9 лiстапада 2024, Субота, 0:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У падтрымку палітвязняў у Беларусі галадаюць ужо 29 чалавек

2
У падтрымку палітвязняў у Беларусі галадаюць ужо 29 чалавек

Палітзняволены Мікалай Аўтуховіч ужо 26 дзён галадае ў СІЗА ў знак пратэсту супраць незаконнага арышту.

Стан здароўя ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які галадае, значна пагоршыўся, паведаміў яго адвакат Павал Сапелка.

Паводле яго словаў, Аўтуховіч па-ранейшаму знаходзіцца ў медыцынскай частцы следчага ізалятара № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. «Ён адчувае сябе вельмі дрэнна. Вельмі дрэнныя аналізы. Пачынаюцца праблемы з печанню», — сказаў Сапелка.

Пры гэтым, як адзначыў адвакат, Аўтуховіч мае намер працягваць галадоўку «да канца». Ніякіх следчых дзеянняў з удзелам ваўкавыскага прадпрымальніка не праводзіцца, дадаў ён.

З 11 траўня бестэрміновую галадоўку ў знак салідарнасці з палітвязнем пачала актывістка «Маладога Фронту» Кася Салаўёва. Дзяўчына далучылася да шасці маладафронтаўцаў, якія трымаюць галадоўку ў офісе Партыі БНФ.

«Калі мне было цяжка, людзі навокал шчыра мяне падтрымлівалі і дапамагалі мне. Чаму я не магу зрабіць самае мінімальнае для чалавека, які знаходзіцца ў такой складанай сітуацыі – быць з ім салідарнай, ахвяраваць часцінку сябе?», - кажа Кася Салаўёва.

9 траўня аб удзеле ў галадоўцы таксама абвесцілі актывісты «Маладога Фронту», якія навучаюцца па праграме Каліноўскага ў польскім горадзе Гнезна Яраслаў Грышчэня і Арцём Ластавецкі, а таксама 16-гадовая актывістка арганізацыі з Менска Дар'я Латушкіна.

Як стала вядома, з 7 траўня трымае галадоўку і грамадская актывістка з Берасця Наталля Касцючык.

«Я не магу застацца абыякавай, калі людзі, блізкія мне па поглядах, знаходзяцца ў такой страшэннай сітуацыі, несправядліва знаходзяцца за кратамі. Таму, спадзяюся, нашая салідарнасць дапаможа дамагчыся вызвалення палітвязняў», - каментуе сваё рашэнне дэмакратычная актывістка.

Нагадаем, што 4 траўня шэраг палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі абвясцілі бестэрміновую галадоўку ў падтрымку затрыманых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, якія ўтрымоўваюцца ў сталічным СІЗА № 1. Сярод удзельнікаў галадоўкі — экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, былыя палітвязні Андрэй Кім, Мікалай Статкевіч, Сяргей Скрабец, Арцём Дубскі, лідэр кардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, актывісты «Маладога Фронту» Анастасія Палажанка, Мікола Дземідзенка і іншыя.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць зняць абвінавачванні з арыштаваных лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, неадкладна вызваліць іх, а таксама рэабілітаваць усіх палітвязняў у краіне і спыніць пераслед грамадзянаў па палітычных матывах.

У Менску і іншых рэгіёнах Беларусі таксама кожны дзень праходзяць вулічныя акцыі салідарнасці.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках