27 снежня 2024, Пятніца, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэальная колькасць беспрацоўных у Беларусі можа перавысіць мільён чалавек

11

Усё больш інфармацыі з'яўляецца пра масавыя скарачэнні на беларускіх прадпрыемствах.

Спад прамысловай вытворчасці ў Беларусі непазбежна прывядзе да павелічэння колькасьці беспрацоўных, заяўляюць у інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» незалежныя эксперты.

Мінімізацыя выдаткаў

У лістападзе 2008 года, у параўнанні з кастрычнікам, змяншэнне аб'ёмаў вытворчасці ў цэлым па краіне склала амаль 14 адсоткаў. А ў снежні аб'ем вытворчасці знізіўся яшчэ на 7 адсоткаў.

Такая тэндэнцыя прывяла кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў да думак пра мінімізацыю вытворчых выдаткаў. У прыватнасці, да ідэяў пра скарачэнне персанала.

Аднак Лукашэнка ўвёў персанальную адказнасць начальнікаў за звальненне падначаленых, таму афіцыйна росту беспрацоўя ў краіне не назіраецца. Паводле дадзеных Міністэрства працы і сацабароны, у студзені 2009 года ўзровень беспрацоўя склаў усяго 0,8 адсоткаў ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Прастоі ёсць, беспрацоўных не бачна

Цікава, што пры такіх дадзеных пра узровень беспрацоўных у Беларусі інфармацыя пра скарачэнне працоўнай занятасці працаўнікоў на прадпрыемствах у СМІ з'яўляецца ўсё часцей. Па спецыяльных графіках працуюць супрацоўнікі гарадзенскага аб'яднання "Хімвалакно". Дыскамфорт з працоўным часам адчуваюць на бабруйскай "Белшыне", і нават на Беларускай чыгунцы рэкамендуецца штомесяц адпраўляць супрацоўнікаў хаця б на дзень у адпачынак за свой кошт.

Але пра яўнае скарачэнне персанала ніхто не паведамляе. Да прыкладу, на менскім прадпрыемстве "Мотавела", якое прастойвала ў апошні час, заявілі, што там часовыя цяжкасці ўжо пераадоленыя. Ці паменшылася ў сувязі з прастоем колькасць працаўнікоў прадпрыемства, высветліць так і не атрымалася.

Чароўнае слова "аптымізацыя"

Паводле словаў аднаго з лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху краіны Аляксандра Бухвостава, на прамыя звальненні супрацоўнікаў зараз практычна ніхто з наймальнікаў не ідзе.

"У Беларусі ўся сістэма кантрактная - разрываецца кантракт, і з працаўніком спыняюцца працоўныя адносіны", - кажа Бухвостаў.

Паводле яго словаў, такога роду звальненні адбываюцца з нявыплатай кампенсацыі. "Бязлітаснасць гэтай сістэмы з пункту гледжання працоўнага ў тым, што калі цябе звальняюць пасля заканчэння кантракту, табе нічога не выплачваюць", - падкрэслівае прафсаюзны дзеяч.

Акрамя таго, паводле словаў Аляксандра Бухвостова, адміністрацыя некаторых прадпрыемстваў звяртаецца да так званай змены штатных структураў. "Да прыкладу, чалавек працаваў інжынерам-тэхнолагам, а яго пераводзяць на пагрузачна-разгрузачныя працы нейкім грузчыкам. Гэта называецца аптымізацыя колькасці", - тлумачыць эксперт. Паводле яго словаў, калі чалавек не згодны з такой "аптымізацыяй", ён можа звольніцца па ўласным жаданні таксама без выходнай дапамогі.

Схаваны рост беспрацоўя

Механізмаў сыходу ад прамых звальненняў і скарачэнняў у працадаўцаў хапае. Тым больш што прадпрыемстваў, якія не могуць па прыкладзе "Мотавела" "пераадолець цяжкасці, якія ўзнікаюць", становіцца ўсё больш. Але гэтыя цяжкасці не палохаюць афіцыйную статыстыку, якая ўлічвае толькі зарэгістраваных беспрацоўных. А рэгістравацца на біржы працы людзі не спяшаюцца.

"У Беларусі вельмі нізкая дапамога па беспрацоўі, але вялікія патрабаванні да таго, што чалавек за гэта павінен выконваць нейкія грамадскія працы. Таму людзі не заўсёды становяцца на ўлік. А паколькі не становяцца на ўлік, дык іх ніхто не лічыць", - тлумачыць Аляксандр Бухвостаў.

У афіцыйныя дадзеныя пра колькасць беспрацоўных не трапляць таксама беларускія гастарбайтэры, якія, паводле звестак Бухвостава, зараз пачалі масава вяртацца дадому з суседняй Расеі, дзе з працай узнікла яшчэ большая напружанасць. Па розных ацэнках, колькасць гастарбайтэраў-беларусаў даходзіць да мільёна чалавек.

У цэлым жа, на погляд прафсаюзнага лідэра, у сувязі з эканамічным крызісам неафіцыйны рост беспрацоўя ў Беларусі можа дасягнуць 12-15 адсоткаў. У тым, што беспрацоўе будзе расці, упэўнены і незалежны эканаміст Міхаіл Залескі. Паводле яго словаў, супрацьстаяць гэтай з'яве Беларусь не зможа, бо ў краіне няма крыніцаў для фарміравання сістэмаў прафесійнай перакваліфікацыі, матэрыяльнай падтрымкі і пастаяннай адукацыі дарослых.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках