15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алена Аўтуховіч: «Справа майго мужа і іншых прадпрымальнікаў была спланаваная загадзя»

2

Для Алены Аўтуховіч дата 8 сакавіка стала дваіста сімвалічнай: адзначаючы жаночы дзень, яна «адзначала» і трагічны юбілей - 8 сакавіка прайшоў роўна месяц, як спецслужбы арыштавалі яе мужа Мікалая Аўтуховіча.

Такім вось «горкім» для жонак ваўкавыскіх прадпрымальнікаў сталася 8 сакавіка, піша «Белорусский партизан».

- Алена, праз месяц пасля арышту мужа ў Вас захавалася хоць нейкая надзея, што ўся гэтая гісторыя скончыцца па-добраму?

- Пра што Вы, якая надзея? Калі пару дзён таму міністр чарговы раз казаў пра абвінавачванні (ён практычна зачытаў той жа тэкст, які ў справе фігураваў першапачаткова), менавіта тады я зразумела - гэта ўсё… Ніякай надзеі, ніякага прасвету. Гэтая справа было спланаваная, спланаваная загадзя, каб з мужа і іншых прадпрымальнікаў зрабіць тэрарыстаў, каб ні адна дзяржава не змагла абараніць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў.

- Што з Вашымі хадайніцтвамі аб тым, каб самой абараняць Мікалая?

- А нічога. Следства адразу ж адмовіла мне ў задавальненні хадайніцтва аб абароне. Следчы патлумачыў так: гэтае пытанне вырашаецца судом і па заяве самога абвінавачанага. Я падала скаргу на імя пракурора Гарадзенскай вобласці, але адказу пакуль няма.

- А сустрэцца з мужам Вам так і не дазволілі?

- Не, вядома. Ні пра якія сустрэчы няма і размовы. Абяцаць можна шмат, а вось на самой справе сустрэчу не даюць. Бо адразу ж пасля арышту не далі сабраць ні цёплыя рэчы, ні прадукты - маўляў, нічога не трэба, праверым - і адпусцім. Казаць яны могуць шмат што.

- Як Вам жывецца ў Ваўкавыску, што людзі кажуць?

- Людзі, якія думаюць, разумеюць, што ўсё гэта значыць. Старым нічога не патлумачыш; яны ж прызвычаіліся: улада сказала - гэта святое. Адразу ж пасля арышту ўлады апрацавалі грамадскую думку: праводзілі зборы на прадпрыемствах, дзе прамым тэкстам казалі, што Аўтуховіч, Лявонаў, Асіпенка ледзь не тэрарысты. Казалі, што ў іх канфіскавалі выбуховыя рэчывы…

У мяне ж працы няма, нічога няма. Мы здаем жылое памяшканне ў наём - з гэтага і жывем…

Трое актывістаў прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска Юры Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага пасля ператрусаў, якія праводзіліся супрацоўнікамі МУС. Тады ў выніку ператрусаў былі знойдзеныя звычайныя паяльнікі.

18 лютага прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне ў падпале хаты былога начальніка Ваўкавыскага РАУС. Падпал быў ажыццёўлены ў 2005 годзе, і вінаватыя ў ім даўно адбываюць пакаранне. Арыштаваным жа прадпрымальнікам пагражае да 12 гадоў турэмнага зняволення.

З моманту арышту блізкія сваякі ні разу не ўбачылі абвінавачаных. Следчы «справы» шматкроць адхіляў прашэнні жонак і дзяцей на спатканне з арыштаванымі прадпрымальнікамі, якія ўтрымліваюцца ў менскім СІЗА. У сувязі з тым, што адвакаты далі абяцанне аб нераспаўсюдзе падрабязнасцяў следства, сваякі Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі фактычна пазбаўленыя інфармацыі аб лёсе іх блізкіх. Таксама сваякам арыштаваных прадпрымальнікаў адмовілі ў праве выступаць іх абаронцамі.

Адзначым, што Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання ім была змененая на абмежаванне волі. 10 лютага гэтага года ў Ваўкавыску павінна было прайсці судовае слуханне па ўмоўна-датэрміновым вызваленні Мікалая Аўтуховіча.

Незалежныя праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя «Міжнароднай амністыяй» вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках