15 лiстапада 2024, Пятніца, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Лабковіч: Закон «Аб амністыі» павінны выкарыстоўваць для вызвалення палітвязняў

Беларускія праваабаронцы ўпэўненыя, што, паводле прынятага закона «Аб амністыі», павінны быць вызваленыя ад пакарання моладзевыя актывісты, асуджаныя на «Працэсе 14-ці» за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.

«Безумоўна, мы, праваабаронцы, патрабуем, каб улады любым спосабам спынілі крымінальны пераслед актывістаў, асуджаных на «Працэсе 14-ці». Адным з прымальных для ўладаў варыянтаў можа стаць закон «Аб амністыі», пад які могуць падпасці моладзевыя актывісты і гэта вызваліць іх ад пакарання. Фармальна тут усё залежыць ад фармулёвак, якія ёсць у законе. Калі ў законе сказана, што амністыя не прымаецца ў дачыненні да асобаў, у дачыненні да якіх былі вынесеныя дысцыплінарныя спагнанні за парушэнне правілаў адбыцця пакарання, дык амністыя не будзе распаўсюджвацца ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці». І гэтым улады пакажуць, што яны не маюць ніякага жадання нават фармальна адмяняць пакаранне ў дачыннені маладых апазіцыянераў», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 вядомы беларускі праваабаронца Уладзімір Лабковіч.

На думку праваабаронцы, ужыванне ўладамі закона «Аб амністыі» стане паказчыкам таго, наколькі ўлады хочуць праводзіць так званую «лібералізацыю».

«Безумоўна, удзельнікі «Працэсу 14-ці» з'яўляюцца палітвязнямі, і міжнародная грамадскасць павінна звярнуць на гэта ўвагу. Калі ў уладаў ёсць добрая воля, і яны прыслухаюцца да патрабаванняў беларускай і міжнароднай грамадскасці, дык яны выкарыстаюць механізмы закона «Аб амністыі» для вызвалення апазіцыянераў. Калі так званая «лібералізацыя» – гэта проста нічым не падмацаваныя словы, дык ўлады, вядома, не будуць вырашаць праблему наяўнасці ў краіне палітвязняў», -- склаў Уладзімір Лабковіч.

Нагадаем, што 15 красавіка «палата прадстаўнікоў» прыняла ў двух чытаннях законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», які быў унесены на разгляд Аляксандрам Лукашэнкам.

14 сакавіка ля Дома ўраду ў Менску была разагнаная акцыя з патрабаваннем амніставаць палітвязняў. Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» сталі на плошчы Незалежнасці, трымаючы расцяжку «Амністыю ўдзельнікам «Працэсу 14-ці»!». Праз некалькі хвілінаў ахова Дома ўраду выклікала супрацоўнікаў міліцыі і апазіцыянераў звезлі ў Маскоўскі РУУС Менска.

Нагадаем, што «Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да суду 9 снежня 2008 года ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбывання пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі.

Варта адзначыць, што Арцём Дубскі нібыта за парушэнне правілаў адбыцця пакарання вось ужо некалькі месяцаў знаходзіцца пад арыштам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках