16 лiстапада 2024, Субота, 2:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія турфірмы на мяжы банкруцтва

8

Зьмяншэньне колькасьці аўтобусных рэйсаў у Расею і Ўкраіну, а таксама замоваў на экскурсійныя выправы па Беларусі -- праблемы, зь якімі ўжо сутыкнуліся прыватныя турыстычныя фірмы Беларусі.

Супрацоўнікі некаторых зь магілеўскіх турфірм заяўляюць пра небясьпеку банкруцтва, калі цягам году сытуацыя на рынку турыстычных паслугаў у рэгіёне застанецца гэткай жа крытычнай.

Пра зьмяншэньне больш чым у два разы пасажырапатоку ў маскоўскім напрамку «Радыё Свабодзе» паведамілі ў адной з бабруйскіх турыстычных фірмаў.

«Мы ў дзень пяць, шэсьць год запар адпраўлялі дзесяць аўтобусаў. Цяпер жа адправілі толькі чатыры. Гэта зьвязана з тым, што ў той жа Маскве прыпыненыя працы на шмат якіх будаўнічых аб’ектах. У нас жа шмат людзей выяжджае на працу туды. Пасажырапаток упаў менавіта з гэтай прычыны», -- зазначае супрацоўніца бабруйскай турыстычнай фірмы Тацяна.

З падобнымі праблемамі сутыкаюцца й магілёўскія турыстычныя фірмы.

«Менш стала насельніцтва карыстацца турыстычным абслугоўваньнем, -- апавяла супрацоўніца адной зь мясцовых турфірмаў Аксана.-- Менш стала езьдзіць адпачываць у параўнаньні зь мінулым годам. Што тычыцца па Беларусі -- колькасьць экскурсіяў зьменшылася. Колькасьць паездак у напрамках Хмяльніцкага і Масквы таксама зьменшылася. Колькасьць замежных выездаў на адпачынак у Турцыю і Егіпет зьменшылася».

Калі такая сытуацыя застанецца цягам году, зазначае супрацоўніца, то фірму чакае банкруцтва.

Больш аптымістычна глядзяць на сытуацыю ў магілёўскім дзяржаўным турыстычным бюро «Магілёўаблтурыст».

«Людзі пакуль у паўзе, -- гаворыць мэнаджар. -- Яны не хочуць траціць грошы, бо ня ведаюць, што будзе заўтра. Больш крызіс пакуль у галовах. Тыя людзі, якія плянавалі ў нас ляцець, -- сталыя кліенты, яны й ляцяць. Адзінае, што цэны крыху меншыя сталі. На нас крызіс на сёньняшні дзень ніяк не адбіўся. Можа, мы ягоныя водгукі адчуем у траўні, чэрвені».

Зьмяншэньня коштаў, аднак не адзначаюць у турыстычных фірмах.

«Мы ня дужа адчулі, што цэны ўпалі, -- гаворыць супрацоўніца бабруйскай фірмы спадарыня Тацяна. -- Мы цяпер вядзем перамовы з той жа Ўкраінай на летні пэрыяд па цэнавай палітыцы. Неўзабаве нам Румынія прышле, дашлюць нам цэны па Баўгарыі. Я не магу сказаць, што нехта ў сувязі з крызісам хоча зьмяншаць цэны на тое ж жытло, харчаваньне».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, шэсьць дзяржаўных і дваццаць прыватных турыстычных арганізацыяў абласнога цэнтру летась аказалі паслугаў на суму прыкладна ў дзесяць мільярдаў рублёў. Чыноўнікі заяўляюць, што чакаюць у 2009 годзе павялічэньня аб’ёмаў турыстычных паслугаў на сорак працэнтаў. У афіцыйных паведамленьнях, аднак, ня згадваецца ўплыў крызісу на турыстычную галіну.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках