15 лiстапада 2024, Пятніца, 0:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Вялікабрытаніі: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца цяжкой

Вялікабрытанія ўключыла Беларусь у спіс 20 краінаў, у якіх назіраюцца сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека.

Міністэрства замежных справаў Вялікабрытаніі апублікавала сваю чарговую гадавую справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў свеце, перадае «Радыё Свабода».

У асобныя раздзелы ў справаздачы вылучаныя 20 краінаў, у якіх, як лічыць брытанскі ўрад, маюць месца сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека. Сярод гэтых краінаў знаходзіцца і Беларусь.

Дакумент у раздзеле, які датычыць Беларусі, адзначае, што агульная сітуацыя з правамі чалавека на працягу мінулага года заставалася цяжкой. У гэтым кантэксце, перш за ўсё, згадваюцца «парламенцкія выбары» 28 верасня 2008 года, якія не адпавядалі дэмакратычным стандартам АБСЕ.

Паводле брытанскага ўрада, беларускі рэжым працягвае ствараць перашкоды дзейнасці недзяржаўных арганізацыяў, доступу беларусаў да незалежных крыніцаў інфармацыі і свабодзе выказвання імі сваіх поглядаў. Справаздача згадвае пра жорсткі разгон і збіццё ўдзельнікаў дэманстрацыі ў Дзень Волі 25 сакавіка 2008 года ў Менску.

Брытанскі ўрад падкрэслівае, што беларускія ўлады так і не правялі незалежнага расследавання гвалтоўных знікненняў апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага.

Адначасова справаздача звяртае ўвагу на станоўчы крок з боку беларускага рэжыму, якім было вызваленне ўсіх палітычных вязняў перад «парламенцкімі выбарамі» летась.

Дакумент адзначае, што ў лістападзе 2008 года, калі пасля прыпынення візавых санкцыяў супраць Беларусі беларускі прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі наведаў Лондан, з ім сустрэлася Каралайн Флінт, брытанскі міністр па пытаннях Еўропы. Гэта была першая сустрэча чальцоў брытанскага і беларускага кабінета міністраў з 1997 года, калі Еўразвяз увёў забарону на кантакты з беларускімі ўладамі на міністэрскім узроўні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках