15 лiстапада 2024, Пятніца, 18:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абскарджаны прысуд загінулай праваабаронцы Паляковай

10

Адвакатка Мар’яна Сямешка абскардзіла прысуд праваабаронцы Яне Паляковай, якая скончыла жыцьцё самагубствам 7 сакавіка ў Салігорску.

Сёньня а 16-й гадзіне заканчваўся тэрмін, калі можна было абскардзіць прысуд на 2,5 год «хіміі», які судзьдзя Салігорскага суду Аляксандар Бураўцоў вынес 3 сакавіка праваабаронцы Яне Паляковай нібыта за паклёп на супрацоўніка міліцыі Віктара Пугачова. А толькі пазаўчора ўвечары адвакатка Мар’яна Сямешка атрымала крымінальную справу Паляковай для азнаямленьня, перадае «Радыё Свабода».

У ноч на 7 сакавіка Яна Палякова павесілася ў сваёй кватэры. Паводле маці Паляковай, Неанілы Міхайлаўны, адвакатка зь Менску, якая ўзялася адстойваць інтарэсы нябожчыцы ў судзе, сёньня да 16 гадзіны пасьпела падаць у Салігорскі суд скаргу на прысуд.

«Адвакат толькі пазаўчора ўвечары атрымала крымінальную справу Паляковай для азнаямленьня. Сёньня адвакат падала папярэднюю скаргу, каб не прапусьціць тэрмін абскарджваньня. Да касацыйнага разгляду ў судзе будзе падрыхтавана новая скарга, дзе будуць выкладзеныя ўсе аргумэнты за тое, каб прысуд Яне Паляковай адмяніць ці перагледзець», - распавядае праваабаронца Тацяна Равяка, якая зараз таксама знаходзіцца ў Салігорску.

Нагадаем, праваабаронца Гары Паганяйла пасьля азнаямленьня з прысудам Яне Паляковай заявіў пра грубае парушэньне закону ў працэсе над ёю.

«Пасьля таго, як пракурор зьмяніў абвінавачаньне на больш жорсткае, судзьдзя мусіў прыпыніць працэс ня меней як на 5 дзён, каб даць Паляковай час на падрыхтоўку, але гэта не было зроблена», — зазначыў Гары Пагяняйла.

Ужо адной гэтай працэсуальнай памылкі дастаткова, каб адмяніць прысуд, мяркуе праваабаронца.

За дзень да самагубства праваабаронцы ў праўладавай газеце «Советская Белоруссия» быў апублікаваны зьдзеклівы артыкул аб Яне Паляковай, падпісаны Ксенафонтам Суперфасфатавым, які пазней знік з інтэрнэт-старонкі выданьня.

Маці, сябры і аднадумцы загінулай паведамляюць, што праваабаронцу стала перасьледвалі супрацоўнікі міліцыі і пракуратуры Салігорску.

Раней праваабаронцы заяўлялі, што дзеяньні ўладаў па ціску на Яну Палякову трапляюць пад артыкул 145 КК РБ – «Давядзеньне да самагубства».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках