16 лiстапада 2024, Субота, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Новае жыццё» супраць прапаганды БТ

4

Пастар менскай царквы «Новае жыццё», біскуп Рэлігійнага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Беларусі Вячаслаў Ганчарэнка аспрэчвае інфармацыю, якая прагучала 9 сакавіка ў праграме «Панарама» Першага каналу БТ.

Пастар аспрэчыў шэраг выказванняў, што прагучалі ў тэлесюжэце, у тым ліку ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, які заявіў, што царкве прапанаваны ўчастак зямлі. В.Ганчарэнка паведамляе, што ў лісце намесніка старшыні Менгарвыканкама Міхаіла Ціценкова, атрыманым у жніўні 2008 года, "змяшчаецца не прапанова, а хутчэй ультыматум": у выпадку адмовы абшчыны ад будынка, што ёй належыць, і перадачы яго ўладам за прапанаваныя вернікам 37 млн. рублёў Менгарвыканкам намерваецца пачаць "разгляд пытання аб размяшчэнні і будаўніцтве абшчынай культавага будынка".

З 2006 года Вышэйшы гаспадарчы суд разглядаў пазовы царквы аб прызнанні незаконным рашэння Менгарвыканкама ад 17 жніўня 2005 года аб пазбаўленні абшчыны зямлі і будынка па Кавалёва, 72; аб перапрафіляванні будынка кароўніка ў культавае і змене мэтавага прызначэння зямельнага ўчастку, а таксама аб спагнанні з Менгарвыканкама шкоды, панесенай царквой. 13 студзеня 2009 года суддзя ВГС Кацярына Караткевіч вынесла рашэнне аб адмове ў задавальненні пазоваў абшчыны. 10 лютага вернікі абскардзілі гэтае рашэнне ў касацыйнай калегіі ВГС, якая 5 сакавіка пацвердзіла рашэнне К.Караткевіч.

В.Ганчарэнка аспрэчвае інфармацыю аўтара сюжэту аб тым, што на месцы будынка царквы павінен стаяць дзіцячы сад альбо школа, а з-за пазіцыі царквы дзецям няма дзе навучацца. Пастар прыводзіць адказ начальніка ўпраўлення рэгулявання забудовы камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама Аляксея Вагі на пытанне суддзі К.Караткевіч, што павінна быць пабудавана на месцы царквы: "Гэтага ніхто не ведае, таму што пачынаючы з 2006 года ідзе карэктоўка дэталёвага плану развіцця былой вёскі Сухарава, і гэтая карэктоўка да цяперашняга часу яшчэ не завершаная".

Юрыст царквы Сяргей Луканін паведаміў БелаПАН, што вернікі чакаюць афіцыйнага аспрэчання інфармацыі, якая прагучала ў эфіры праграмы "Панарама". У адваротным выпадку, па ягоных словах, абшчына будзе вымушаная звярнуцца ў суд.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках