15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Напярэдадні суду над Арцёмам Дубскім у Беларусі праходзяць акцыі ў яго падтрымку (Фота)

У Менску і Бабруйску актывісты «Маладога Фронту» арганізавалі акцыі ў падтрымку палітвязня Арцёма Дубскага, крымінальную справу якога заўтра павінен разгледзець суд.

У нядзелю на мосце каля вуліцы Няміга была вывешаная расцяжка «Свабоду Дубскаму!», маладыя людзі таксама раздавалі мінакам улёткі з інфармацыяй пра палітвязня, піша сайт mfront.net .

У Бабруйску актывісты расклеілі на слупах, транспартных прыпынках, жылых дамах партрэты Арцёма Дубскага, а таксама нанеслі графіці «Свабоду Дубскому!», «Свабоду палітвязням!» на платы і будынкі недалёка ад СІЗА №5, дзе ўтрымліваецца Арцём Дубскі.

Судовы працэс па справе моладзевага актывіста пачнецца 3 сакавіка ў 9.30 у Асіповіцкім гарадскім судзе.

Нагадаем, 13 лютага ў Гомелі з цягніка, які ехаў з Украіны, быў зняты ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі. Ён быў арыштаваны і зараз знаходзіцца ў бабруйскім СІЗА. Апазіцыянера вінавацяць нібы ў парушэнні правілаў адбыцця пакарання.

«Справа 14-ці» - справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да 9 снежня 2008 года да суду ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбывання пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі.

Зараз усе яны фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам, пад вельмі строгім назіраннем, і пры найменшым парушэнні ў кожны момант могуць быць пазбаўленыя волі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках