12 лiстапада 2024, aўторак, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жаліба: «У лепшым выпадку працягнем год. А мо і не працягнем»

20

Крэдыты, што паступаюць у Беларусь з-за мяжы, выдаткоўваюцца вельмі хутка, а ідуць пераважна на падтрымку курсу беларускага рубля.

Міністэрства фінансаў Беларусі разьлічвае правесьці ў гэтым месяцы перамовы з Расеяй пра выдзяленьне двух крэдытаў — 100 мільярдаў расейскіх рублёў і 2 мільярдаў даляраў. Для гэтага беларускі бок накіраваў запыт на сустрэчу зь міністрам фінансаў Расеі Аляксеем Кудрыным.

Таксама беларускі бок працягвае перамовы з Усясьветным банкам адносна крэдыту на адзін мільярд даляраў. Пра гэта заявіў міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец. Напрыканцы красавіка працягнуцца перамовы з МВФ адносна выдзяленьня другой траншы стабілізацыйнага крэдыту. Тым часам, у Беларусі толькі абвастраецца валютная праблема, распавёў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» эканаміст Барыс Жаліба.

- Беларусь яшчэ не атрымала апошняй траншы на 500 мільёнаў даляраў ад 2-мільярднага расейскага крэдыту, а ўжо просіць новыя. Афіцыйны Менск шукае грошай як на ўсходзе, так і на захадзе. Чаму Беларусь ня можа абысьціся без пазыкаў?

- У нас абвастраецца валютная праблема. Яна не вырашаецца, а абвастраецца. Трэба ж далей падтрымліваць курс беларускага рубля. Мы атрымалі ўжо крэдыты. Засталося 500 мільёнаў ад расейскага крэдыту. Атрымалі ад Вэнэсуэлы. Чакаем наступную траншу ад МВФ — каля 800 мільёнаў даляраў. І мы гэтыя крэдыты хутка выдаткоўваем пераважна на падтрымку курсу беларускага рубля і на крэдытаваньне, падтрымку рэальнага сэктару. І іх не хапае. Лічаныя месяцы — і гэтага няма. І калі паглядзець, што будзе летам, увосень, то ясна, што гэтых крэдытаў, якія далі ці дадуць, недастаткова. Таму ўрад вядзе няспынную працу, каб атрымаць яшчэ. Простыя падлікі паказваюць: калі мы яшчэ нечага ў некага не пазычым, то мы, відаць, у найлепшым выпадку працягнем гэты год. А можа, і году не працягнем.

- Паводле расейскага амбасадара Аляксандра Сурыкава, міністры фінансаў Беларусі і Расеі пачалі разьбірацца па ўсёй гаме атрыманых крэдытаў: у якія тэрміны беларускі бок можа іх вярнуць? Маўляў, у Беларусі можа быць праблема зь вяртаньнем пазыкаў, і магчыма, што давядзецца нешта даваць пад заклад. Як жа Беларусь будзе разьлічвацца за крэдыты? Здаецца, пакуль гэтае пытаньне ня надта турбуе афіцыйны Менск?

- Гэта цяжкае пытаньне. У нас бягучы доўг ёсьць. Нам трэба вярнуць так званыя карпаратыўныя крэдыты, паводле экспэртаў, на 8 мільярдаў даляраў. Гэта бягучыя крэдыты нашага рэальнага сэктару, нашых прадпрыемстваў. І колькі мы набралі ўжо на дзяржаўным узроўні! Ад Вэнэсуэлы — да Расеі і МВФ. Як і калі мы будзем разьлічвацца за іх? Тут праблема нарастае як сьнежны ком. Гэта турбуе ўсіх беларусаў. Хто там сядзіць ва ўрадзе і Нацыянальным банку і лічыць, як гэта мы будзем разьлічвацца?

Давядзецца прадаваць «фамільнае срэбра». Бо Расея паклала вока на шэраг нашых флягманаў — на нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку, на «Бабруйскшыну», «Гродна-Азот», а сёньня гэта і МАЗ. У яе канкрэтныя інтарэсы. І калі няма чым разьлічвацца, як паказвае гісторыя іншых дзяржаў, разьлічваюцца маёмасьцю, прадпрыемствамі. Гэта такая небясьпека, што мы ўжо ня будзем гаспадарамі. І на якіх умовах давядзецца разьлічвацца, каб не прадаць танна гэтых прадпрыемстваў?

- Аднак, нягледзячы на эканамічныя праблемы, кіраўніцтва Беларусі настойвае, напрыклад, на тым, што трэба «працягваць будаўніцтва спартовых аб’ектаў»...

- Я таксама прыхільнік спорту. Я таксама хацеў бы, каб наша Беларусь стала гаспадыняй чэмпіянату па хакеі ў 2014 годзе. Трэба ў Чыжоўцы збудаваць адпаведны лядовы палац. Але што да іншых праграмаў, то трэба нешта прыпыняць. Бо сёньня гэтага, можа, не відаць, але потым прыпрэ да сьцяны. І тады, магчыма, прыгадаем, што трэба ж было падлічыць і прыпыніць нейкія аб’екты ня першай важнасьці. Ну, тут нейкая саманадзейнасьць. Бюджэт ужо сэквэстравалі. Ужо скарацілі і выдаткі, і прыбыткі. І слушна зрабілі. Таксама трэба зрабіць інвэнтарызацыю іншых артыкулаў. І калі аб’ект не такі ўжо неабходны, то трэба не пачынаць будоўлю ці замарозіць.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках