29 снежня 2024, Нядзеля, 12:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Беларускі дыктатар будуе «пацёмкінскія» вёскі для Захаду

17

Ці з'яўляецца супрацоўніцтва з дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі калабарацыянізмам?

Такая тэма дыскусіі на Расейскай службе радыё «Свобода» з удзелам лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былога намесніка міністра замежных справаў Беларусі Андрэя Саннікава і былога кіраўніка Нацбанка Беларусі, Ганаровага старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Станіслава Багдакевіча.

Як нагадвае радыё «Свобода», у канцы лютага ў Менску з афіцыйным візітам пабываў Вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Хаўер Салана. Гэта - свайго роду вынік наладжвання кантактаў паміж еўрапейскімі арганізацыямі і беларускімі ўладамі. Аднак частка беларускай апазіцыі вельмі крытычна ацэньвае дзеянні ЕЗ і мяркуе, што еўрапейскія чыноўнікі, трымаючыся палітычнай кан'юнктуры, фактычна даюць карт-бланш Аляксандру Лукашэнку для захавання недэмакратычнага рэжыму.

Некалькі прадстаўнікоў розных апазіцыйных сілаў прынялі рашэнне ўвайсці ў грамадска-кансультатыўны савет, створаны каля месяца таму пры адміністрацыі Лукашэнкі. Тыя апазіцыянеры, якія выступаюць супраць усякіх кантактаў з уладай, ужо ацанілі рашэнне аб супрацоўніцтве як калабарацыянізм.

Былы намеснік міністра замежных справаў Беларусі, а цяпер каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў лічыць, што Лукашэнка, сфармаваўшы грамадска-канстытуцыйны савет, будуе сваеасаблівую «пацёмкінскую вёску» для Захаду, жадаючы атрымаць крэдыты і іншага кшталту дапамогу. Але беларускі дыктатар не плануе рэфармаваць палітычную сістэму краіны. Апазіцыянеры, якія ўвайшлі ў савет, дапамагаюць Лукашэнку ўмацаваць рэжым без яго мадэрнізацыі.

«Абвешчаная лібералізацыя - гэта ні што іншае, як гульня з Еўропай, у цэлым з Захадам. Спробы атрымаць крэдыты, легітымацыя лукашэнкаўскага рэжыму. І яна ідзе на фоне бесперапынных рэпрэсіяў, бесперапыннага ціску на грамадзянскую супольнасць, у цэлым на апазіцыю і на фоне заўсёднага падлашчвання і глыбейшага інтэгравання ў расейскі сцэнар, у тым ліку і ваенны. Я лічу, што ў дадзены момант нельга гуляць у такія гульні, таму што гэта дапамагае рэжыму, а не паляпшэнню сітуацыі ў Беларусі», -- заявіў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Былы старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч – адзін з тых прадстаўнікоў апазіцыі, хто пагадзіўся ўвайсці ў савет пры адміністрацыі Лукашэнкі.

«Мы заўсёды стаялі на пазіцыі неабходнасці такога дыялогу ў любой форме. Таму гэтая пазіцыя не сённяшняга дня. Патрэбныя свабодныя стасункі. Гэта, безумоўна, патрабуе свабоды сродкаў масавай інфармацыі, але іх у нас няма, і мы ўжо 15 гадоў знаходзімся ў акопах, выкінутыя ў маргінальную яму. Таму любая магчымасць дыялогу карысная для дэмакратыі, для таго, каб памяняць грамадскае стаўленне да апазіцыі, паказаць, што ў апазіцыі ёсць спецыялісты, прафесіяналы ў любой галіне, ёсць людзі, якія нешта рабілі і нешта зрабілі для краіны», -- лічыць Багданкевіч.

Наладжванне дыялогу – блеф, кажа Андрэй Саннікаў, паколькі ўлада ўжо заявіла аб сваім нежаданні ўлічваць меркаванне тых прадстаўнікоў апазіцыі, якія будуць удзельнічаць у паседжаннях Савета.

«Створаныя саветы, але гэта не пляцоўка для дыялогу і нават не пляцоўка для нейкіх дыскусіяў, яны падкантрольныя цалкам адміністрацыі Лукашэнкі, створаныя пад кіраўніцтвам чыноўнікаў адміністрацыі. Лукашэнка ў сваіх заявах наўпрост кажа, што ніякіх пасярэднікаў ён не пацерпіць, ніякіх «брудных» ідэяў ад апазіцыі ён прымаць не будзе. Гэта значыць жадання нават на словах кудысьці рухацца не прасочваецца. Я лічу, што ўнутраны дыялог мог бы дапамагчы неяк прасунуцца, гэта значыць вырашаць пытанні, перш за ўсё, выйсця з крызісу, а выйсце з крызісу без змены палітычнай сітуацыі проста немагчымае», -- упэўнены палітык.

Станіслаў Багданкевіч лічыць, што стратэгія поўнага адмаўлення магчымасці дыялогу з уладай – гэта адзін з фактараў, якія прывялі апазіцыю да найцяжэйшага крызісу. Народ наогул забыўся пра яе існаванне.

«15 гадоў мы не ўваходзілі ні ў якія структуры па дыялогах, хаця дамагаліся іх. Ну і што, мы дасягнулі чаго-небудзь у грамадстве? Мы нават страцілі тую вагу ў грамадстве, якую мелі раней у 95-2000 годзе. Мы толькі страчваем з-за таго, што мы ніяк не з'яўляемся, акрамя як ў нейкім асяроддзі сваім. Я лічу, што гэта абсалютна неразумная пазіцыя. Яна зыходзіць з таго, што быццам бы Захад – гэта недалёкія дурныя людзі, якія паўстаюць, калі бачаць, што на нейкім узроўні ідзе дыялог з уладай. У нас да гэтай пазіцыі адносіцца адсоткаў 10 толькі апазіцыйных сілаў», - кажа экс-кіраўнік Нацбанка.

Канструктыўная праца ў межах Савета наўрадці магчымая, лічыць Станіслаў Багданкевіч, але ў апазіцыі з'яўляецца шанец нагадаць аб сабе і сваіх ідэях грамадству.

«Я разлічваю, што грамадства нашае ўбачыць усе гэтыя структуры, саветы, што ў апазіцыі ёсць разважлівыя людзі, што ў іх ёсць ідэі, што ў іх ёсць прапановы. Гэта значыць пляцоўка давядзення да больш шырокай грамадскасці нашых праграмаў, нашых ідэяў крыху пашырыцца. На крыху, але ўсёткі будзе больш, чым мела месца ў гэтыя мінулыя 15 гадоў дыктатуры. Я не маю ілюзіяў, што гэта нейкія перамовы з уладай – гэта не перамовы, гэта проста ўдзел у дыялогу, гэта экспертная супольнасць, якая будзе абмяркоўваць нейкія пытанні, будзе проста абмяркоўваць і, прынамсі, у твар выкажам кіраўніку адміністрацыі, чалавеку, які блізкі да цела нашага дыктатара. Чым дрэнна?», -- пытае Багданкевіч.

Андрэй Саннікаў адмаўляе, што апазіцыя знаходзіцца ў крызісе. Яе абавязак – акцыі пратэсту і вернасць прынцыпам.

«Мы жывем у таталітарным грамадстве. І даносіць да людзей свой пункт гледжання нельга, калі адсутнічае доступ да СМІ і адсутнічаюць эфектыўныя электронныя СМІ, няма ніякіх альтэрнатыўных пунктаў гледжання ні па FM-станцыях, ні на тэлебачанні. Газеты, якія пусцілі ў кіёскі – гэта толькі дзве газеты, распаўсюд абмяжоўваецца, уплыў іх мінімальны. Таму проста няма магчымасці выходзіць да людзей. Але тыя магчымасці, якія ёсць, за якія мы атрымліваем «гузакі», мы выкарыстаем. Гэта пікеты, гэта дэманстрацыі пратэсту, асабліва ў сувязі са з'яўленнем новых палітвязняў у Беларусі. Гэта будзе працягвацца, я лічу, што на гэта павінны звяртаць увагу еўрапейскія чыноўнікі. Таму што калі апазіцыя выходзіць на вуліцу з патрабаваннем вызваліць палітвязняў, абараніць іх правы, ігнараваць гэта нельга, інакш у рэжыма проста развязваюцца рукі», -- упэўнены лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках