15 лiстапада 2024, Пятніца, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцу Леаніда Свеціка хутка будуць судзіць

Праваабаронца Леанід Свецік скончыў азнаямленне са справай, узбуджанай супраць яго Віцебскім абласным упраўленнем КДБ.

У хуткім часе дакументы будуць перададзеныя ў пракуратуру, а пасля - у суд. Сваёй віны ні ў «распальванні міжнацыянальнай варожасці», ні ў «паклёпе на Аляксандра Лукашэнку» праваабаронца па-ранейшаму не прызнае, паведамляе «Радыё Свабода».

Па словах Леаніда Свеціка, матэрыялы крымінальнай справы супраць яго займаюць 11 тамоў па 250-300 старонак кожны. У распальванні міжнацыянальнай варожасці па артыкуле 130 часткі 1 Крымінальнага кодэкса яго вінавацяць на падставе з'яўлення ў Віцебску лістоў з пагрозамі ад імя «віцебскага філіяла «Русского Национального Единства», якія ў 2006-2007 гадах атрымлівалі мясцовыя грамадскія і апазіцыйныя актывісты.

Пераслед з боку КДБ Леанід Свецік лічыць помстай за сваю праваабарончую дзейнасць - за тое, што дапамагаў актывістам складаць скаргі ў міліцыю і пракуратуру, каб адказныя структуры знайшлі тых, хто дасылае гэтыя лісты. Міліцыянты адмаўляліся шукаць аўтараў, сцвярджаючы, што іх знайсці немагчыма, бо арганізацыя РНЕ ў Беларусі не зарэгістраваная.

Леанід сваю, у сваю чаргу, неаднаразова падкрэсліваў, што за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый у Беларусі караюць, успамінаючы прыклад «Маладога Фронту», і патрабаваў, каб актывістаў РНЕ прыцягнулі да адказнасці. Але ў крымінальнай справе, узбуджанай у выніку абласным упраўленнем КДБ, ён сам апынуўся спачатку сведкай, потым падазраваным, а паводле пастановы ад 31 сакавіка - ужо і абвінавачваным.

Хоць суду па справе яшчэ не было, у газеце «Советская Белоруссия» з'явілася артыкул віцебскага журналіста Сяргея Галесніка, які піша як аб быццам бы ўжо даказаным факце, што «жыхар Віцебску дасылаў лісты з пагрозамі ад імя РНЕ».

Імя Леаніда Свеціка ў артыкуле «Шиворот-навыворот» не згадана, аднак «героя» лёгка апазнаць.

«Лічу гэты матэрыял недакладным і хлуслівым, бо ўсе абвінавачванні супраць мяне засноўваюцца на экспертызах. Аўтараапазнавальная экспертыза на 100% засведчыла, што лісты напісаныя не мной, а Сяргей Галеснік піша, што менавіта яна даказвае маю віну. Яшчэ ў артыкуле ні словам не згадана аб тым, што мяне вінавацяць яшчэ і па артыкуле 367 часткі 2 Крымінальнага Кодэкса - у паклёпе на прэзідэнта краіны», - тлумачыць Леанід Свецік.

Праваабаронца лічыць, што аб так званым паклёпе на беларускага кіраўніка ў «Савецкай Беларусі» не згадваецца адмыслова - каб занадта не прыцягваць увагу грамадскасці з разлікам як раз на тое, каб зрабіць суд закрытым для журналістаў і праваабаронцаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках