14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фінансавая міліцыя аказвае ціск на аднаго з лідэраў партыі БХД

3

На сваякоў сустаршыні партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя Георгія Дзмітрука аказваецца ціск з боку ўладаў. У Дэпартамент фінансавых расследаванняў выклікалі яго жонку і цешчу.

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 сам палітык, сёння яго сваякам і сакратару Мікалаю Саўчуку без тлумачэння прычынаў тэлефанавалі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў з патрабаваннем з'явіцца ў дэпартамент і падаць дакументы аб дзейнасці аб'яднання «Хрысціянская дзелавая ініцыятыва», старшынём якога таксама з'яўляецца Георгі Дзмітрук.

«Акрамя таго, што я прадстаўляю партыю БХД, я таксама з'яўляюся кіраўніком рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Хрысціянская дзелавая ініцыятыва». І вось сёння майму сакратару патэлефанавалі з ДФР з патрабаваннем падаць дакументы аб нашай дзейнасці за апошнія два гады. І гэта нягледзячы на тое, што да гэтага нас ужо правяралі тры разы. Нашая арганізацыя займаецца аказаннем гуманітарнай дапамогі, і яе правяраў нават Камітэт дзяржкантролю – а яны ж «вышэй» за ДФР. Потым нас двойчы праверыў сам ДФР, выклікалі тых людзей, якім мы дапамагаем, - і нічога не знайшлі. І зараз, нягледзячы на ўсё гэта, жадаюць праверыць ізноў!» - кажа Георгі Дзмітрук.

Хрысціянскі дэмакрат падкрэсліў, што гэтае патрабаванне ДФР супярэчыць нават указу Аляксандра Лукашэнкі аб спыненні падобнага роду праверак.

«Тым больш, што Аляксандр Лукашэнка, калі не памыляюся, яшчэ 19 снежня асабіста падпісаў указ, у якім адмяняе разнастайныя праверкі прадпрыемстваў і арганізацыяў. І, як я лічу, гэтая ініцыятыва не можа зыходзіць ад ДФР – яны ў плане эканомікі даволі пісьменныя спецыялісты, і шукаюць там, дзе нешта можна знайсці. А калі шукаюць на пустым месцы? Не, я ўпэўнены, што да гэтага датычны КДБ. Проста, відаць, яны добра націснулі на дэпартамент фінансавых расследаванняў», - заявіў Георгі Дзмітрук.

Сапраўднай прычынай гэткай пільнай увагі да «Хрысціянскай дзелавой ініцыятывы» палітык лічыць сваю грамадскую і палітычную дзейнасць.

«Як вы ведаеце, у суботу адбыўся з'езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, і я стаў сустаршынём партыі. І вось сёння, у пятніцу, калі яшчэ і тыдня не прайшло, і фарба на падпісаных дакументах не паспела высахнуць, тэлефануюць маім сваякам і патрабуюць падаць нейкія дакументы. У аднаго са сваякоў спыталі нават дакументы на…кацёл ацяплення! Акрамя таго, маю жонку і цешчу выклікалі ў ДФР. Жонка з'яўляецца сябрам партыі БХД, але вядома, гэты ціск менавіта за маю хрысціянскую і палітычную пазіцыю, як сустаршыні партыі», - упэўнены Георгі Дзмітрук.

Нагадаем, устаноўчы з'езд партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя адбыўся 28 лютага ў Доме культуры Трактарнага заводу ў Менску. Выступаючы падчас з'езду, сустаршыня партыі Георгі Дзмітрук зрабіў некалькі жорсткіх заяваў у адрас беларускіх уладаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках