9 лiстапада 2024, Субота, 5:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэпрэсіі напярэдадні акцыі 25 сакавіка: ператрусы, арышты, выкраданні

1

Напярэдадні акцыі ў Дзень Волі супрацоўнікі міліцыі праводзілі ператрусы ў кватэрах дэмакратычных актывістаў, затрымоўвалі і збівалі маладых апазіцыянераў.

Нягледзячы на тое, што акцыя ў Дзень Волі 25 сакавіка была санкцыянаваная Менгарвыканкамам, супраць актывістаў апазіцыі беларускія ўлады ўжывалі звыклыя рэпрэсіі: ператрусы кватэр, пераследы, збіванні.

25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў кватэру актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алега Ладуцькі. У дзверы яму пагрукаў сантэхнік, якога малады чалавек выклікаў некалькі дзён таму. Калі Алег Ладуцька адчыніў дзверы, разам з сантэхнікам у кватэру ўбеглі супрацоўнікі міліцыі, паведамляе прэс-служба грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

У кватэры адбыўся ператрус. Ордэра іншага дакумента, які санкыянуе падобныя дзеянні, супрацоўнікі міліцыі не прад'явілі. Падчас ператруса была затрыманая актывістка кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Дзьякова, якая была дастаўленая ў РУУС Першамайскага раёна.

Акрамя таго, 25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі дзяжурылі каля кватэр актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Паліны Кур’яновіч, Максіма Вінярскага і Яўгена Афнагеля.

Таксама напярэдадні акцыі рэпрэсіі праводзіліся супраць актывістаў «Маладога Фронту».

Днём 25 сакавіка пяцёра супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС Менска прыйшлі да Дзяніса Карнова і паведамілі, што ім неабходна агледзець памяшканне, паколькі ў міліцыю паступіў сігнал аб бойцы, якая нібыта адбылася ў кватэры апазіцыянера.

Па паведамленні прэс-службы «Маладога Фронту», падчас ператруса супрацоўнікі РУУС нічога не знайшлі. Але пасля сыходу міліцыянтаў, аказалася, што са стала зніклі 100 еўра. 26 сакавіка Дзяніс Карноў плануе падаць заяву аб крадзяжы грошай супрацоўнікамі РУУС.

У гэты ж час прайшоў ператрус у актывіста «Маладога Фронту» Валера Мацкевіча. Да яго прыйшла гаспадыня кватэры з невядомым чалавекам, які заявіў, што збіраецца здымаць пакой і хоча агледзець кватэру.

Аднак неўзабаве мужчына паказаў гаспадыні кватэры пасведчанне супрацоўніка міліцыі і выклікаў яшчэ двух працаўнікоў Фрунзенскага РУУС. Пасля ператруса ў Мацкевіча забралі сцяг руху «За свабоду!».

Таксама за некалькі гадзін да пачатку акцыі ў Дзень Волі на станцыі метро «Магілёўская» быў затрыманы актывіст «Маладога Фронту» Зміцер Ясевіч. Яго прымусова пасадзілі ў міліцэйскую машыну, аднак неўзабаве, пасля канфіскацыі мегафона, вызвалілі.

25 сакавіка затрымалі і вывезлі за горад актывістаў «Маладога Фронту» Насту Палажанка і Дзяніса Карнова.

Маладыя людзі ехалі на акцыю на таксі. Калі машына спынілася, да яе падбеглі невядомыя. Кіроўца быў затрыманы, а актывісты вывезеныя за рысу горада.

Па словах Насты Палажанка, яе пасадзілі ў машыну і высадзілі за Менскам у раёне вёскі Тарасава.

Дзяніса Карнова таксама вывезлі за горад; яго збілі і парэзалі штаны нажом.

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Дзяніс Карноў, пры затрыманні яму на галаву адразу ж нацягнулі шапку, і больш малады чалавек нічога не бачыў.

«Мяне зацягнулі ў нейкую машыну, а што было з Настай, я не ведаў. Пасля мне загадалі апусціць галаву ўніз, паміж каленамі, і на працягу гадзіны дзесьці вазілі. Потым перакінулі ў іншую машыну, яшчэ павазілі, пасля двое невядомых вывялі мяне з машыны дзесьці ў лесе. Я бачыў толькі ногі», - распавядае моладзевы актывіст.

Як лічыць Дзяніс Карноў, яго збілі супрацоўнікі АМАПа.

«У твар мяне не білі - білі па спіне і ў жывот. Як білі? Ну, вы жа ведаеце, АМАП лёгка біць не ўмее. Мяне яшчэ прымусілі некаторы час прастаяць на снезе на каленах», - растлумачыў моладзевы актывіст.

Варта адзначыць, што напярэдадні акцыі ў Дзень Волі шматлікім жыхарам Менска прыходзілі смс-паведамленні ад імя «Маладога Фронту» наступнага зместу: «Увага! Улады плануюць жорсткі падыход да сённяшняй акцыі. Нас чакае АМАП і Акрэсціна».

Як заяўляюць лідэры «Маладога Фронту», моладзевы рух не мае да гэтых паведамленняў ніякага дачынення, і лічыць іх правакацыяй КДБ.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках