28 снежня 2024, Субота, 20:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Крызіс – час карэнных пераўтварэнняў»

11
Андрэй Саннікаў: «Крызіс – час карэнных пераўтварэнняў»

Падчас крызісу будзе змяняцца расстаноўка сілаў у свеце, у шмат якіх краінах адбудзецца змена ўрадаў, будзе ўзмацняцца ўплыў у свеце дзяржаваў, якія раней знаходзіліся ў цяні.

Такі прагноз зрабілі ўдзельнікі Брусэльскага форума-2009, які сабраў палітычную, эканамічную і інтэлектуальную эліту свету.

Нашую краіну на Форуме прадстаўляў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і лідэр ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская. Пра тое, як прайшоў Брусэльскі форум, мы размаўляем з Андрэем Саннікавым:

-- Андрэй Алегавіч, у чым асаблівасць гэтага мерапрыемства наогул і Брусэльскага форума-2009 у прыватнасці?

-- Унікальнасць форума, які прайшоў, у тым, што ён, па сутнасці, стаў часткай сусветнага антыкрызіснага штаба. Падчас дыскусіяў вядучыя палітыкі і аналітыкі ЗША і Еўропы абмяркоўвалі магчымасці сумеснага трансатлантычнага вырашэння найбольш вострых сусветных праблемаў.

Сам фармат Форума мяркуе інтэрактыўную дыскусію з удзелам залы. Праца пабудаваная такім чынам, каб максімальна выкарыстаць магчымасці ўсіх шматлікіх удзельнікаў, таму існуюць як раннія ранішнія дыскусіі, так і дыскусіі, якія пераходзяць далёка за поўнач. Частка сесіяў праводзіцца ў адкрытым рэжыме. Шмат якія праходзяць у адпаведнасці з правілам «Чэтэм Хаўс». Калі існуюць абмежаванні на распаўсюд інфармацыі аб пазіцыях асобных удзельнікаў. Гэта робіцца для таго, каб дыскусія праходзіла як мага ў больш свабодным рэжыме. Камунікацыя на Форуме адбываецца на ангельскай мове.

-- Але на Форуме прысутнічае вельмі шмат першых асобаў. Няўжо на іх распаўсюджваюцца агульныя правілы?

-- Так, правіла свабоднай дыскусіі распаўсюджваецца на ўсіх. Я бачыў як шмат якім прэзідэнтам і міністрам сур'ёзна «даставалася на гарэхі», калі іх пазіцыі падпадалі пад вельмі жорсткі разгляд. Праўда, пры гэтым і першыя асобы паводзілі сябе інакш, чым звычайна, і часцяком за словам у кішэню не лезлі.

Андрэй Саннікаў з міністрам замежных справаў Літвы Вігаўдасам Ушацкасам

-- Якія пытанні сёння хвалююць сусветных лідэраў больш за ўсё?

-- Дамінуючай тэмай Брусэльскага форума быў сусветны фінансавы і эканамічны крызіс. Гэтага пытання датычылася большасць выступаў удзельнікаў, тым больш, што ў дзень адкрыцця мерапрыемства скончыўся антыкрызісны саміт ЕЗ. Форум пачаўся з выступу Жазэ Мануэла Барозу, які падзяліўся інфармацыяй і сваёй ацэнкай гэтага саміту. Было бачна, што Еўразвяз актыўна шукае шляхі выйсця з крызісу не толькі ў краінах-чальцах ЕЗ, але дэманструе глабальны падыход. Пра гэта сведчаць і пакет дапамогі (каля 50 мільярдаў еўра), які прапаноўваецца дзяржавам, што не ўваходзяць у ЕЗ.

Старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу

Падчас форума прэзідэнт Сусветнага банка Роберт Зелік, напрыклад, зрабіў больш несуцяшальныя прагнозы развіцця сусветнай эканомікі, чым МВФ. Гэта прагучала, як заклік не разлічваць на цуд, а зыходзіць з горшага і шукаць найбольш эфектыўныя шляхі выйсця з крызісу.

Праз некалькі тыдняў дзяржавы-чальцы НАТА збяруцца на свой саміт, прысвечаны 60-годдзю гэтай арганізацыі, таму тэма НАТА, далейшай трансфармацыі гэтага альянсу таксама актыўна абмяркоўвалася на Форуме. Перад дэмакратычным светам сёння паўстаюць новыя выклікі, перш за ўсё, энергетычная бяспека, і НАТА трэба будзе вызначыць сваю ролю ў гэтых пытаннях.

-- Ці можна казаць пра якія-небудзь канкрэтныя вынікі Форума?

- Выніковае камюніке не прадугледжваецца. Мэта Форума - усебаковае дэталёвае абмеркаванне сусветных праблемаў напярэдадні важных міжнародных падзеяў.

Прагназуецца, што падчас крызісу будзе змяняцца расстаноўка сілаў у свеце, будуць адбывацца змены ўрадаў у шмат якіх краінах, будзе ўзмацняцца ўплыў у свеце дзяржаваў, якія раней знаходзіліся ў цяні.

-- Сёлета на Брусэльскім форуме ўпершыню надалі так шмат увагі Беларусі? ...

-- Сапраўды, упершыню на Брусэльскім форуме Беларусі была прысвечаная цэлая секцыя. Міністр замежных справаў Літвы Вігаўдас Ушацкас і я выступілі ў межах дыскусіі. У секцыі па Беларусі таксама прынялі ўдзел прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс, генеральны сакратар АБСЕ Марк Перэн дэ Брышамбо, лідэр беларускай ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская, супрацоўнікі міністэрстваў замежных справаў краінаў Еўразвяза, чыноўнікі і дэпутаты Еўрапарламента.

Андрэй Саннікаў з прэзідэнтам Латвіі Валдзісам Затлерсам

Сітуацыя ў Беларусі сапраўды хвалюе шмат каго. У апошнія месяцы адбыліся прыкметныя змены ў адносінах паміж Брусэлем і Менскам. Еўразвяз адкрывае ўсе новыя і новыя каналы не толькі для камунікацыяў, але і для супрацоўніцтва. Аднак гэтага нельга сказаць пра беларускія ўлады. Нам добра вядома, што рэжым ужывае тыя ж метады кантролю над сітуацыяй, а менавіта – рэпрэсіўныя. Прычым гэта датычыць не толькі апазіцыі, але і прадпрымальнікаў, мэнэджэраў дзяржаўных прадпрыемстваў, грамадскіх дзеячаў, лідэраў незалежных прафсаюзаў. Гэта значыць можна сказаць, што ў Еўропе існуюць вялікія чаканні і надзеі на змену сітуацыі ў Беларусі, але практычныя крокі, якія сёння робяць некаторыя еўрапейскія чыноўнікі, не заўсёды адпавядаюць гэтай сітуацыі і прыводзяць да наўпрост супрацьлеглых вынікаў.

Наогул, складаецца ўражанне, што еўрапейскія палітыкі маюць свае падыходы да Беларусі, еўрачыноўнікі – свае, а палітыкі асобных краінаў – свае, і яны неяк не накладаюцца адзін на аднаго. Хтосьці шчыра хоча дапамагчы Беларусі, хтосьці – праз Беларусь пазмагацца з Расеяй, а камусьці наогул «да лямпачкі» Беларусь, галоўнае – захаваць сваё месца. Толькі на адно пытанне няма адказу ў прыхільнікаў дыялогу з рэжымам Лукашэнкі: «Як можна цынічна не заўважаць палітычных рэпрэсіяў у Беларусі?».

-- Чаму ніводзін беларускі чыноўнік не быў запрошаны ў Брусэль?

-- Напэўна, таму што беларускія чыноўнікі больш прызвычаіліся ўдзельнічаць у дыскусіі ў выглядзе селектарнай нарады па пытаннях чарговай пасяўной і да свабоднай дыскусіі не вельмі гатовыя. Хаця я не выключаю, што калі ўлады Беларусі прадэманструюць сур'ёзнасць сваіх намераў па дэмакратызацыі краіны, дык яны могуць атрымаць запрашэнне на наступны форум.

-- Ці абмяркоўвалася на Форуме ўключэнне Беларусі ў праграму ЕЗ «Усходняе партнёрства»?

-- Наогул рашэнні, якія прымаюцца па «Усходняму партнёрству», можна назваць «прамежкавымі», таму што сама праграма і склад яе ўдзельнікаў знаходзяцца ў працэсе абмеркавання. Абмеркаванне праходзіць як сярод краінаў-чальцоў ЕЗ, так і паміж прадстаўнікамі ЕЗ і патэнцыйнымі краінамі-удзельніцамі. Беларусь у гэтым плане выклікае ўсё больш і больш пытанняў, паколькі без правядзення палітычных і эканамічных рэформаў яе ўдзел у праграме «Усходняе партнёрства» будзе проста пазбаўлены сэнсу. Дарэчы, Хаўер Салана ў сваёй гутарцы з Сяргеем Лаўровым, кажучы пра Расею, падкрэсліў, што палітыка Еўразвяза павінна абапірацца на тры базісныя прынцыпы: бяспека, эканоміка і абарона правоў чалавека.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ Хаўер Салана і кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў

-- А ці казалася пра магчымасць запрашэння Лукашэнкі на саміт ЕЗ у Прагу?

-- Пытанне, вядома, абмяркоўваўся і, можна сказаць, што шмат хто бачыць яго ў Празе не хоча.

-- Якія сустрэчы Вы правялі ў Брусэлі?

-- Былі гутаркі з еўрапейскімі, амерыканскімі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, парламентарамі з Літвы, Вугоршчыны, Нямеччыны. Абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі з прэзідэнтам Латвіі Валдзісам Затлерсам, які, дарэчы, надае сур'ёзную ўвагу беларускай меншасці ў Латвіі і аказвае падтрымку беларусам, якія пражываюць там. Была сустрэча з віцэ-прэм'ерам Чэхіі Аляксандрам Вондрай, які прызнаў складанасць становішча Чэхіі як краіны старшыні ў сувязі з удзелам Беларусі ва «Усходнім партнёрстве». Прадуктыўнае сумоўе адбылося з дэпутатам Еўрапарламента Эльмарам Брокам і са швецкім парламентаром Урбанам Алінам, які даўно займаецца Беларуссю.

Разам з Ірынай Красоўскай мы сустрэліся з былым кандыдатам у прэзідэнты ЗША, сенатарам Джонам Макейнам. Ён па-ранейшаму цікавіцца сітуацыяй у Беларусі, падтрымлівае барацьбу дэмакратычных сілаў. Сенатар перадаў найлепшыя пажаданні былому беларускаму палітвязню Міхаілу Марынічу, у лёсе якога ён прымаў самы непасрэдны ўдзел і запэўніў нас, што пазіцыя Злучаных Штатаў у дачыненні да Беларусі не мае партыйнай прыналежнасці.

Андрэй Саннікаў і Ірына Красоўская з сенатарам Джонам Макейнам

З Джонам Макейнам

«Камертонам» Брусэльскага форума для мяне стала сустрэча ў аэрапорце з адным заходнім бізнэсмэнам, які працуе ў Беларусі. Зайшла гаворка пра крызіс, і ён нечакана мне сказаў, што для яго крызіс – гэты лепшы час, таму што ён крызісны мэнэджэр. Гэта значыць менавіта падчас крызісу ён можа цалкам раскрыць свае здольнасці і працаваць найбольш эфектыўна. Я спытаў яго, якіх наступстваў крызісу можна чакаць у Беларусі? Ён адказаў, што самых сур'ёзных. Аднак, калі падысці да сітуацыі ў нашай краіне з пункту гледжання крызіснага мэнэджменту, дык гэты лепшы час для карэнных пераўтварэнняў – палітычных і эканамічных. На яго думку, існуючая ў Беларусі палітычная сістэма не дазволіць знайсці выйсце з цяжкой эканамічнай сітуацыі. Затое, калі адбудуцца кардынальныя змены ва ўладзе, дык Беларусь не толькі адолее цяжкасці, але і стане адным з лідэраў Усходняй Еўропы.

Даведка прэс-цэнтра Хартыі’97:

Брусэльскі форум - штогадовая сустрэча еўрапейскіх і амерыканскіх палітычных і інтэлектуальных лідэраў, арганізаваная Нямецкім Фондам Маршала (ЗША).

У працы Брусэльскага форума-2009 прынялі ўдзел больш за 200 чалавек. Сярод іх -- кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу, генеральны сакратар НАТА Яап дэ Хооп Схефер, генеральны сакратар АБСЕ Марк Перэн дэ Брышамбо, экс-кандыдат у прэзідэнты ЗША, сенатар Джон Макейн, Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па агульнай знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўер Салана, прэзідэнт Сусветнага банка Роберт Зелік, прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс, прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, прэм'ер-міністр Бельгіі Херман ван Ромпі, дарадца прэзідэнта ЗША Грэг Крэйг, міністр замежных справаў Швецыі Карл Більдт, міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, прэм'ер-міністр Чэхіі Мірэк Тапаланэк, віцэ-прэм'ер Чэхіі Аляксандр Вондра, віцэ-прэм'ер Украіны Рыгор Няміра, міністр замежных справаў Чэхіі Карл Шварцэнберг, міністр замежных справаў Літвы Вігаўдас Ушацкас, міністр замежных справаў Славакіі Міраслаў Лайчак, кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі, міністр абароны Бельгіі Пітэр дэ Крэм, амерыканскія сенатары Роберт Кейсі, Роберт Бенэт, Джордж Вайновіч, Мэл Марцінэс, Джэймс Рыш, кангрэсмен Элсі Гасцінгс, чалец Кангрэса Элен Тошэр, старшыня Сената Румыніі Мірчэ Джаану, спецпрадстаўнік ЗША па Пакістане і Аўганістане Рычард Холбрук і іншыя міжнародныя лідэры.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках