15 лiстапада 2024, Пятніца, 6:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Палатка» прыняла закон «Аб амністыі»: Будуць перагледжаныя справы 30 тысяч зняволеных

11

«Палата прадстаўнікоў» у двух чытаннях прыняла законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Прадстаўляючы дадзены законапраект, выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў паведаміў, што з месцаў пазбаўлення волі могуць вызваліцца больш за 4,5 тыс. асуджаных, якія пакрылі прычыненую шкоду, перадае «Інтэрфакс».

Па папярэдніх разліках міністэрства ўнутраных спраў, у выніку планаванай амністыі можа быць вызвалена з выпраўленчых устаноў закрытага тыпу каля 2495 чалавек, з выпраўленчых устаноў адкрытага тыпу - 1849. Па інфармацыі МУС, усяго амністыя закране каля 30 тысяч асуджаных.

Пад амністыю патрапяць ільготныя катэгорыі асоб, у тым ліку непаўнагадовыя, цяжарныя жанчыны, жанчыны, якія маюць непаўнагадовых дзяцей і адзінокія мужчыны, пенсіянеры, інваліды, хворыя нна актыўную форму сухотаў, ВІЧ- інфікаваныя, ветэраны баявых дзеянняў, удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, асобы, якія атрымалі раненні пры выкананні абавязкаў у перыяд праходжання службы. Акрамя гэтага, пад амністыю 2009 года трапляюць асобы, якія здзейснілі злачынствы, што не прадстаўляюць вялікай грамадскай небяспекі (да 2 год пазбаўлення волі) і менш цяжкія злачынствы (да 6 год пазбаўлення волі).

Па амністыі 2009 года таксама будуць вызваляцца асуджаныя за менш цяжкія злачынствы - пры адбыцці не менш чым адной чвэрці тэрміна пакарання. Пад гэтую катэгорыю таксама трапляюць асуджаныя за асобныя цяжкія эканамічныя злачынствы - крадзёж, махлярства, прысваенне альбо растрата, крадзёж шляхам выкарыстання кампутарнай тэхнікі ў буйным і асоба буйным памеры, за выключэннем асоб, якія здзяйснялі злачынства ў складзе арганізаванай групы - пры адбыцці не менш чым адной траціны тэрміна пакарання.

Міністэрства ўнутраных спраў прагназуе, што каля 10% ад агульнай колькасці асоб, якія будуць вызваленыя па амністыі, могуць з часам ізноў вярнуцца ў месцы пазбаўлення волі.

«Дапушчаю, што 10-12% ад агульнай колькасці асоб, якія будуць вызваленыя па амністыі, ізноў могуць у сілу розных акалічнасцяў апынуцца ў месцах пазбаўлення волі», - заявіў Анатоль Куляшоў.

Падчас абмеркаванняў законапраекта беларускі «дэпутат» Генадзь Давыдзька заявіў, што пад амністыю хабарнікі павінныя трапіць.

«Адпусціце хабарнікаў! Чаму яны не трапляюць пад амністыю?», - адрасаваў Давыдзька сваё пытанне выканаўцу абавязкаў міністра ўнутраных спраў Куляшову.

Каментуючы пытанне Давыдзькі, Куляшоў адзначыў, што «трэба ўлічваць у гэтым пытанні ступень небяспекі такой з'явы, як хабарніцтва».

«Яны, атрымліваючы хабары, дыскрэдытуюць уладу», - сказаў А.Куляшоў. Пры гэтым ён адзначыў, што «утрыманне зняволеных, у тым ліку і хабарнікаў, задавальненне не з танных: адзін асуджаны абыходзіцца дзяржаве ў Br333 тыс. на месяц».

«У іх ёсць магчымасць адпрацоўваць», - працягнуў в.а. міністра.

Разам з тым, А.Куляшоў адзначыў, што ў цяперашні час у Генеральнай пракуратуры Беларусі распрацоўваюцца дадаткі і змены ў заканадаўства, накіраваныя на ягоную лібералізацыю, у тым ліку і па злачынствах, звязаным з хабарамі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках