28 снежня 2024, Субота, 17:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў чакаюць затрымкі зарплаты і рэзкае зніжэнне даходаў

12

У беларускіх уладаў у гэтым годзе не атрымаецца захаваць абяцаны рост зарплат.

МВФ рэкамендаваў беларускім уладам абмежаваць рост зарплаты на дзяржпрадпрыемствах у бягучым годзе 5-цю адсоткамі. Гэта значыць, што не будзе сёлета ні абяцанага росту рэальных даходаў на 14-15%, ні, падобна, 550 даляраў да канца года (хіба толькі дэвальвацыя дапаможа).

А як жа ў тым годзе ўсё добра пачыналася. «На канец пяцігодкі нам трэба зарабатную плату давесці, баюся казаць, але да 700 даляраў. Нікуды не падзенемся. Трэба 700 даляраў сярэднюю зарплату па краіне. Тады мы зможам утрымаць стабільнасць у нашым грамадстве», - казаў у красавіку Аляксандр Лукашэнка ў штогадовым пасланні да народа і «парламента».

Гэтыя ж 700 даляраў да канца 2010 ужо ўлетку агучыў першы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка падчас сустрэчы чальцоў урада з дэпутатамі і сенатарамі. У 2009 годзе памер сярэдняй зарабатнай платы ў цэлым па народнай гаспадарцы павінен скласці 590 даляраў, а ў бюджэтнай сферы - 550 даляраў. Забяспечыць прырост рэальных даходаў насельніцтва на ўзроўні 14-15% урад збіраўся за кошт прагназаванага росту ВУП на 10-12%. «Гэта не самамэта, гэты сродак для дасягнення такой задачы», - адзначаў У.Сямашка.

І нікога ва ўрадзе не збянтэжыла, што чаканы рост зарплаты зноў, як і ў апошнія гады (за выключэннем 2008 года), вышэй за прагназаваны рост вытворчасці. Хоць усё ведалі, што рост зарплатаў не быў эканамічна абумоўлены, нагадваюць «Беларускія навіны».

«Абяцаны рост зарплатаў быў нейкай папулісцкай мерай па эканамічным стымуляванні. Але наш аб'ём дабрабыту быў вышэй, чым гэта дапускала эканоміка. Плюс насельніцтва сур'ёзна пагналася за крэдытамі, гэта значыць за незаробленымі даходамі. У выніку неапраўданым спажываннем мы ўнеслі свае пяць капеек у сусветны крызіс. Таму з эканамічнага пункта гледжання МВФ робіць цалкам слушна», - перакананы эканаміст Аляксандр Патупа.

Трывожныя званочкі пра тое, што рост зарплатаў будзе прыціснуты ўрадавым чаравіком, прагучалі яшчэ ў снежні. Пастановай Савета міністраў з 1 снежня 2008 года тарыфная стаўка першага разраду, якая ужываецца для разліку аплаты працы ў бюджэтных арганізацыях, была зменшаная на 15,4% і склала 77 тыс. рублёў. Хаця яшчэ ў лістападзе тарыфная стаўка была падвышаная з 73 тыс. рублёў да 91 тыс. рублёў.

«Ёсць праблемы з пункту гледжання захавання высокіх тэмпаў эканамічнага развіцця. Нам важна захаваць стабільнасць развіцця эканомікі. Магчыма, не такімі высокімі тэмпамі, але без рэцэсіі», - патлумачыў прычыны такой ракіроўкі намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур.

Адказваючы на пытанне, ці звязана рашэнне ўрада пра зніжэнне тарыфнай стаўкі першага разраду з рэкамендацыямі МВФ, А.Тур сказаў: «У перамовах з МВФ абмяркоўвалася не толькі дынаміка зарплаты, але і цэлы комплекс мераў. Я думаю, што іх рэкамендацыі па зніжэнні зарплаты былі не самай ключавой праблемай».

Цяпер пазіцыя Міжнароднага валютнага фонду агучаная афіцыйна і канкрэтна. Дарэчы, па ацэнках МВФ, рост ВУП Беларусі рэзка скароціцца: з 10% у 2008 годзе да 1,4% у 2009 годзе. Так што рост зарплаты ў бюджэтнай сферы на 5% выглядае вялікім падарункам.

Хоць у рэальнасці - гэта мізер для беларусаў, якія прызвычаіліся атрымліваць больш адчувальныя прыбаўленні да зарплаты. Калі ў 2007 годзе бюджэтнікі разбагацелі ў параўнанні з 2006-м дзесьці на 14%, дык ў 2008-м у параўнанні з 2007-м - ужо на 16,8%.

Сёлета магчымасць падвышэння зарплаты ў бюджэтнай сферы будзе разглядацца ўрадам «з улікам фінансавых магчымасцяў дзяржавы, дынамікі паступлення грашовых сродкаў у бюджэт, а таксама выканання прагнозных макраэканамічных паказчыкаў». Але, здаецца, вялікіх прыбаўленняў не прадбачыцца.

«Захаваць абяцаны рост зарплатаў не атрымаецца - і гэта факт, - лічыць Аляксандр Патупа. - Але, на мой погляд, зараз прынцыповае значэнне з пункту гледжання папулізму і падтрымання аўтарытэту ўлады ў вачах электарата мае рэгулярнасць выплатаў. Адсутнасць затрымак па выплатах зарплатаў, пенсіяў - гэта таксама быў істотны беларускі козыр. У гэтым сэнсе на фоне Расеі і Украіны Беларусь адрознівалася ў лепшы бок.

Але цяпер козыр пастаўлены пад удар з-за нерэнтабельнай вытворчасці і загружанасці складоў. Тавараў вырабілі на год наперад. Гэта значыць можна 12 месяцаў не працаваць, а распрадаваць прадукцыю. Хоць з улікам звужэння рынкаў - гэта занадта праблематычна. У выніку - зніжэнне зарплатаў і затрымкі па яе выплаце».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках