28 снежня 2024, Субота, 8:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка сустрэўся са «штатным банкірам» дыктатара Мілошавіча

15

Беларускі дыктатар удзельнічае ў бізнэс-форуме на курорце Капаоніка.

Паводле паведамленьняў некаторых сэрбскіх СМІ, на бізнэс - форум у Капаоніку Лукашэнка трапіў паводле запрашэньня Драгаміра Карыча, перадае «Радыё Свабода».

Сэрбскі бізнэсовец, 60-ці гадовы Драгамір Карыч, чыя сям’я цягам працы Форуму прымала Лукашэнку ў Капаоніку, мае шырокія кантакты ў палітычных, дзелавых і навуковых колах як у краінах былой Югаславіі, так і за мяжой, у тым ліку і ў Расеі.

Разам з братамі Багалюбам, Зоранам і Срэценам 60-ці гадовы Драгамір Карыч зьяўляецца ўладальнікам мультынацыянальнай карпарацыі «Браты Карычы», а таксама заснавальнікам Асацыяцыі прамыславікоў і прадпрымальнікаў Karićevog.

Што да Багалюба Карыча, то ў часы праўленьня Мілошавіча той займаў розныя адказныя дзяржаўныя пасады, апошняя зь якіх – міністар па прыватызацыі СРЮ. Браты ня робяць таямніцы са свайго багацьця. У былых краінах Югаславіі іх дагэтуль называюць штатнымі банкірамі і галоўнымі ахоўнікамі грошай сям’і Мілошавіча.

Як падае выданьне Вorba, менавіта Драгамір Карыч у мінулую суботу сустракаў Лукашэнку ў аэрапорце Канстанцін Вялікі ў горадзе Ніш. Адтуль госьці накіраваліся ў Капаонік у гатэль «Гранд», які мае дачыненьне да асацыяцыі Karićevog.

Паводле выданьня, два вечары запар да позьняй ночы Лукашэнка разам з Карычам і вялікай кампаніяй быў у клюбе, дзе гучалі прамовы ў гонар Сэрбіі, Расеі і Слабадана Мілошавіча.

Паведамляецца, што ў кулюарах эканамічнага форуму беларускі кіраўнік меў сустрэчу з сэрбскім прэм’ерам Міркам Цьветкавічам і міністрам эканомікі Младанам Дзінкічам. Менавіта ў часе сустрэчы была дасягнутая дамоўленасьць адносна падпісаньня пагадненьня аб вольным гандлі паміж краінамі.

Трэба адзначыць, што пасля гэтай сустрэчы сербскі прэм'ер, кажучы пра развіццё адносінаў з Беларуссю, паведаміў, што Сербія ўдзельнічае ў рэалізацыі шэрагу праектаў, у прыватнасці будаўніцтва Менск-Сіці.

Тады ж на пытаньне сэрбскага прэм’ера адносна ўражаньняў высокага беларускага госьця аб адпачынку ў Капаоніку, беларускі кіраўнік адказаў:

«Я сьціплы чалавек, а гэта месца нібыта створана Богам».

Як вядома, у эканамічным форуме ў Капаоніку ўдзел бярэ і прэзыдэнт Сэрбіі Барыс Тадзіч. Пакуль яшчэ ніводнае з выданьняў не паведаміла адносна сустрэчы Тадзіча зь ягоным беларускім калегам. Аглядальнікі мясцовых, а таксама замежных выданьняў пішуць, што прамова Тадзіча на форуме была жорсткай.

Як паведамляе вугорскае Іnforadio, у сваёй прамове Тадзіч выказаў рэзкую занепакоенасьць той карупцыяй, якая назіраецца ў вышэйшых эшалёнах улады. Ён падкрэсьліў, што калі ў краіне не разьбяруцца з мафіяй у эканоміцы, палітыцы і правасудзьдзі, то Сэрбію неўзабаве могуць чакаць сур’ёзныя наступствы.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках