15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм'ер-міністр Літвы: Беларускія ўлады павінны выканаць умовы ЕЗ

Для ўключэння Беларусі ва «Усходняе партнёрства», беларускае кіраўніцтва павінна выканаць «хатнюю працу», лічыць прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс.

Пра гэта палітык заявіў пасля сустрэчы з амбасадарам Беларусі ў Літве Уладзімірам Дражыным, паведамляе DELFI.

«Заўсёды важна мець добры дыялог з суседзямі. Тым больш, што ёсць магчымасці для развіцця дыялогу ў сферы эканомікі. І, вядома, мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь як мага больш эфектыўна выкарыстала еўрапейскую ініцыятыву «Усходняга партнёрства», але для гэтага само кіраўніцтва Беларусі павінна зрабіць сваю «хатнюю працу» (т.е. выканаць умовы, пастаўленыя Еўразвязам – DELFI)», - сказаў літоўскі прэм'ер.

Амбасадар Беларусі ў гутарцы з DELFI у сваю чаргу адзначыў, што Беларусь «удзячная літоўскім палітыкам і ў цэлым Літве за актыўную падтрымку па ўключэнні ў гэты праект ЕЗ».

Тое, што ў Літве ёсць палітыкі, якія негатыўна ацэньваюць працэсы, што адбываюцца ў Беларусі, на думку У.Дражына, «не перашкаджае дыялогу».

«У кожнага палітыка ёсць свой пункт гледжання, але калі яго сёння акумуляваць, дык мы не сумняемся, што большасць палітыкаў разумее, што мы асуджаныя на поспех у развіцці двухбаковых адносінаў», – сказаў беларускі амбасадар.

Падчас сустрэчы літоўскі і беларускі бакі абмеркавалі пытанні развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. Паводле словаў У.Дражына, «летась аб'ём гандлю паміж Беларуссю і Літвой склаў $1млдрд., яшчэ $400 млн. склалі паслугі па транзіце грузаў і тавараў».

«Сёння мы ўсе перажываем фінансавы эканамічны крызіс, які з'яўляецца ўжо фактам, і нам хацелася б ў гэтых умовах не дапусціць рэзкага змяншэння аб'ёмаў гандлю паміж нашымі краінамі», – сказаў У.Дражын.

Нагадаем, абсалютная большасць еўрапейскіх дэпутатаў выказваецца супраць запрашэння на саміт ЕЗ у Празе Аляксандра Лукашэнкі, паколькі ў краіне парушаюцца правы чалавека.

Пра гэта ўчора пасля заканчэння дэбатаў па беларускім пытанні ў Страсбурзе заявіў кіраўнік дэпутацкай групы, адказны за беларускае пытанне ў Еўрапейскім парламенце Яцэк Пратасевіч.

Прэм'ер-міністр Чэхіі, якая старшынюе зараз у Еўразвязе, Мірэк Тапаланэк таксама заявіў, што ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў саміце «Усходняга партнёрства» па-ранейшаму пад пытаннем. Пра гэта ён сказаў, выступаючы перад дэпутатамі Еўрапарламента 25 сакавіка ў Страсбурзе.

Міністр жа замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнберг раней заяўляў, што запрашэнне «будзе залежаць ад паводзінаў Аляксандра Лукашэнкі і беларускага ўрада ў найбліжэйшыя тыдні».

Еўразвяз, у прыватнасці, патрабуе ад уладаў Беларусі адрадзіць дэмакратычныя каштоўнасці; арганізаваць свабодныя і справядлівыя выбары; паважаць правы чалавека - свабоду слова, друку, сумлення, сходаў і асацыяцыяў; а таксама рэфармаваць заканадаўчую сістэму ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках