15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: «Еўропа зробіць вялікую памылку, калі запросіць Лукашэнку ў Прагу»

16
Станіслаў Шушкевіч: «Еўропа зробіць вялікую памылку, калі запросіць Лукашэнку ў Прагу»

Былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі заяўляе, што заявы ўладаў пра лібералізацыю – хлусня.

Як заяўляе ў інтэрв'ю «Радыё Рацыя» экс-кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі, Еўропа зробіць вялікую памылку, калі запросіць Аляксандра Лукашэнку на саміт ЕЗ у Прагу 7 траўня.

- Як можна ацаніць рашэнне Еўрапейскага Звяза аб прыпыненні санкцыяў у дачыненні да Беларусі?

- Я не бачу, каб гэтыя санкцыі былі эфектыўнымі, іх прыдумала Еўропа. Мне падаецца, што яны пераканаліся ў іх неэфектыўнасці і зноў замарозілі сітуацыю на 9 месяцаў. Я толькі разумею, чаму яны неэфектыўныя: справа ў тым, што шмат хто з тых, каму забаронена ўязджаць у Еўропу, накіроўваюць туды сваіх родных, дзяцей, якія вучацца ў прэстыжных універсітэтах. Зусім іншая справа, калі былі амерыканскія санкцыі, якія былі мэтанакіраванымі, канкрэтна ўплывалі на тых, хто дрэнна сябе паводзіў. Вось яны і былі эфектыўнымі. Мне падаецца, што вызваленне палітвязняў было звязана менавіта з амерыканскімі санкцыямі, а Еўропа сама - прыдумала, сама - адмяніла.

- Як можна ацаніць сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, шмат кажацца прадэмакратызацыю, лібералізацыю?

- Усе выдумкі наконт таго, што ў нас ёсць лібералізацыя, што ёсць нейкае паляпшэнне сітуацыі з мас-медыя – гэта хлусня. Прывяду просты прыклад: сапраўды, цяпер можна набыць у кіёску «Народную волю» і «Нашу Ніву», але паглядзіце, які ў іх тыраж. Тыраж «НН» і «НВ» разам 24000, а тыраж «Советской Белоруссии» –паўмільёны. На адзін асобнік «НН» і «НВ» - атрымліваецца 25 асобнікаў «Советской Белоруссии», а з улікам колькасці выхадаў выданняў – 100. Гэта атрымліваецца 1% паляпшэння, а ў рэгіёнах дзе інфармацыі менш за ўсё – там наогул сітуацыя не змянілася. Больш-менш прыстойныя газеты і часопісы не патрапілі ў дзяржаўную сістэму распаўсюду. Але Еўропа з вялікай цяжкасцю гэта ўяўляе, яны проста не разумеюць, што такое можа быць і, мне падаецца, не хочуць разумець. Яны фармальна кажуць: вось у нас станоўчыя змены. Некаторыя еўрадэпутаты – проста дэзынфармаваныя людзі, якія фактычна не разумеюць, што адбываецца.

- Не так даўно Аляксандр Лукашэнка выступіў з цэлай тырадай у дачыннені да апазіцыі...

- Нават у гэтай сітуацыі Лукашэнка разумее, што апазіцыя кажа праўду, і ён павінен зрабіць з яе ворага. Паглядзіце на Лукашэнку, ну хто можа сказаць, што гэта інтэлігентны чалавек? Я не магу такога сказаць, і таму ён вымушаны працаваць старымі метадамі. Трэба зрабіць ворага, гэта падыход дыктатараў, як у Гітлера, які казаў, унутраны вораг - гэта габрэй, ваенны вораг - французы. Унутраны вораг – гэта апазіцыя, і не стварыць ворага немагчыма. Але ёсць і ваенныя ворагі, але зараз яны пакуль дакладна не вызначаныя. Няма ў нас ні аднаго кроку, які быў бы накіраваны на дэмакратычнае ўпарадкаванне грамадства.

- Вашае стаўленне да праграмы Усходняе партнёрства, і канкрэтна да запрашэння Аляксандра Лукашэнкі на саміт у Прагу.

- Еўропа зробіць вялікую памылку, калі запросіць Лукашэнку на саміт, таму што там такіх адыёзных асобаў няма; Еўропа сама сябе «высячэ», таму што сцвярджае, што не прызнае абранне Лукашэнкі. А цяпер яна кажа пра тое, што адбылося ў Грузіі, што адбылося на Каўказе, і што, улічваючы гэта, мы павінны змяняць палітыку. Але палітыка павінна быць прыстойнай. Мне падаецца, што з такім падыходам прыстойнасць палітыкі будзе згубленая. Бездапаможнасць Еўропы будзе прадэманстраваная, гэта значыць, што яна трымае нізкакваліфікаваных людзей на кіруючых пасадаз. Калі будуць новыя выбары ў Еўропе, можна спадзявацца, што будуць новыя людзі.

- Калі вярнуцца да выказвання Лукашэнкі: «Я хачу працаваць з еўрапейцамі так, як мы дамаўляліся з Саланам…»

- Мне падаецца, што пры тым досведзе, які ёсць у Саланы, зрабіць такую памылку як прыехаць у Беларусь без усялякіх умоваў для беларускага рэжыму - гэта недапушчальна, таму што ён фактычна перакрэсліў тыя 12 умоваў, якія сфармулявала Еўропа. Не мы ж іх сфармулявалі. Іх спачатку агучыла Ферэра-Вальднер, а потым ён прыехаў без усялякіх умоваў… Вы мяне прабачце, але я гэтаму здзіўлены. Павінныя быць падыходы, а не страх за тыя падзеі, што былі ў Грузіі. Павінныя быць новыя падыходы, але не трэба здраджваць сваім прынцыпам.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках