29 снежня 2024, Нядзеля, 13:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Наша Ніва»: Акцыя ў Дзень Волі была больш маштабнаю за аналагічныя між выбарамі 2001 і 2006 гадоў

1

Улады правялі поўнамаштабную дэманстрацыю сілы. У цэнтр гораду былі сцягнутыя Ўнутраныя войскі. На дахах будынкаў сядзелі снайперы, піша газета «Наша Ніва».

На відне стаялі дзесяткі аўтазакаў і нават спіралі Бруна. Тым не менш, да 4000 маніфестантаў, пераважна моладзь і пенсіянеры, сабраліся каля Акадэміі навук.

Арганізатары святкавання пайшлі на арыгінальны крок. Каб не ісці на Бангалор, прынізлівы для нацыянальнага свята, і каб не правакаваць ужыцця сілы шэсцем у цэнтр гораду, яны заклікалі ўстаць ланцугом уздоўж праспекту. Людзі зрабілі тое з энтузіязмам. На праспекце запанавала самаарганізацыя.

Група моладзі з некалькіх соцень чалавек скіравалася ў бок цэнтру, але не пайшла на сутыкненні з амонаўцамі.

Арганізатарам удалося па-свойму элегантна перайграць улады. Жывы ланцуг глядзеўся эфектна, людзям падабалася тое, што яны робяць. Ужыццю сілы супраць такой падкрэслена мірнай акцыі немагчыма было б знайсці ніякае абгрунтаванне.

Мяркуючы па складзе ўдзельнікаў свята, палітычнай апазіцыі не ўдалося данесці інфармацыю пра акцыю да шырэйшых колаў, а найманыя работнікі не гатовыя да рызыкі палітычнае актыўнасці. У той жа час транспаранты, прынесеныя звычайнымі людзьмі, мелі пераважна сацыяльны характар – вынік эканамічнага крызісу ў краіне.

Гэты Дзень Волі не паўплывае негатыўна на беларуска-еўрапейскія адносіны. Што датычыць сілы, арганізаванасці і матывацыі незалежнага грамадства, то сённяшняя акцыя была больш маштабнаю за аналагічныя ў міжчассі між прэзідэнцкімі выбарамі 2001 і 2006 гадоў.

Нагадаем, што 91 год таму была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Пачынаючы ад канца 1980-х, штогод на 25 Сакавіка ў Менску арганізуюцца шэсці.

Раніцай панядзелка 25 сакавіка 1918 г. Радай БНР была прынята Трэцяя Ўстаўная Грамата, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай.

Знакамітае паседжанне Рады адбылося ў будынку па сённяшнім адрасе Валадарскага, 9.

Рада таксама абвясціла, што Берасцейская мірная дамова страціла сілу і заклікала яе перагледзець.

Немцы, якія паводле Берасцейскай дамовы перанялі ад Расіі кантроль над Беларуссю і Ўкраінай, адказалі на гэта разгонам Рады і Народнага Сакратарыяту. Тым не менш, немцы не мелі магчымасці цалкам спыніць дзейнасць новаўтвораных дзяржаўных органаў. Не магла ігнараваць новую рэальнасць і Расія. Каб перахапіць ініцыятыву, Масква адказала ўтварэннем залежнай ад сябе БССР. Першы ўрад БССР месціўся ў Смаленску, аднак з часам Расія нават не аддасць Беларусі гэтага гораду.

Дзень абвяшчэння Акту 25 Сакавіка, Дзень незалежнасці, ці, як яго сталі з часам называць, Дзень волі святкуецца як галоўнае нацыянальнае, уласнабеларускае свята.

«Нацыянальныя сьвяты кожны народ сьвяткуе радасна і ўрачыста. З глыбіні сэрца жадаю, каб і для ўсіх нас як на Бацькаўшчыне, гэтак і па‑за яе межамі гэты дзень стаўся нагодай выявіць сваю любоў да Бацькаўшчыны», – напісала ў сваім звароце Івонка Сурвілла, старшыня Рады БНР, што працягвае сваю дзейнасць у эміграцыі да тае пары, пакуль Беларусь не дасягне рэальнай незалежнасці.

Пачынаючы ад канца 1980-х, у гэты дзень штогод арганізуюцца шэсці і мітынгі на вуліцах Менску. У іх традыцыйна бяруць удзел тысячы, а часам, як у 1996 ці 2006-м, дзесяткі тысяч людзей.

У 1996-м, калі незалежнасць аказалася пад пагрозай у выніку дамоваў Лукашэнкі-Ельцына, людзі парушылі забарону і прайшлі шэсцем ад плошчы Незалежнасці да Оперы, а пасля спрабавалі прарвацца на тэлебачанне. У 2006-м маніфестанты атачылі цэнтр сталіцы — Кастрычніцкую плошчу, на якой яшчэ два дні раней стаяла намётавае мястэчка.

Штогод святкаванні ў той ці іншай форме адбываюцца таксама ў Гродне, вялікіх гарадах Беларусі, Вільні, Варшаве, Берліне, Лондане, іншых асяродках кампактнага пражывання носьбітаў беларускай ідэі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках