29 снежня 2024, Нядзеля, 12:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: «За наступныя рэпрэсіі Эўропа будзе адказваць разам з Лукашэнкам»

6

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адмоўна паставіўся да запрашэньня Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчу кіраўнікоў краінаў, якія ўваходзяць у праграму «Ўсходняе партнэрства».

Такое запрашэньне беларускаму кіраўніку перадаў сёньня міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг.

Вінцук Вячорка выказаў перасьцярогу, што адбываецца ўніфікацыя падыходаў Эўразьвязу да краінаў-удзельніц праграмы «Ўсходняе партнэрства», піша старонка pbnf.org.

«Фактычна, Лукашэнка атрымаў індульгенцыю з рук старшынства Эўразьвязу. Індульгенцыю за зьніклых, за тых, хто сядзеў і сядзіць цяпер, за звольненых з працы і гвалтоўна прызваных у войска. Пэўная частка вэртыкамі зразумее гэта як індульгенцыю для сябе. Значыць, можна далей трэціраваць беларускі народ, але заствацца ў добрай кампаніі», - пракамэнтаваў Вінцук Вячорка.

На думку палітыка, гэта таксама і кепская навіна для беларускага грамадзтва, паколькі яна паказвае, што для Эўропы ейныя ж каштоўнасьці ня ёсьць прынцыповымі.

«Ад гэтага моманту Эўропа разам з Лукашэнкам будзе несьці адказнасьць за наступныя рэпрэсіі ў Беларусі. Партыя БНФ ад пачатку вітала далучэньне Беларусі да праграмы «Ўсходняга партнэрства». Гэтая праграма была каштоўная тым, што прадугледжвала індывідуальны падыход да кожнай з краінаў-удзельніц, можна было гаварыць пра абумоўленая партнэрства, пра адкладзенае партнэрства, пра пэўныя крокі, якія мусяць быць зробленыя. Зараз бачна, што адбылося спрашчэньне, уніфікацыя гэтых падыходаў», - зазначае Вінцук Вячорка.

Цяпер ёсьць небясьпека, што разам з уніфікацыяй заяўленыя прынцыпы дэмакратыі могуць звыраднець, калі штучна закансэрваваны валадар краіны будзе працягваць зьнішчаць беларускую эканоміку.

«З Лукашэнкі нельга зрабіць нават кіраўніка Малдовы Ўладзімера Вароніна, рэпутацыя якога апошнім часам ня вельмі добрая. Варонін праводзіць унутраную палітыку ўчоршняга дня, а Лукашэнка - унутраную палітыку пазаўчорашняга дня», - заявіў першы намесьнік старшыні Партыі БНФ.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках