14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўніцтва Беларусі пазычыла у Пуціна яшчэ 500 мільёнаў даляраў

37
Кіраўніцтва Беларусі пазычыла у Пуціна яшчэ 500 мільёнаў даляраў

Прэм'ер-міністр Расеі падпісаў пастанову аб вылучэнні Беларусі крэдыту ў памеры 500 мільёнаў даляраў.

«Па просьбе Беларусі мы дамо яшчэ адзін крэдыт на паўмільярды даляраў. Адпаведная пастанова падпісаная. Прашу Мінфін аператыўна яе выканаць», - сказаў прэм'ер на паседжанні прэзідыўма ўрада РФ.

Як перадае «Інтэрфакс», Уладзімір Пуцін нагадаў, што ў 2008 годзе Расея дала Беларусі стабкрэдыт у аб'ёме 1 мільярд даляраў, а «Газпрам» праплаціў за акцыі «Белтрансгаза» больш за 1,2 мільярда даляраў.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, на мінулым тыдні афіцыйны Менск заявіў, што не атрымаў ад Расеі чарговы крэдытны транш у паўмільярды даляраў. Грошы павінны былі прыйсці ў Менск 27 лютага.

2 мільярды даляраў, якія паабяцала даць Расея, падзеленыя на некалькі частак. Першы мільярд быў атрыманы яшчэ ўвосень, другі павінен быў прыйсці роўнымі часткамі - у лютым і сакавіку.

Тым не менш, беларускія эксперты ўпэўненыя, што крэдыты не дапамогуць уладам перанесці эканамічны крызіс.

«Крэдытаздольнасць Беларусі падае па меры паступлення кожнага новага крэдыту», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў.

«Спадзявацца пакуль што няма на што, -- заяўляе Леанід Злотнікаў. -- Займаць і «праядаць» атрымаецца толькі да канца гэтага года. У далейшым беларускі рубель ужо будзе немагчыма ўтрымліваць. Усталюецца больш нізкі ўзровень на шмат гадоў наперад. Расейскія эксперты заяўляюць, што пасля выхаду Расеі з крызісу, такога жыцця, якое было да 2008 года, дакладна не будзе. І беларусы нікуды не падзенуцца. Мы занадта залежым ад расейскай эканомікі».

Леанід Злотнікаў адзначае, што крызіс – гэта своеасаблівая праверка краінаў на жыццядзейнасць нацыянальных эканомікаў. Паводле яго словаў, адныя краіны выходзяць з крызісу ўмацаванымі, а іншыя – не. Эксперт адзначае, што беларускія ўлады пакуль не зрабілі рэальных дзеянняў для выратавання эканомікі.

«Пакуль не бачна рэальных дзеянняў па падвышэнні канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, -- лічыць эксперт. -- Улады не могуць вырашыць эканамічных праблемаў з-за таго, што ўсе гэтыя гады ў Беларусі захоўваліся сацыялістычныя механізмы эканомікі».

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках