15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэлекамунікацыйны галіновы саюз: Расейскія тэлеканалы забіралі рэкламу ў БТ

31

Рашэнне аб спыненні трансляцыі расейскіх тэлеканалаў чыноўнікі тлумачаць эканамічнымі прычынамі – абаронай беларускага рэкламнага рынка.

Спыненне вяшчання Першага канала (Сусветная сетка), НТБ-МІР, РэнТБ, РТР-Планета звязанае з неабходнасцю абароны нацыянальнага рынка рэкламы. Такое меркаванне БелТА выказаў выканаўчы дырэктар Тэлекамунікацыйнага галіновага саюза Беларусі Сяргей Казаннікаў.

Паводле яго словаў, існуе неабходнасць абароны нацыянальнага рынка тэлерэкламы ў сувязі з тым, што ў цяперашні час на расейскія тэлеканалы ідзе вельмі вялікі адток рэкламы, і ў выніку беларускія тэлеканалы ў прыватнасці і эканоміка ў цэлым губляюць велізарныя сумы на замяшчэнні рэкламы.

«Няма абсалютна ніякіх палітычных прычынаў у прынятым рашэнні, яно абумоўлена выключна эканамічнымі інтэрасамі. Безумоўна, на гэтае рашэнне ў пэўнай ступені паўплываў і сусветны фінансава-эканамічны крызіс», - сказаў Сяргей Казаннікаў.

Ён паведаміў, што прынятае рашэнне абмяркоўвалася і на ўзроўні міністра тэлекамунікацый Расеі.

«Яны ў курсе гэтай сітуацыі і з разуменнем ставяцца да прынятага рашэння. Тыя хваляванні, якія ў цяперашні час могуць узнікнуць у грамадстве, я лічу, паступова знівелююцца», - лічыць Сяргей Казаннікаў. У гледача, паводле яго словаў, застаецца магчымасць убачыць самыя цікавыя праграмы на сумешчаных версіях тэлеканалаў.

«Цікавую» версію адключэння расейскіх каналаў агучыў дырэктар кампаніі «Космас-ТБ» Вячаслаў Юхновіч.

Паводле яго словаў, неабходна ліквідаваць дубляванне каналаў, каб грамадзяне не плацілі двойчы.

«З пункта гледжання інфармацыі мець дубляваныя каналы і атрымліваць адну і тую ж інфармацыю з розніцай у 20-30 хвілінаў не ўяўляе асаблівай цікавасці», - сказаў ён.

Што датычыць эканамічнага складніка, Юхновіч адзначыў, што кошт каналаў, якія будуць транслявацца замест адмененых, у два разы ніжэй.

«Толькі 1 цэнт у кошце тэлеканала прыносіць для кампаніі эканомію ў памеры $1 тыс. у месяц. Гэтыя грошы можна выдаткаваць у тым ліку на закупку новага лічбавага абсталявання і развіццё лічбавага вяшчання ў Беларусі», - дадаў ён.

Беларускія кабельныя аператары заяўляюць, што ад замены расейскіх тэлеканалаў інтэрасы беларускіх гледачоў ніяк не пацерпяць.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках