12 лiстапада 2024, aўторак, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затыкнуць дзірку гандлёвага балансу прыйдзецца новай дэвальвацыяй?

18

Дэфіцыт знешняга гандлю, судзячы па тэмпах, набраных з пачатку года, можа пабіць яшчэ не адзін рэкорд.

Па ўдакладненых дадзеных Белстата, у студзені-лютым 2009 года адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі перавысіла 1 млрд. даляраў (раней называлася лічба 815 млн.). «Крыць» такі перакос гандлёвага балансу ўраду пакуль няма чым. Па меркаванні экспертаў, сітуацыю можа палепшыць наступная дэвальвацыя рубля і істотнае падаражэнне імпарту, пішуць «Беларускія навіны».

Такі рост склаўся пад уплывам паніжэння экспарту на 47,8% у параўнанні са студзенем-лютым 2008 года і скарачэнні імпарту на 32,1%, паведамляе «Інтэрфакс-Захад» са спасылкай на Белстат. Агульны аб'ём знешняга гандлю Беларусі за два месяцы 2009 года паменшыўся на 39,6% у параўнанні са студзенем-лютым 2008 года.

У апошні раз сальда знешняга гандлю было ў плюсе ў 2005 годзе (праўда, перад гэтым таксама быў мінус, але не такі катастрафічны). Тады яно склала 164,6 млн. даляраў. У 2006 годзе было ўжо мінус 1,7 млрд., у 2007-м — мінус 2,7 млрд., у 2008-м — мінус 4,4 млрд. даляраў. За два месяцы цяперашняга года адмоўнае сальда склала 1,092 млрд. даляраў. У выніку толькі за першыя два месяцы сальда знешняга гандлю «з'ела» дзве траціны прагнозу ўрада на ўвесь 2009 год (ён складае мінус 1,5 млрд. даляраў). Хоць і сам прагноз, па адзнаках экспертам, выглядаў нерэалістычным.

Тэндэнцыя сыходу сальда ў мінус у апошнія годы павінная была стаць сігналам ураду і Нацбанку для карэктоўкі валютна-грашовай палітыкі ў краіне, лічыць эканаміст, старшыня Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага (БСПН) Георгій Бадзей. У прыватнасці, да паслаблення беларускага рубля. Аднак апошнія годы нацыянальную валюту, наадварот, умацоўвалі. Па адзнацы БСПН, з 2004 па 2008 годы сярэднеўзважаны курс беларускага рубля да даляра знізіўся на 3,6%, а інфляцыя за гэты перыяд склала 67,3%. Такім чынам, за апошнія пяць год беларускі рубель умацаваўся да даляра больш чым на 60%, што зніжала рэнтабельнасць нашага экспарту і стымулявала развіццё імпарту.

«Складана зразумець, навошта мы працягвалі ўмацоўваць рубель, маючы з кожным годам рост адмоўнага сальда. Даляр павінен быў расці, адпавядаць свайму рэальнаму кошту», — сказаў кіраўнік БСПН.

Дэвальвацыя рубля, якая адбылася ў пачатку года (у агульнай складанасці амаль на 30% па стаўленні да даляра) была запозненай мерай і эфекту не прынесла. Па меркаванні эксперта, для таго, каб ён з'явіўся, патрабуецца больш часу. Акрамя таго, з-за сусветнага крызісу ўпаў попыт на беларускую прадукцыю. Скажае рэальную эканамічную сітуацыю ў краіне «унікальная ў свеце» сістэма рэгулявання коштаў, адзначыў ён.

Штучна стрымліваць курс за кошт замежных крэдытаў, залазячы ў велізарныя даўгі, таксама не выйсце. «Калі б было зразумела, што заўтра ўсё скончыцца і стане на свае месцы, тады такая палітыка была бы апраўданая. Але ж канца крызісу пакуль не бачна», — адзначыў эксперт.

Пры гэтым ніякія адміністрацыйныя меры ў выглядзе заданняў па павелічэнні экспарту і абмежаванні імпарту не ў сілах выраўнаваць дысбаланс знешняга гандлю. Каб палепшыць сітуацыю, трэба і далей плыўна дэвальваваць рубель, рабіць даляр дарагім, лічыць Георгій Бадзей. «Імпарт павінен быць для нас дарагім, каб яго было невыгодна ўвозіць і купляць. А у нас, наадварот, абмяжоўваюць кошты на імпарт (пастанова Мінэканомікі № 183 па абмежаванні гандлёвых надбавак на імпартныя тавары), тым самым, імкнучыся патанніць яго. Дзе логіка?», — адзначыў ён.

Па меркаванні кіраўніка бізнэс-саюза, пры падаражэнні імпарту мясцовы бізнэс будзе зацікаўлены ў вытворчасці ўласнай аналагічнай канкурэнтнай прадукцыі. Пры гэтым імпартазамяшчэннем павінен займацца прыватны бізнэс, малы і сярэдні, і для гэтага яму неабходна ствараць умовы. Развіццё бізнэсу, канкурэнцыя прывядуць да паніжэння коштаў. Насельніцтва будзе пераходзіць на таннейшыя беларускія тавары.

Праўда, дзяржава робіць стаўку на валаўтваральныя прадпрыемствы, а не на развіццё малога і сярэдняга бізнэсу. «Дзе гарантыя, што заўтра іх прадукцыя будзе запатрабаваная? Такой гарантыі няма. Захаваўшы старую структуру вытворчасці, калі ўпор робіцца на буйныя прадпрыемствы, мы рызыкуем няхутка выйсці на новы ўзровень развіцця эканомікі і новыя вытворчасці», — адзначыў Георгій Бадзей.

Нагадаем, у лютым першы віцэ-прэм'ер урада Ўладзімір Сямашка заявіў, што ўмераная і разумная дэвальвацыя нацыянальнай валюты стымулюе развіццё экспарту. «Гэта тое, што нам трэба. У разумных межах, мякка, усведамляючы свае дзеянні, гэта, мусіць, трэба рабіць», — казаў ён. Пры гэтым, спасылаючыся на словы прэзідэнта, ён тады падкрэсліў, што абвальнай дэвальвацыі не будзе.

Аднак такая тактыка беларускага ўрада пакуль не прынесла бачных вынікаў. За два месяцы экспарт скараціўся ў паўтара разы больш, чым імпарт.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках