27 снежня 2024, Пятніца, 14:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўразвяз паставіў беларускаму рэжыму ўмовы

16
Еўразвяз паставіў беларускаму рэжыму ўмовы

Беларусь зможа прыняць удзел толькі ў шматбаковых праектах у межах новай палітыкі Еўрпейскага Звяза «Усходняе партнёрства», паколькі двухбаковай часткі пакуль не існуе.

Пра гэта еўракамісар па знешняй палітыцы Беніта Ферэра-Вальднер заявіла на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі 23 красавіка, перадае БелаПАН.

Беніта Ферэра-Вальднер нагадала, што «Беларусь сама выказала жаданне збліжацца з ЕЗ». «Мы адкрытыя і спадзяемся на прагрэс <…>, што мы ў далейшым зможам супрацоўнічаць з уладамі Беларусі», — заявіла еўракамісар.

Паводле яе словаў, ЕЗ узаемадзейнічае з беларускімі няўрадавымі арганізацыямі і СМІ. З афіцыйнымі прадстаўнікамі Еўракамісія пачала кансультацыі ў асобных галінах: транспарт, энергетыка, змена клімату.

Еўракамісар адзначыла, што прапанова для Беларусі аб паўнавартасным сяброўстве ў Еўрапейскай палітыцы добрасуседства «застаецца адкрытай, але для гэтага неабходна выканаць пэўныя ўмовы». «Вы ўсе ведаеце пра пяць рэкамендацыяў, якія мы зрабілі Беларусі», — зазначыла Беніта Ферэра-Вальднер.

Нагадаем, што ў кастрычніку 2008 года з 12 рэкамендацыяў у якасці асновы нармалізацыі адносінаў з Беларуссю ЕЗ вылучыў пяць: рэформа выбарчага заканадаўства, забеспячэнне свабоды аб'яднанняў, стварэнне ўмоваў для дзейнасці няўрадавых арганізацыяў, свабода прэсы і зняццё абмежаванняў для свабоды асобы.

У лютым у Беларусі з'явіліся новыя палітычныя вязні: лідэры прадпрымальніцкага руху Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка.

Пад пагрозай зняволення знаходзяцца таксама іншыя маладыя людзі – Арцём Дубскі, Максім Дашук, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Аляксандр Баразенка, Павал Вінаградаў, Міхаіл Субач, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, прысуджаныя да абмежавання волі за ўдзел у акцыях апазіцыі.

У сакавіку скончыла жыццё самагубствам праваабаронца Яна Палякова, асуджаная на 2,5 гады абмежавання волі.

Акцыі апазіцыі па-ранейшаму падаўляюцца супрацоўнікамі АМАПа з ужываннем сілы. Дэмакраты па-ранейшаму не маюць доступу да дзяржаўных СМІ, а большасць незалежных газетаў дагэтуль не могуць друкавацца і распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках