15 лiстапада 2024, Пятніца, 10:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: «Палітыка беларускага рэжыму ў дачыненні да Еўропы – на мяжы шантажу»

4

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пракаментаваў сённяшнія выбрыкі беларускага дыктатара ў адрас Еўразвяза.

Учора Рада міністраў замежных справаў Еўразвяза прыняла рашэнне аб падаўжэнні тэрміна прыпынення санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва яшчэ на дзевяць месяцаў. Аляксандр Лукашэнка нечакана рэзка на іх адрэагаваў.

«Калі еўрапейцы думаюць, што нас можна трымаць на кручку і ўвесь час нас панукаць без справы, дык мы на такой пазіцыі дыялог весці не будзем», — заявіў, у прыватнасці, беларускі кіраўнік падчас сённяшняй працоўнай паездкі ў Віцебскую вобласць.

Палітыка Лукашэнкі мяжуе з шантажом, адзначыў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Анатоль Лябедзька.

«Я хачу адразу адзначыць: слабы Лукашэнка пасылае моцны пасыл Еўразвязу, у той час як моцны Еўразвяз, наадварот, пасылае яму слабы пасыл. Стратэгія Лукашэнкі – ці атрымаць усё, ці нічога, на мяжы палітыкі і шантажу. І яго метады, на жаль, дзейнічаюць. Я лічу, што Еўропа павінна ўзмацніць свой мессыдж, свае патрабаванні», - сказаў ён.

Палітык таксама выказаў здагадку, што гэткая негатыўная рэакцыя беларускага кіраўніка ў адказ на лаяльнае, здавалася б, рашэнне Еўразвяза аб падаўжэнні прыпынення санкцыяў, можа быць звязаная з яго нядаўняй паездкай у Брусэль разам экс-кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Казуліным.

«Наколькі мне вядома, сёння Лукашэнка зрабіў некалькі вельмі рэзкіх заяваў у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыі. Калі ўлічваць, што яму, як чалавеку эмацыйнаму, вельмі цяжка дыскутаваць, тады такая рэакцыя цалкам можа быць звязаная з нашай паездкай у Брусэль, дзе мы правялі некалькі сустрэчаў з прадстаўнікамі Еўрапарламента і Рады ЕЗ. У Лукашэнкі і дыскусіі ж як такой не атрымліваецца. Так, вельмі хваравіта, відаць, ён успрыняў нашы нядаўнія сустрэчы з камісарам ЕЗ Бенітай Ферэра-Вальднер, кіраўніцтвам Еўрапарламента, Рады Еўропы», - адзначыў Анатоль Лябедзька.

Старшыня АГП таксама падкрэсліў, што ў Беларусі ніякага ўнутранага дыялогу не адбываецца.

«Мы выступаем за дыялог з Еўразвязам, але за такі дыялог, які нясе рэальныя змены, і будзе праводзіцца не толькі з прадстаўнікамі ўлады, але і з апазіцыяй. Нам патрэбныя менавіта змены, а не пустая рыторыка. Бо палітыка – гэта, перш за ўсё, дыялог. А зараз можна канстатаваць, што ніякага дыялогу ўнутры нашай краіны не адбываецца», - дадаў ён.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках