 рублёў. Сыравэнджаная – ад 25 да 40 тысяч. Дарэчы, такія жа кошты на кілбаснную прадукцыю прадстаўленыя і ў крамах.

Інфармацыя, якая з’явілася ў прэсе, аб тым, што патаннела рыба, таксама далёкая ад рэчаіснасці. Рыба не патаннела, а наадварот падаражэла. Свежамарожаная скумбрыя на Камароўскім рынку каштуе 16 500 рублёў. Ласось – 17 тысяч. Гарбуша – 11 500 рублёў. Сёмга – 40 тысяч. У спецыялізаваных крамах рыба каштуе танней.

Не гледзячы на відавочны факт падаражэння прадуктаў, афіцыйная пазіцыя ўладаў застаецца ранейшай – кошты падаюць. Падобна, улады вырашыла накарміць беларусаў гнілымі мандарынамі.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках