29 снежня 2024, Нядзеля, 14:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эльмар Брок: Праца з Беларуссю ў межах «Усходняга партнёрства» у поўным аб'ёме немагчымая

6

Еўразвяз можа супрацоўнічаць з лукашэнкаўскай Беларуссю толькі ў абмежаваным маштабе.

Праграма «Ўсходняе партнёрства», якая прадугледжвае пашырэнне адносінаў Еўразвяза з Украінай, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай, Азербайджанам і Арменіяй, была зацверджаная 20 сакавіка на саміце ЕЗ у Брусэлі. Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў выступіў з крытыкай у адносінах гэтай праграмы супрацоўніцтва. Ён сказаў, што Еўразвяз спрабуе пашырыць сваю «сферу ўплыву» ва ўсходне-еўрапейскіх краінах, суседках Расеі, адзначае «Нямецкая хваля».

Па меркаванні дэпутата Еўрапарламента Эльмара Брока (Elmar Brok), у гэтым кантэксце можна яшчэ зразумець асцярогі Расеі адносна пашырэнні НАТА на Ўсход, але не праграмы «Ўсходняга партнёрства».

«У любым выпадку, незалежныя самастойныя краіны могуць прымаць самастойныя рашэнні, у якім напрамку ім далей рухацца, -- кажа Эльмар Брок. -- Калі нейкія краіны хочуць уваходзіць у адмысловую гандлёва-эканамічную зону з краінамі ЕЗ, мець пэўныя візавыя паслабленні, супрацоўнічаць у іншых сферах з краінамі Еўразвяза – гэта рашэнні, якія вольна прымаюць гэтыя краіны. Яны суверэнныя. Гэта не значыць, што праграма нейкім чынам накіраваная супраць інтэрасаў Расеі».

Дэпутат падкрэсліў, што ў любым выпадку, з Беларуссю Еўразвяз у цяперашні час можа супрацоўнічаць толькі ў абмежаваным маштабе.

«Пакуль беларускія ўлады не выканаюць пэўныя ўмовы, датычныя захавання правоў чалавека, дзеянні прынцыпаў свабоды слова, закона і дэмакратыі, праца з Беларуссю ў поўным аб'ёме немагчымая. Таму супрацоўніцтва ў межах праграмы Беларусі пакуль прапаноўваецца, а першыя канструктыўныя крокі рушаць услед толькі за дзеяннямі кіраўніцтва краіны па лібералізацыі і руху да дэмакратыі, мы гатовыя дапамагчы ў гэтым», -- адзначае Эльмар Брок.

У гэтым выпадку ў Беларусі з'явяцца шанцы, якія ёсць у Ўкраіны і іншых партнёраў праграмы. «Я думаю, што для Беларусі цікавая прапанова аб стварэнні зоны эканамічнага супрацоўніцтва, бо ў краіны вялікі эканамічны патэнцыял, які раскрыецца, калі яна будзе цясней супрацоўнічаць з ЕЗ, а гэта важна як для краіны ў цэлым, так і для асобных грамадзян», - лічыць дэпутат.

Праграма партнёрства не выключае працягу працы Беларусі ў звязку з Расеяй, кажа Эльмар Брок. Пашырэнне супрацоўніцтва з ЕЗ, аднак, дапаможа Беларусі наблізіцца да еўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасцяў, дасягнуць пэўнага эканамічнага прагрэсу, падвысіць узровень жыцця насельніцтва. Да таго ж Беларусь мае вольнае права выбару.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках