14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Па справе Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі затрыманы слесар кампаніі «Сціф-Транс» Віктар Макуць

7

Слесар кампаніі «Сціф-Транс» Віктар Макуць быў затрыманы ў панядзелак у Ваўкавыску і дастаўлены ў менскую турму на вуліцы Акрэсціна.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Воўчак, раніцай 6 красавіка ўпаўнаважаным аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Яраславам Кавецкім і чатырма супрацоўнікамі спецпадраздзялення «Алмаз» у хаце, падвале хаты, а таксама ў паветці, якія належаць В.Макуцю, быў праведзены ператрус. У паветці знойдзена некалькі паляўнічых патронаў, паведаміў А.Воўчак. Сам В.Макуць затрыманы.

«Фірма «Сціф-Транс» займаецца грузаперавозкамі і арандавала памяшканне там жа, дзе працаваў Мікалай Аўтуховіч, — сказаў А.Воўчак. — Макуця ўжо дапытвалі па гэтай справе 8 лютага — у дзень, калі былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка Зараз супрацоўнікі праваахоўных органаў заявілі, што тады Макуць нешта схаваў ад следства. Яго затрымалі на тры дні і адправілі ў Менск. Па нашай інфармацыі, ён знаходзіцца ў турме на вуліцы Акрэсціна».

Праваабаронца падкрэсліў, што В.Макутю 55 гадоў, у яго маці-інвалід і ў самога высокі нырачны ціск. «Яму не далі магчымасці ўзяць з сабой лекі, а без лекаў ён не можа», — заявіў А.Воўчак.

Нагадаем, што ваўкавыскія прадпрымальнікі Ю.Лявонаў, М.Аўтуховіч і У.Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. Санкцыю на затрыманне і ператрус у іх кватэрах даў пракурор Гарадзенскай вобласці. 18 лютага ўсім тром было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што М.Аўтуховіч і Ю.Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя «Міжнароднай амністыяй» вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках