29 снежня 2024, Нядзеля, 12:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці зніклага генерала Захаранкі: «Скралі сына, няма Красоўскага, Завадскага, Ганчара…»

9

Сёння, 6 лютага, Ўльяне Рыгораўне, маці выкрадзена ў Беларусі былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі, споўнілася 85 гадоў. Напярэдадні юбілею яна дала інтэрв’ю «Народнай Воле».

«Я думаю, што дажываю апошнія дзянькі. «Хуткая» да мяне прыязджае і ноччу, і днём. Колькі я ляжу ў бальніцы -- мне ўжо нічога не дапамагае. Сэрца спыняецца… Я нават не ведаю, пераначую ці не пераначую. Вельмі мне дрэнна. Дый дні такія падыходзяць… 7 лютага, якраз пасля майго дня нараджэння, сынок старэйшы -- Валодзя -- памёр. А 10 лютага муж адправіўся на той свет. І ўсё адно да аднаго. Як перажыць гэтыя дні?» - адразу скрозь слёзы вымавіла маці зніклага генерала.

«Дый Юры няма. Я дзень і ноч плачу, чакаючы яго. Паспрабуйце дзесяць гадоў без адпачынку, без радасці ў такім настроі… Сама не ведаю, як працягнула столькі, як вытрывала…

Добра, што ў хаце ёсць тэлефон. Калі ціск паднімаецца, дык хоць «хуткую» выклікаць магу. На мінулым тыдні сэрца з грудзей проста выскоквала -- мне нават не маглі памераць ціск. Думала, што прыйшоў мой канец. Дактары, між іншым, так і сказалі: яшчэ б крыху -- і сэрца разарвалася б… Прапаноўвалі класціся ў бальніцу, але я не хачу -- толькі-толькі ж адтуль выпісалася… Прашу: прыедзьце, укаліце мяне дома. Яны прыязджаюць», - кажа спадарыня Ўльяна.

Нягледзячы ні на што, жанчына працягвае чакаць сына.

«Я не магу зразумець, чаму з Юрам так здарылася… Мы ж нідзе нічога не кралі. Нічога ў яго не было -- ні катэджаў, ні іншага. І трэба ж было яму так пакутаваць…

Але я яго чакаю. Нягледзячы ні на што. І ў царкве памінаю яго за здароўе, а не за спачын. Мне бацюшка так сказаў: пакуль не дадуць вам дакладнай інфармацыі аб тым, што сын памёр, ні ў якім разе не стаўце свечку за спачын. Дый жонка Юрына, Вольга, падчас кажа: калі суд такі працяглы час адмаўляецца прызнаць яго мёртвым, можа, ён жывы?», - спадзяецца Ульяна Захаранка.

З прычыны слабога здароўя Ульяна Захаранка ня можа наведаць сваіх родных у Нямеччыне.

«Унучка з Германіі звоніць мне рэгулярна, клапоціцца. Кажа: калі вы, не дай Бог, памраце, мы ж застанемся зусім адні -- ніякай радні ў нас больш няма… А я да іх паехаць не магу. Бо нават не выходжу за вароты -- мяне ногі ледзь носяць, толькі па хаце ціхенька перасоўваюся… Хаця, калі адпусціць, я і есці згатую, і траву на двары папалю…

А я ж усё жыццё працавала. Дома ўставала ў тры гадзіны раніцы, карміла парасят. Хлопцы заўсёды па гаспадарцы мне дапамагалі. І мяшкі цягалі, і капалі… Яны ў мяне такія добрыя былі, такія прыгожыя, такія моцныя -- як арлы. Усе зайздросцілі на маіх сыноў. І вось бачыце, як атрымалася -- засталася зусім адна. А гэта так цяжка, словамі не перадаць… Хай бы лепш я памерла, а сыночкі мае жылі…», - кажа яна.

Генерал Захаранка знік за два дні пасля таго, як абяцаў прыехаць да маці.

«Юра ж абяцаў прыехаць да мяне. А праз два дні яго скралі… Няма яго. Няма Красоўскага, Завадскага, Ганчара. Не дай Бог яшчэ каму перажыць тое, што выпала на долю нашых сямей… Вельмі цяжка… У суседкі таксама гора: памерлі і муж, і сын, і дачка. Мы наплачамся з ёй разам, а потым яна кажа: а давай ужо не будзем больш плакаць. Але ж слёзы самі коцяцца…», - зазначае Ўльяна Рыгораўна.

У траўні гэтага года споўніцца 10 гадоў, як па дарозе дадому быў гвалтоўна выкрадзены Юрый Захаранка. У датычнасці да яго знікнення і выкраданьня іншых лідэраў апазіцыі і журналіста міжнародная супольнасць падазрае вышэйшыя службовыя асобы Беларусі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках