28 снежня 2024, Субота, 6:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 год таму не стала Генадзя Карпенкі (Фота)

22
10 год таму не стала Генадзя Карпенкі (Фота)

Віцэ-спікер Вярхоўнага Савета 13 склікання Беларусі сканаў пры нявысветленых абставінах ад кровазліцця ў мозг.

6 красавіка 1999 года нечакана абарвалося жыццё 49-гадовага палітыка Генадзя Карпенкі, які, па меркаванні шматлікіх, павінен быў стаць кіраўніком нашай краіны ў 2001 годзе, піша «Салідарнасць».

Аб тым, як прайшоў свой жыццёвы шлях чалавек, які працаваў футбольным арбітрам, навукоўцам, мэрам Маладзечна і віцэ-спікерам Вярхоўнага Савета, узгадваюць ягоныя сябры і паплечнікі.

Генадзь Дзмітрыевіч Карпенка нарадзіўся 17 верасня 1949 года ў Менску. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў у Інстытуце ядзернай энергетыкі Акадэміі навук Беларусі. З 1983 года працаваў у НВА парашковай металургіі.

У 1987-1990 г.г. — дырэктар заводу парашковай металургіі ў г. Маладзечна.

У 1990 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, а пасля старшынём камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. З 1991 па 1994 год — старшыня Маладзечанскага гарвыканкама. У 1995 годзе ізноў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання, а пасля — намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета.

Доктар тэхнічных навук, сябар-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Аўтар 40 вынаходніцтваў.

Сканаў ад кровазліцця ў мозг 6 красавіка 1999 г. Ва ўзросце 49 год. Сваякі і прадстаўнікі апазіцыі сумняюцца ў натуральных прычынах ягонай смерці і лічаць, што ягоная смерць была гвалтоўнай і да яе датычныя беларускія ўлады.

Аляксандр Карпенка, брат Генадзя Карпенкі: «Яшчэ быўшы ў 4-м класе, Гена арганізаваў бізнэс»

Гена меў арганізатарскія здольнасці з дзяцінства. Яшчэ быўшы ў 4-м класе, ён арганізаваў бізнэс. Суседка падарыла нам фільмаскоп, і брат пачаў праводзіць сеансы для іншых дзяцей з нашага двара. Квіткі прадаваў па 5-10 капеек, а на выгандляваныя грошы купляў для гледачоў крэслы. Расклад сеансаў у нашай хаце ведала ўся вуліца.

Потым у 7-8 класе Гена прыдумаў ачысціць пляцоўку пад знесенымі побач з намі баракамі і зрабіць там футбольнае поле. Мы паставілі браму, і паміж дварамі пачаліся спаборніцтвы. Усе скідаліся на прызы, і пераможцы атрымлівалі пасля цукеркі. З нашага двара, дарэчы, у вялікі футбол патрапіў Сяргей Бароўскі — будучы чэмпіён СССР-1982 і галоўны трэнер зборнай Беларусі.

У інстытут Гена паступіў толькі з другой спробы, але ягоныя вынаходніцтвы ў галіне металургіі цяпер выкарыстоўваюцца нават у касмічнай тэхніцы: паверхня спадарожнікаў цяпер устойлівая і не руйнуецца.

Але Гена не быў памяшаны на адной навуцы. У інстытуце ён пачаў працаваць футбольным арбітрам і ўжо праз некалькі год судзіў матчы вышэйшага ўзроўня.

Не ўзгадаю, каб брат сустракаўся з дзяўчынамі, але на 4-м курсе пабраўся шлюбам з Людай, з якой пражыў амаль 30 год. Думаю, што яна правільна зрабіла, калі пасля смерці мужа, з'ехала з дзецьмі ў Германію: тут бы ім не далі ні працаваць, ні жыць.

Ні бацька, ні маці не хацелі, каб Гена займаўся палітыкай. Для гэтага ў цябе павінная быць моцная каманда, як у футболе, а адзін чалавек нічога змяніць не мог. Шкада, што апошнія год пяць я з ім так нармальна аб жыцці і не пагаварыў: вакол яго заўсёды былі людзі, людзі…

Маленькі Генадзь Карпенка з дваюраднымі братамі. Ніхто з іх да старасці не дажыў: хтосьці загінуў у аўтакатастрофе, хтосьці — у моры, хтосьці — ад інсульта

Лявон Цімохін, дэпутат Маладзечанскага гарсавета пачатку 1990-х: «Для нас было вялікім здзіўленнем, што дырэктар заводу размаўляе па-беларуску»

Калі Генадзь Дзмітрыевіч узначаліў у нашым горадзе завод, для нас, мясцовай інтэлігенцыі, было вялікім дзівам, што ён пачаў спрабаваць размаўляць па-беларуску. Больш за тое, ён прапанаваў: а давайце вывучым беларускай мове ўсіх супрацонікаў завода. У выніку праз год уся дакументацыя вялася на прадпраемстве па-беларуску! Такога ў Беларусі яшчэ ніхто не рабіў!

Да ягонага прыходу на заводзе парашковай металургіі былі велізарныя збоі. Але прайшло зусім мала часу і ў завода з’явіліся грошы. Пачалося будаўніцтва жылля, развіццё інфраструктуры.

Калі ў Маладзечна ўпершыню былі дэмакратычна абраны дэпутаты гарадскога савета, мы сабралі подпісы і накіраваліся да Карпенкі ў Вярхоўны Савет прасіць яго стаць мэрам горада. Ён пагадзіўся і зрабіў пасля ў горадзе шэраг пераўтварэнняў.

Карпенка надзяляў увагу і матэрыяльнаму, і духоўнаму жыццю людзей. Развівалася эканоміка, якая апіралася на прыватную ініцыятыву. Горад стаў творчай сталіцай Беларусі — пачалі праводзіцца тэатральны фестываль і фестываль беларускай песні і паэзіі, які жыве і дагэтуль.

У горадзе з’явілася цудоўная футбольная каманда і стадыён. Маладзечна пачалі называць «Горадам сонца».

Дагэтуль няма такога чалавека, які б па зробленаму для нашага горада хаця б наблізілася да Генадзя Дзмітрыевіча.

Валер Костка, памочнік Генадзя Карпенкі ў Вярхоўным Савеце: «Нашым абедам быў чорны хлеб і кавалачак сала»

У мяне і Генадзя Карпенкі перасякаліся сваяцкія сувязі, мы былі знаёмы даўно, але агульная праца звязала нас у Маладзечне. Калі пачаліся праблемы з маёй службай у КДБ, Карпенка запрасіў мяне на пасаду кіраўніка справамі гарвыканкама.

Пасля таго як структура гарвыканкамаў перайшла ў падпарадкаванне прэзідэнту, Карпенка з-за сваіх палітычных поглядаў пакінуў пасаду мэра Маладзечна і працягнуў працу ў Вярхоўным Савеце, удзельнікаў якога выбіраў народ. Ён не ішоў да ўлады як да кармушкі, ён хацеў выкарыстаць уладу, каб змяніць жыццё людзей у лепшы бок.

Калі Карпенка стаў намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета XIII склікання, я пайшоў да яго памочнікам. Што мяне ў ім ўражвала, дык тое, што ён быў дастаткова аскетычным чалавекам. У невялікіх перапынках паміж працай Карпенка клікаў: пайшлі перакусім. У пакоі адпачынку ў яго заўсёды ляжаў шматок сала, чорны хлеб і гарбата з цукрам. Вось такі ў нас быў абед. А калі Карпенка памёр, не засталося нават грошай, каб яго годна пахаваць.

Карпенка працаваў вельмі дынамічна. Калі ён быў адначасна і мэрам у Маладзечна, і дэпутатам Вярхоўнага Савета, то падымаўся ў пяць гадзін раніцы, ехаў у Маладзечна, а адтуль ляцеў у Мінск. А падчас абедзеннага перапынку мог зноў вярнуцца ў Маладзечна.

Генадзь усур’ёз рыхтаваўся да прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. Фактычна ў апошнія гады ягонага жыцця, калі ён з’яўляўся намеснікам старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, фарміравалася будучая каманда, у якую ўваходзіў і я. Многія ўжо тады прыглядаліся да Карпенкі, як да будучага прэзідэнта.

Як вядома, Генадзь памёр ад інсульта, але ў мяне ёсць падазрэнні, што той быў наўмысна справакаваны. Праз месяц пасля смерці Карпенка знік Захаранка, яшчэ праз некалькі месяцаў Ганчар — гэта дае падставы думаць, што смерць Генадзя таксама была не выпадковай.

Людміла Гразнова, палітык, праваабаронца: «Жанчыны былі ад яго ў захапленні»

У Вярхоўным Савеце 13 склікання, дзе ён быў віцэ-спікерам, Генадзь Карпенка стаў для мяне эталонам палітыка. Як ён вёў паседжанні! Гэта была песня!

У зале Вярхоўнага Савета, як правіла, была наэлектрызаваная атмасфера, але Карпенка, у адрозненні ад спікера Сямёна Шарэцкага, гэтую напругу ўмеў здымаць. Цалкам дарэчнымі жартамі, добрымі словамі ён дазваляў нам становіцца людзьмі. Мы глядзелі на яго, як зачараваныя, і сцішваліся.

Карпенка не проста ладзіў з людзьмі, ён умеў знаходзіць агульную мову з рознымі палітычнымі сіламі — ад наменклатуры да апазіцыі. З усімі ён быў у добрых чалавечых адносінах. Мне здаецца, што калі б у Беларусі тады прайшлі дэмакратычныя выбары, ён (у добрым сэнсе) мог стаць для ўсіх зручнай постаццю.

У апошнія гады ягонага жыцця Генадзь Дзмітрыевіч стаў для мяне блізкім чалавекам. Было шмат выпадкаў, якія дазволілі ўбачыць ягоную прыстойнасць і людскасць.

Памятаю, у 1997 годзе мяне хацелі выключыць з партыі за тое, што я не падтрымала адну ініцыятыву Ганчара. Адзіным чалавекам, які мяне тады падтрымаў, быў Карпенка. Я вельмі добрае памятаю, як мы стаялі на кухні, і гэты вялікі пад 2 метры вышыні мужчына падыйшоў да мяне, зразумеў, што ў мяне на душы, і супакоіў літаральна двума-трыма словамі.

Злева направа — Станіслаў Багданкевіч, Ніл Гілевіч, Людміла Гразнова, Генадзь Карпенка

Карпенка сябе ніколі не піарыў, але ягоная «сціпласць» неверагодна імпанавала ўсім. Жанчыны былі ад яго ў захапленні. Як толькі ён кудысьці заходзіў, усе вочы глядзелі на яго: такая постаць, такая дабрыня. Ён насіў доўгае скураное чорнае паліто, быў сапраўдным волатам, у чыіх вачах пры гэтым быў розум — рэдкае спалучэнне.

Запомнілася, як восенню 1996-га да нас увечар прыехала Галіна Старавойтава, што для нас азначала падтрымку дэмакратычнай Расеі. Генадзь Дзмітрыевіч прама ў сябе ў кабінеце арганізаваў стол, Андрэй Клімаў пабег за шампанскім і мы зладзілі цёплую сустрэчу. Было так прыемна, так добра. Нам падавалася, што вось сёння мы дэпутаты, а ўжо заўтра будзем прымаць рашэнні па кіраванні краінай.

Ніхто і падумаць не мог, што ўсё абрынецца ў раз, што ўжо праз два гады заб'юць Галіну, а праз тры не будзе ў жывых і Генадзя.

Адзначым, што раптоўная смерць Генадзя Карпенкі, якая суправаджалася шэрагам загадкавых падзей, адбылася за месяц да альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў, прыхільнікі правядзення якіх адмовіліся прызнаць навязаныя Лукашэнкай змены ў Канстытуцыі, якія значылі падаўжэнне тэрміна ягоных паўнамоцтваў на прэзідэнцкай пасадзе. Безумоўны фаварыт гэтых выбараў і адзін з ініцыятараў імпічменту Лукашэнкі, Генадзь Карпенка прадстаўляў рэальную пагрозу дзеючай уладзе.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках