28 снежня 2024, Субота, 3:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За мужнасць у журналістыцы

20
За мужнасць у журналістыцы

Вядомая беларуская журналістка Ірына Халіп заваявала прэстыжную ўзнагароду Міжнароднага фонду жанчынаў у СМІ у намінацыі «За мужнасць у журналістыцы».

Ірына Халіп уганараваная гэтай узнагародай разам з радыёрэпарцёрам з Камеруна Агнес Тае і журналісткай з Ірана Джыле Бан'ягуб.

«Гэтыя цудоўныя журналісткі зрабілі выбар на карысць асвятлення навінаў у трох краінах, дзе пошук праўды ставіць іх пад пагрозу арышту, фізічнай расправы і нават гібелі, – заявіла Джудзі Вудраф, старшыня камітэта Фонду па прысуджэнні ўзнагародаў «За мужнасць у журналістыцы». -- Нягледзячы на гэта яны нястомна, на працягу шматлікіх гадоў рызыкуюць сваім жыццём і сродкамі да існавання, раскрываючы гісторыі, якія праліваюць святло на жыццё сваіх суайчыннікаў і прасвятляюць нас усіх».

У распаўсюджаным прэс-рэлізе Міжнародны фонд жанчынаў у СМІ паведамляе пра лаўрэатаў наступнае:

«Ірына Халіп -- журналістка і рэдактарка Менскага бюро «Новай газеты». Вось ужо больш за 15 гадоў Ірына працуе журналістам у Беларусі - краіне, дзе становішча журналістаў адно з самых цяжкіх у свеце. Яна працавала ў шэрагу газетаў, якія адна за другой былі зачыненыя ўрадам. Зараз Ірына працуе ў «Новай газеце», адной з найбольш незалежных газетаў у краінах былога Савецкага Саюза, дзе таксама працавала Ганна Паліткоўская, якая атрымала ў 2002 годзе ўзнагароду «За мужнасць» і была забітая ў 2006 годзе. Ірына Халіп неаднаразова зведвала арышты і збіццё з боку міліцыі, якая трымае яе пад пастаянным наглядам.

Агнес Таe -- рэпарцёр радыё- і тэлеканала Canal 2 International, Камерун. Тае робіць рэпартажы на тэму правоў чалавека і свабоды прэсы, сярод якіх – смелыя гісторыі, якія раскрываюць некампетэнтнасць і карупцыю ўрадавых чыноўнікаў. У 2006 годзе, калі яна працавала рэпарцёрам на радыёканале Sweet FM, Тае прыстрашылі, запатрабаваўшы спыніць рэпартажы пра карупцыю на ўзроўні ўрада. Журналістка не звярнула ўвагі на пагрозы. Неўзабаве пасля гэтага трое мужчынаў у масках выкралі яе з дома, прыстрашыўшы нажом, збілі і пакінулі паміраць у яры. Пасля нападу яе перадача была зачыненая. Пасля свайго выздараўлення Тайе вырашыла працягваць журналісцкую дзейнасць і перайшла на новую працу на Canal 2, дзе яна асвятляе жыццё ў паўночных правінцыях Камеруна.

Джыла Бан'ягуб -- незалежная журналістка і галоўны рэдактар Інтэрнэт-сайта Kanoon Zanan Irani (У фокусе – іранскія жанчыны), Іран. Бан'ягуб працуе ў абстаноўцы, якая накладвае найбольшыя абмежаванні як на дзейнасць журналістаў, так і на жыццё жанчынаў. Нягледзячы на гэта, яна робіць бясстрашныя рэпартажы пра дзяржаўны і сацыяльны прыгнёт, асабліва ў тым, што датычыць жанчынаў. Яе неаднаразова звальнялі з працы за тое, што яна адмаўлялася змякчаць вастрыню сваіх рэпартажаў, а некалькі яе выданняў былі зачыненыя ўрадам. Яна шмат падарожнічае па краінах Блізкага Усходу і піша пра жыццё жанчынаў і ўцекачоў у часы канфліктаў. Тэмы яе рэпартажаў выклікалі незадаволенасць урада Ірана. Яе неаднаразова збівалі, арыштоўвалі і саджалі ў турму».

Фонд IWMF таксама абвесціў, што ўзнагароду «За дасягненні на працягу ўсёй кар'еры» атрымае Аміра Хас - журналістка і вядучая калонкі размешчанай у Тэль-Авіве газеты Ha’aretz Daily. Вось ужо амаль 20 гадоў Хас выступае з крытычнымі артыкуламі на адрас уладаў як Ізраілю, так і Палестыны. Няўхільна прытрымліваючыся прынцыпу праўдзівасці ў сваіх рэпартажах, яна прадэманстравала здольнасць пераадольваць межы, якія навязываюцца гендэрнымі, этнічнымі і рэлігійнымі прынцыпамі.

Заснаваныя ў 1990 годзе, узнагароды Фонду IWMF аддаюць належнае жанчынам-журналісткам, якія праявілі выключную сілу характару і сумленнасць, паведамляючы навіны ў небяспечных ці складаных умовах. Уключаючы пераможцаў гэтага года, 66 журналістак атрымалі ўзнагароды «За мужнасць у журналістыцы» і 18 журналістак былі адзначаныя ўзнагародамі «За дасягненні на працягу ўсёй кар'еры».

Цырымоніі ўручэння ўзнагародаў адбудуцца 20 кастрычніка ў Нью-Ёрку і 28 кастрычніка ў Лос-Анджэлесе.

Фонд IWMF быў заснаваны ў 1990 годзе і ўяўляе з сябе разгалінаваную глабальную сетку, прысвечаную ўмацаванню ролі жанчынаў у СМІ ва ўсіх краінах свету як спосабу прасоўвання свабоды прэсы. Сетка IWMF аб'ядноўвае журналістаў больш чым 130 краінаў свету.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках