12 лiстапада 2024, aўторак, 23:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністэрства інфармацыі пастанавіла знішчыць выданне, якое крытыкуе будаўніцтва АЭС

1

Намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак пастанавіў знішчыць асобнікі газеты «Астравецкі веснік», канфіскаваныя ў сакавіку ў грамадскага актывіста Івана Крука.

«Асобнікі газеты «Астравецкі веснік» падлягаюць знішчэнню», — цытуе ліст чыноўніка сайт ucpb.org.

Нагадаем, супрацоўнікі міліцыі па «наводцы» КДБ 4 сакавіка канфіскавалі ў актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі Івана Крука, які знаходзіўся ў в. Альхоўка, два асобнікі «Астравецкага весніка» - выдання фарматам А3 і тыражом 299 асобнікаў, у якім утрымліваюцца матэрыялы супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі.

Пазней, 6 і 12 сакавіка, міліцыя правяла ў Астраўцы агляд кватэры Івана Крука ў пошуках «друкаванай прадукцыі, якая незаконна вырабленая і незаконна захоўваецца, а таксама сродкаў для друку».

Міністэрства інфармацыі не знайшло ў дзеяннях актывіста «складу адміністрацыйнага правапарушэння».

«Прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці магчымае пры ўмове распаўсюду перыядычных друкаваных выданняў без выходных звестах. Факт распаўсюду Круком І.Ф. газеты «Астравецкі веснік» супрацоўнікамі праваахоўных органаў выяўлены не быў», — адзначыў Ігар Лапцёнак.

Акрамя таго, былі канфіскаваныя толькі два асобнікі аднаго нумару газеты «Астравецкі веснік». На падставе гэтага, адзначыў намеснік міністра, «зрабіць выснову пра аднясенне гэтага выдання да перыядычных друкаваных выданняў немагчыма».

Тым не менш, Міністэрства інфармацыі пастанавіла знішчыць гэтыя два асобнікі.

«Бо яны не ўяўляюць істотнай каштоўнасці і выпушчаныя з парушэннем патрабаванняў Міжнароднага стандарту ДАСТа 7.5-95 у частцы ўказання выходных і выпускных звестах», — зазначыў Ігар Лапцёнак.

Іван Крук мае намер звярнуцца ў Міністэрства інфармацыі за тлумачэннем, у чым канкрэтна заключаюцца парушэнні. А ў Генеральную пракуратуру — з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія праводзілі агляд кватэры. Актывіст лічыць, што пастанова на такія дзеянні вынесеная і санкцыянаваная незаконна, з перавышэннем службовых паўнамоцтваў. У Канстытуцыйны суд Іван Крук накіруе зварот з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням супрацоўнікаў міліцыі і дзяржбяспекі.

«Я таксама задам пытанне, чаму парушаецца маё канстытуцыйнае права (артыкул 33) на свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выяўленне», — сказаў ён.

Актывіст АГП мае намер таксама інфармаваць амбасадараў еўрапейскіх краінаў пра тое, што ўлады забараняюць распаўсюджваць інфармацыю супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках