28 снежня 2024, Субота, 8:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: «Вырашылі браць з тых, хто яшчэ дыхае — з прадпрымальнікаў»

10

Эканаміст Леанід Заіка пракамэнтаваў падвышэньне ставак адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў, што ўводзіцца ад сёньня ў Менску.

Таксама ўводзіцца адзіны падатак для перагоншчыкаў аўтамабіляў і ўладальнікаў кватэраў «на суткі». А стаўка падатку на продаж тавараў праз інтэрнэт-крамы стане максымальнай. Гэта абумоўлена рашэньнем Менскага гарадзкога савету аб стаўках адзінага падатку. Таксама ад сёньня ўрад падвысіў верхнюю мяжу суадносінаў сярэдняга заробку кіраўнікоў і сярэдняга заробку па арганізацыях у цэлым ад 4 да 5. Чаму так адбываецца ва ўмовах крызісу, распавёў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.

Па асобных пазыцыях памеры стаўкі адзінага падатку на тавары і паслугі ў Менску павялічаныя ад 5 да 15 эўра - аднак ва ўмовах крызісу падаткі павінныя наадварот зьмяншацца, кажа экспэрт.

«Ва ўмовах крызісу падаткі зьмяншаюцца, калі працуе так званая тэорыя ўбудаваных стабілізатараў. Яна ўжывалася ў Вялікабрытаніі і эўрапейскіх краінах, там, дзе ўрад ведае, што быў такі Кейнс і ёсьць такія мэтады. А ўрад, які атрымаў адукацыю ў «нархозе», такіх словаў нават ня ведае і робіць тое, што бачыць. А ён бачыць, што трактарны завод выпускае толькі палову прадукцыі, аўтамабільная вытворчасьць стала меней на траціну, дарожная тэхніка засталася 10—12%.Таму, каб гарадзкі бюджэт мог абслугоўваць хоць бы прыбіральні, вырашылі браць з тых, хто яшчэ дыхае — з прадпрымальнікаў. Гэта мэтад пажарнай каманды. Пажарнікі тушаць той пажар, прычыны якога не разумеюць», - зазначае Леанід Заіка.

Перагоншчыкі аўтамабіляў, да прыкладу, павінныя цяпер плаціць адзіны падатак: 150 эўра — да 10 аўтамабіляў за месяц, і 180 эўра — за 10 і больш аўтамабіляў. Аднак спажыўцы ня ў стане вытрымаць падвышэньне коштаў.

«Беларусы з імпэтам купляюць аўтамабілі — 130—150 тысяч машын — і па выніках мінулага году на аўтамабілі беларусы трацяць каля мільярда даляраў. Як правіла, на 90% гэта ўжываныя аўтамабілі з Эўропы. Вось мы прадаем трактароў на мільярд даляраў і роўна на такую суму купляем няновыя машыны з Эўропы. Мне даводзілася ўжо казаць, каб урад патраціў 60—100 мільёнаў даляраў на будаўніцтва зборачных заводаў. Вось зараз індыйцы будуць выпускаць машыну Tata, якая будзе каштаваць недзе дзьве тысячы.

Што вы сядзіце, выпускайце такія ж танныя машыны! Навошта абкладаць данінай гэтых перагоншчыкаў? Яны ж выконваюць там сваю функцыю, дзе ўрад нічога ня робіць. Калі б кіраўнік краіны мог зразумець, што адбываецца, то ён адправіў бы ініцыятараў новых падаткаў на месца іх будучай працы — недзе далёка ад Менску», - падкрэсьлівае Леанід Заіка.

Падвышэньне падаткаў можа прывесьці да зьмяншэньня прыбыткаў прадпрымальнікаў альбо да падвышэньня цэнаў - але ж у крызіс цэны павінны зьмяншацца. Зь іншага боку, ад сёньня кіраўнікі прадпрыемстваў розных формаў уласнасьці пачнуць атрымоўваць большыя заробкі. Маўляў, «гэта будзе стымуляваць кіраўнікоў да атрыманьня валютнай выручкі, зьмяншэньня запасаў гатовай прадукцыі». Аднак жа ва ўмовах крызісу якраз заробкі павінны зьмяншацца, нагадвае эканаміст.

«Тыя, хто бліжэй да ўлады, усе ў шакалядзе. Самы выгадны від бізнэсу — знаходзіцца ва ўладзе. А тут адмыслова робіцца, бо дырэктарат будзе стрымліваць рэвалюцыйны націск пралетарыяту, які застанецца беспрацоўным. Дый у шмат каго з дырэктараў лёс будзе драматычны, бо каля 30% прадпрыемстваў «згараць». Таму перад «сьмерцю» можна і пакласьці ў кішэню. Цяпер жа на трактарным заводзе можна амаль палову людзей адпраўляць недзе катацца на лыжах у Аўстрыю.

Да прыкладу, Абама скараціў супрацоўнікам ураду заробкі. У Латвіі амаль у два разы скарацілі заробкі чыноўнікам. У Расеі па шмат якіх катэгорыях чыноўнікаў і службоўцаў рэзка зьменшылі заробкі і на гэтыя грошы ствараюць адзін мільён працоўных месцаў. Таму атрымоўваецца, што беларускі ўрад нічога ня робіць, і дарога яму толькі ў адстаўку», - заявіў Леанід Заіка.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках