9 лiстапада 2024, Субота, 1:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бародка: «Усе размовы пра дэмакратызацыю і лібералізацыю беларускага грамадства – пустыя словы»

3

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бародка, які прыняў 1 траўня ўдзел у акцыі салідарнасці з палітвязнямі, нагадаў, што Менгарвыканкам, парушаючы закон, забараніў сёння святкаваць Дзень Еўропы.

«Як вядома, 1 траўня адзначаецца не толькі дзень міжнароднай салідарнасці працаўнікоў, але і Дзень Еўропы, таму што ў гэты дзень адбылося значнае пашырэнне Еўразвяза - у ЕЗ уступілі 10 новых краінаў. Я з'яўляюся актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», і мы захацелі адзначыць гэтую падзею. Паколькі ў краіне нібыта адбываецца «лібералізацыя», мы папрасілі афіцыйны дазвол у Менгарвыканкаме на правядзенне пікету ў гонар Дня Еўропы. Гэта быў своеасаблівы тэст для ўладаў: ці гатовыя яны забяспечваць правы чалавека, рэалізоўваць правы беларусаў на свабоду сходаў, мітынгаў і выступаў, ці не гатовыя», -- нагадаў Зміцер Бародка ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

«Высветлілася, што ўсе размовы пра дэмакратызацыю і лібералізацыю беларускага грамадства – пустыя словы. Паводле надуманай падставы менскія ўлады адмовілі нам у такім праве. Яны спаслаліся на часткі артыкула 5 Закона аб масавых мерапрыемствах, якія яшчэ не ўступілі ў сілу. Але нават не ў гэтым справа. Я просты чалавек, які не мае юрыдычнай адукацыі, прашу ва ўладаў даць мне магчымасць збіраць подпісы ў вызначаным законам месцы. І мне гэта не даюць па надуманых прычынах. Я бачу, што ў прынцыпе нічога не змяняецца, і беларускія ўлады самі штурхаюць нас на такія акцыі пратэсту. Гэта крык душы. Мы не парушалі ніякіх законаў, а стаялі з партрэтамі палітвязняў насупраць ізалятара. Улады ж зрабілі як звычайна, кінуўшы супраць людзей узброеных дубінкамі амапаўцаў», - заявіў актывіст «Еўрапейскай Беларусі».

Нагадаем, што актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бародка і Максім Сяргеяў падалі заяўкі на правядзенне пікетавання ў менскім парку Дружбы народаў. У адказе, падпісаным намеснікам старшыні Менгарвыканкама М.С.Ціценковым, сказана, што Менгарвыканкам не дазваляе правядзенне пікетавання, бо яно не адпавядае часткам пятага і шостага артыкула 5 Закона аб масавых мерапрыемствах, аднак гэтыя часткі закона яшчэ не ўступілі ў законную сілу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках