14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Расеі: Тэлеканалы маглі адключыць па загадзе беларускіх ідэолагаў

44

Аляксандр Сурыкаў не выключае наяўнасць ідэалагічнай падаплёкі ў адключэнні расейскіх тэлеканалаў.

«Ёсць частка меркаванняў, што да гэтага датычныя ідэалагічныя структуры. 5 каналаў замененыя на 5 каналаў, але інфармацыйна-аналітычныя замененыя на інфармацыйна- забаўляльныя», - перадае словы расейскага амбасадара Аляксандра Сурыкава «Інтэрфакс».

«Мы лічым, што трэба сесці за стол перамоў і раз і назаўжды зафіксаваць палітыку на інфармацыйным полі дзвюх краін», - падкрэсліў Сурыкаў.

Амбасадар не лічыць, што дадзенае рашэнне было ўсвядомлена прынятае напярэдадні дня «яднання» Беларусі і Расеі. «Ніякай падаплёкі шукаць не трэба», - адзначыў ён.

Сурыкаў таксама лічыць справядлівымі заўвагі беларускага боку аб слабой прадстаўленасці беларускіх СМІ на расейскім медыя-рынку.

«Відавочна выспявае тэма распрацоўкі дамовы аб узаемадзеянні СМІ Расеі і Беларусі на медыя- рынку Расеі і Беларусі», - адзначыў амбасадар.

Ён таксама падкрэсліў, што не звязвае дадзенае рашэнне беларускага боку з нявырашанасцю пытання аб выдачы крэдыту ў 100 млрд рас.рублёў.

Нагадаем, што з 1 красавіка беларускія кабельныя тэлеаператары перасталі трансляваць 5 расейскіх тэлеканалаў: «Первый канал. Всемирная сеть», «РТР-Планета», «НТВ-Мир», «Рен ТВ», TVCI.

Факт адключэння расейскіх каналаў хаваўся да апошняга. Чыноўнікі Міністэрства інфармацыі, а таксама буйныя кабельныя аператары яшчэ 31 сакавіка адмаўляліся ў каментарах і запэўнівалі, што ніякіх загадаў аб спыненні трансляцыі да іх не паступала. Аднак ужо 1 красавіка замест пяці расейскіх каналаў з'явіліся «Россия. Вести 24 часа», «Мир. СНГ», «ТНТ».

Як стала вядома 1 красавіка, рашэнне аб адключэнні каналаў было прынятае на паседжанні Тэлекамунікацыйнага галіновага саюза нібыта ў сувязі з тым, што каналы парушылі новы беларускі закон аб СМІ.

Адзначым, што спыненне вяшчання ў Беларусі «РЕН ТВ» некаторыя звязваюць з суботняй перадачай «Тыдзень з Мар'янай Максімоўскай», у якой быў паказаны сюжэт, прысвечаны асабістаму жыццю Аляксандра Лукашэнкі. На «Першым канале. Сусветная сетка» выходзіць праграма «Пражэктарпэрысхілтан», у якой таксама рэгулярна з'яўляюцца жарты аб Лукашэнку. Прычым з версіі праграмы, якая транслюецца тэлеканалам ОНТ, яны выразаюцца.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках