8 лiстапада 2024, Пятніца, 20:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масавая дактыласкапія ў Беларусі можа патрапіць у «Кнігу рэкордаў Гінэса»

8

«Кніга рэкордаў Гінэса» разглядае прапанову аб тым, каб зафіксаваць новы рэкорд – «Самае масавае дактыласкапаванне».

Браць адбіткі пальцаў у беларусаў пачалі пасля выбуху, які адбыўся на святкаванні 3 ліпеня 2008 года афіцыйнага Дня незалежнасці. І ужо менш чым праз год Беларусь прэтэндуе патрапіць у «Кнігу рэкордаў Гінэса», паставіўшы новы рэкорд у намінацыі «самае масавае дактыласкапаванне», перадае «Еўрарадыё».

Тэрарыстаў, якія арганізавалі выбух, дагэтуль не знайшлі, а позвы з прапановай «адкатаць» пальчыкі пачалі рассылаць ледзь ні ўсім мужчынам краіны. Хоць ад працэдуры фармальна і можна было адмовіцца, беларусы здавалі адбіткі, каб не паўстала праблем на працы або па месцы вучобы.

Шматлікія баяліся, што калі адмовяцца, іх пачнуць падазраваць у тэрарызме. Такім чынам, у міліцэйскія архівы патрапіла гіганцкая колькасць адбіткаў. Нават у Міністэрстве ўнутраных спраў падлічыць іх прыкладную лічбу сёння не могуць - або не хочуць яе называць.

«Я не ведаю. Пішыце лісты міністру», — заявіла прэс-сакратар МУС Святлана Бароўская.

А раптам міліцыі атрымаецца сабраць «пальчыкі» ва ўсіх мужчын? Ва ўпраўленні дэмаграфічнай статыстыкі Нацыянальнага статыстычнага камітэта дапамаглі падлічыць колькасць паўнагадовых мужчын непенсійнага ўзросту

«На пачатак года колькасць мужчын ва ўзросце ад 18 да 59 год уключна складае 2 мільёны 983 тысячы 774 чалавекі», - паведаміла прэс-сакратар камітэта Алена Кандраценка.

А калі ўлічыць, што «пальчыкі адкатваюць» і ў 16-гадовых падлеткаў, і ў пенсіянераў, то колькасць адбіткаў можа дасягаць 3 мільёнаў.

Ці можа «добраахвотнае дактыласкапаванне» беларусаў стаць самым масавым у свеце? «Еўрарадыё» звярнулася ў «Кнігу рэкордаў Гінэса» і прапанавала зарэгістраваць такі рэкорд.

Як распавёў кансультант прадстаўніцтва «Кнігі Гінэса» у Расеі Сяргей Сямёнаў, заяўку беларусы могуць падаваць адразу ў дзве кнігі: «Рэкордаў СНД» (рашэнне прымаецца ў Маскве) і «Рэкордаў Гінэса» (у Лондане). Разам гэтыя заяўкі каштуюць 1078 еўра.

«Вы можаце падаць заяўку на самае масавае дактыласкапаванне насельніцтва. Але верагоднасць таго, што яна пройдзе — пяцьдзесят на пяцьдзесят. Трэба рабіць экспертызу. Тое, пра што вы кажаце, адносіцца да катэгорыі крыміналістыкі. Калі гэтая галіна не адкрытая, яна можа адкрыцца па рашэнні рэдкалегіі», - прапанаваў Сяргей Сямёнаў.

Цяпер беларусам засталося чакаць афіцыйных лічбаў з Міністэрства ўнутраных спраў. І тады айчынная крыміналістыка будзе мець шанцы патрапіць у сусветную гісторыю.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках