28 снежня 2024, Субота, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: «У дыктатара хопіць нахабства з'явіцца ў Прагу»

25

Былы старшыня Вярхоўнага Савета лічыць, што запрашэнне Лукашэнку на саміт ЕЗ – вялікая памылка.

«Я лічу, што запрашэнне Лукашэнкі на саміт – вялікая памылка з боку Еўропы, -- заявіў Станіслаў Шушкевіч у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97. -- Такі палітычны жэст узаконьвае яго рэжым, які тая ж Еўропа не прызнае і лічыць нелегітымным. У Еўропе зараз усе мітусяцца. Па-першае, праходзяць выбары ў Еўрапарламент – трэба паказаць, што праведзеная нейкая праца ў адносінах з Беларуссю. Еўропа пачынае кідацца – то яна рэжым Лукашэні прызнае, то не. Яна проста не ў стане ўявіць, што на чале дзяржавы можа стаяць такі дзікі чалавек як Лукашэнка, які бязлітасна распраўляецца са сваімі апанентамі».

Нядаўна ў прэсе з'явілася інфармацыя, што напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства» адбудзецца сустрэча кіраўніка МЗС Чэхіі Карэла Шварцэнберга з лідэрамі беларускай апазіцыі, сярод якіх будзе і Станіслаў Шушкевіч. Аднак, па словах палітыка, ён яшчэ не атрымліваў афіцыйнага запрашэння на сустрэчу са Шварцэнбергам.

«Пакуль я не атрымліваў афіцыйнага запрашэння, -- кажа экс-старшыня Вярхоўнага Савета. -- Я атрымаў тэлефоннае паведамленне ад неафіцыйнай крыніцы, якая паведаміла, што я запрошаны на сустрэчу з кіраўніком чэшскага МЗС. Калі такая сустрэча адбудзецца, я буду вельмі рады. Я скажу спадару Шварцэнбергу, каб ён браў прыклад з прэзідэнта Чэхіі Вацлава Клаўса, які заявіў, што не падасць рукі Лукашэнку і не запросіць яго ў сваю рэзідэнцыю».

Нягледзячы на меркаванні шматлікіх экспертаў, што беларускі кіраўнік адправіць замест сябе на саміт Сяргея Сідорскага ці Сяргея Мартынава, Станіслаў Шушкевіч заяўляе, што Лукашэнка паедзе сам.

«Я перакананы, што паедзе, -- лічыць Станіслаў Шушкевіч. -- І ўся нашая беларуская прапаганда будзе паляваць у калідорах, каб зрабіць «выгодныя» здымкі. Як гэта было на саміце АБСЕ у Стамбуле, калі ўсе сілы прапаганды працавалі на тое, каб злавіць момант, як Лукашэнка цісне руку Клінтану. Тут будзе тая ж карціна. Пасля саміту беларускія прапагандысты будуць трубіць на ўвесь свет: «Глядзіце, Лукашэнку прыняла ўся Еўропа».

Як заяўляе Станіслаў Шушкевіч, беларускага дыктатара не спыняць нават магчымыя пратэсты з боку кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаваў падчас саміту. «У Лукашэнкі ж нахабства хапае. У адказ на магчымыя нападкі еўрапейскіх лідэраў, ён проста скажа, што яшчэ не ўся Еўропа яго зразумела», -- заяўляе палітык.

На думку Станіслава Шушкевіча, вынікам саміту не стане паляпшэнне дыялогу Беларусі з Еўразвязам.

«У нас няма легітымнай улады, -- кажа палітык. -- Вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў не прызнаюцца Еўропай. У Беларусі адных палітвязняў вызвалілі, а іншых пасадзілі. Калі і адбудуцца нейкія змены ў дыялогу ЕЗ з Беларуссю, дык толькі ў Еўропе. Таму што ў еўрапейскіх краінах улада кантралюецца грамадствам. У Беларусі няма грамадскага кантролю. Пасля саміту тут працягне працаваць беларуская прапаганда, якая будзе сцвярджаць, што мы самая шчаслівая нацыя на свеце».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках