31 снежня 2024, aўторак, 0:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандар Казулін: «Адстаўка Навумава – гэта не разьвітаньне, а прыкрыцьцё мінулага»

5

Былы палітзьняволены і кандыдат у прэзідэнты Аляксандар Казулін пракамэнтаваў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» адстаўку міністра ўнутраных справаў Беларусі.

«Зразумела, што гэта апошні з магіканаў, які быў ў блізкім атачэньні Лукашэнкі з тых даўніх часоў і які вельмі шмат ведае», - кажа Аляксандар Казулін.

«Цяперашняе МУС нагадвала колішняе міністэрства бясьпекі -- МГБ ў былым СССР, якое было над усімі, і над сыстэмамі кантролю і над усімі астатнімі спэцслужбамі. Гэта, канечне, прыводзіла да вельмі шырокай карумпаванасьці. Таму гэта значыць разьвітаньне... Не разьвітаньне, а прыкрыцьцё гэтага мінулага і спробу, канечне, і ў цяперашніх умовах вырашаць надзённыя праблемы», - зазначае палітык.

На думку Аляксандра Казуліна, адстаўка спадара Навумава абсалютна не азначае, што ў Беларусі ня будуць зьяўляцца новыя крымінальныя справы супраць апазыцыйных актывістаў ці брутальныя разгоны маніфэстацый.

«Брутальныя разгоны маніфэстацый не залежаць ад асобы, хаця Навумаў адыграў сваю асабістую ролю ў гэтым сэнсе. Але зараз Навумаў ужо ня можа быць тым, хто кантралюе ўсе сілавыя структуры. Цяпер ёсьць чалавек, які гэта кантралюе, гэта Віктар Лукашэнка», - падкрэсьлівае былы палітзьняволены.

Нягледзячы на тое, што беларускі рэжым намагаецца даказаць сьвету сваю «дэмакратычнасьць», адпраўляючы Навумава ў адстаўку, аднак сутнасьць дыктатуры Лукашэнкі будзе праяўляцца далей, мяркуе Аляксандар Казулін.

«Я лічу, што зараз улада апранае нейкі новы строй і імкнецца даказаць сьвету, што гэты касьцюм ёй вельмі пасуе. Але ж сутнасьць вылазіць і будзе вылазіць далей. Цяпер ні на каго нельга будзе сьпісаць, бо ўсе тыя людзі, якія былі навідавоку, сышлі ў цень. Таму зараз, усё што будзе рабіцца, будзе датычыцца спадара Лукашэнкі і ягоных сыноў», - заявіў ён.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках