30 снежня 2024, панядзелак, 22:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Івашкевіч: Аб тым, як пройдзе «Чарнобыльскі шлях», беларускаму кіраўніку прыйдзецца адказаць у Празе

Арганізатары «Чарнобыльскага Шляха» заклікаюць беларусаў прыйсці 26 красавіка ў 12:00 на Акадэмію навук з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Намеснік старшыні Партыі БНФ і адзін з арганізатараў «Чарнобыльскага Шляха» распавёў сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску аб падрабязнасцях правядзення акцыі.

«Арганізатары «Чарнобыльскага шляха» вырашылі, што шэсце пройдзе па запланаваным маршруце: Акадэмія навук – праспект Незалежнасці – Якуба Коласа – Веры Харужай – Кульман – Чарнобыльская капліца. Паколькі сэнсам акцыі з'яўляецца менавіта дэманстрацыя, то прапанова ўлад праводзіць яе па вуліцы Сурганава, дзе зараз праходзяць рамонтныя працы, немэтазгодна. Міліцыя нас ужо папярэдзіла аб недапушчальнасці беспарадкаў. І усе арганізатары акцыі таксама заяўляюць, што ніякіх беспарадкаў падчас «Чарнобыльскага шляха» не дапусцяць», - паведаміў Віктар Івашкевіч.

Збор удзельнікаў шэсця адбудзецца 26 красавіка з 12.00 да 13.00 каля будынку Акадэміі навук.

«На гэта даў дазвол Менгарвыканкам, і таму гэта з'яўляецца абсалютна законным. Я заклікаю людзей прыйсці са сцягамі, плакатамі і іншай сімволікай, якая выяўляла бы іх стаўленне да чарнобыльскай трагедыі. Далей мы зладзім ланцуг з людзей з плакатамі – па адным чалавекі ў шэраг, а даўжынёй – колькі будзе ўдзельнікаў», - распавёў арганізатар «Чарнобыльскага Шляха».

Па ягоных словах, такая акцыя не створыць ніякіх нязручнасцяў іншым людзям, якія ў гэты час будуць знаходзіцца на вуліцы.

«Зразумела, такі фармат маніфестацыі ніяк не можа перашкодзіць ні мінакам на вуліцы, ні наведвальнікам Камароўскага рынка, ні гандлярам шапікаў з гароднінай і садавінай – калі толькі прашкаджаць не стануць самі ўлады.

Акрамя таго, такі маршрут дазволіць мінакам азнаёміцца з «Чарнобыльскім шляхом» і дазволіць нам данесці да людзей на вуліцах інфармацыю аб праблеме Чарнобыля і будаўніцтве АЭС у краіне. Я спадзяюся, што ўлады не будуць перашкаджаць у рэалізацыі нашага канстытуцыйнага права. Не могуць жа нам забараніць, проста-проста, мірна ісці па вуліцы!» - адзначыў намстаршыні Партыі БНФ

«Усе сябры аргкамітэта «Чарнобыльскага Шляха» заявілі, што не хочуць канфрантацыі з міліцыяй і не будуць гэтага рабіць», - падкрэсліў ён.

Віктар Івашкевіч таксама адзначыў, што не чакаецца памяншэнне колькасці ўдзельнікаў шэсця ў параўнанні з мінулымі акцыямі ў сувязі з тым, што з 26 - 28 красавіка афіцыйна абвешчаныя выходнымі днямі.

«Усім не дагодзіш. Хтосьці з'едзе з горада на тры дні? Так заўсёды бывае: хтосьці прыязджае, хтосьці з'яжджае. Адным вельмі цёпла, і яны едуць на лецішча. Іншым вельмі халодна, і таму яны не выходзяць з дома на вуліцу. Не бывае ідэальных умоваў для правядзення маніфестацый. Бывае суб'ектыўнае жаданне людзей выйсці на дэманстрацыю», - падкрэсліў ён.

Па меркаванні намесніка старшыні Партыі БНФ, удзельнікі «Чарнобыльскага Шляха» будуць паводзіць сябе арганізавана.

«Усе арганізаваныя групы, у тым ліку і моладзь, пагадзіліся ісці па ўзгодненым маршруце. Таму не чакаецца, што хтосьці вырашыць пайсці ў іншы бок. Што датычыцца канкрэтных грамадзян, то гэта іх права - хадзіць у якіх заўгодна напрамках», - растлумачыў Віктар Івашкевіч.

Як лічыць арганізатар дэманстрацыі, для правядзення «Чарнобыльскага Шляха» не патрабуюцца дадатковыя перамовы з міліцыяй.

«Гэта проста не ў іх кампетэнцыі. Адна справа – маніфестацыя, удзельнікі якой занялі вуліцу або перакрылі праезную частку. І зусім іншае – калі тысячы чалавек ідуць па вуліцы з плакатамі адзін за другім, нікому не перашкаджаючы. Такая дэманстрацыя не можа нікому пашкодзіць, за выключэннем, можа быць, некаторых чыноўнікаў, якіх раздражняе сама прысутнасць маніфестантаў з плакатамі», - сказаў Віктар Івашкевіч.

Арганізатары «Чарнобыльскага Шляха» заклікаюць не паддавацца на магчымыя правакацыі беларускіх спецслужбаў.

«Калі будуць такія спробы з боку міліцыі, то мы проста не будзем падыходзіць да іх ушчыльную і абыйдзем. У якім напрамку – зараз сказаць не магу, гэта залежыць ад таго, у якім канкрэтна месцы будзе створаны «кардон». Гэта дазволеная акцыя, і таму ўся адказнасць за правакацыі з боку міліцыі ляжыць на ўладах. Вядома, інфармацыя аб гэтым дойдзе да тых еўрапейскіх чыноўнікаў, якія будуць размаўляць з Аляксандрам Лукашэнкай ў Празе. Я думаю, згадванні аб усіх гэтых шчытах яму «дапамогуць» правесці там перамовы», - заявіў палітык.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках