15 лiстапада 2024, Пятніца, 11:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У банках скончылася валюта?

44

Сёння не знайшлося ніводнай банкаўскай установы ў краіне, якая гатовая была б прадаваць валюту сваім кліентам на пазабіржавым рынку.

Прынамсі, са словаў дылераў, якія і ў папярэднія тры дні не адрозніваліся гаварлівасцю, піша АФН.

Даведацца рэальны курс продажу валюты на пазабіржавым рынку, за рэдкім выключэннем было немагчыма. Сёння гаворка пра курс ўжо нават не ідзе.

Пасля ўвядзення забароны прынамсі палова камерцыйных банкаў спыніла аперацыі на пазабіржавым рынку, тлумачачы гэта альбо адсутнасцю валюты альбо неабходнасцю распрацоўкі «схемы курсаўтварэння». Дзяржбанкі, як правіла, адпраўлялі сваіх кліентаў за валютай у прыватныя банкі – і валюты няма, і жадання штосьці рабіць ва ўмовах татальных забаронаў, разумеючы, што ініцыятыва заўсёды караецца.

Сёння банкі дзейнічаюць па прамой схеме – частка заявак кліентаў на набыццё адпраўляецца на біржу, астатнім прапаноўваюць пачакаць да лепшых часоў. Лёс адпраўленых на біржу заявак пры гэтым застаецца вельмі няпэўным.

Катыроўкі на рынку наяўнай валюты вельмі красамоўна кажуць пра сітуацыю на пазабіржавым рынку, як і аднадушнае меркаванне дылераў розных банкаў – без аднаўлення нармальнага функцыянавання біржы развязка падаецца немагчымай.

Больш за тое, на думку прадстаўнікоў банкаў, калі рэгулятар (Нацбанк) і ўрад у найбліжэйшыя два дні нічога не зробяць для выйсця з тупіковай сітуацыі, дык можна смела сцвярджаць – забарона на продаж валюты на біржы працягнецца і пасля 1 чэрвеня.

У гэтым выпадку сітуацыя можа развівацца па самім песімістычным сцэнары, адзначае АФН. Змрочныя навіны карпаратыўнага рынка дакоцяцца да асноўнай масы ўладальнікаў дэпазітных укладаў. Насельніцтва не будзе разбірацца ў эканамічных тонкасцях ці нюансах таго ці іншага банка. Выснова будзе простая: няма валюты – трэба тэрмінова здымаць уклады.

Адток справакуе і рэакцыю рэгулятара ў адказ. Забыўшыся на ўсе абяцанні і запэўніванні, як ужо сёння было забытае абяцанне вытрымаць курс рубля да валютнага кошыка ў 2-м квартале ў межах калідора 960 +/-1%, Нацбанк, нязменна спасылаючыся на досвед краінаў-суседзяў, сам ці на запатрабаванне ўрада можа адказаць у лепшым выпадку забаронай на датэрміновае зняццё дэпазітаў, у горшым - выдачай укладаў у беларускіх рублях па афіцыйным курсе Нацбанка, які сёння мала чым нагадвае рынкавы.

Як паведамлялася, у панядзелак 18 траўня шэраг банкаў заявіў пра наяўнасць вуснага распараджэння ўладаў, якое прадугледжвае максімальнае абмежаванне задавальнення банкамі заявак кліентаў на набыццё замежнай валюты на біржы для бягучых імпартных пагадненняў. Банкіры падкрэслівалі, што нефармальныя рэкамендацыі фактычна маюць форму забароны. Банкам прапанавана задавальняць заяўкі кліентаў на набыццё замежнай валюты за кошт уласных сродкаў, набыцця яе на пазабіржавым рынку, а таксама за кошт прыцягнення знешніх рэсурсаў.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках