14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Беларусі: Мы будзем супрацоўнічаць з Абхазіяй

5

Міністэрства замежных справаў пракаментавала паездку дэлегацыі адміністрацыі Лукашэнкі ў непрызнаную Абхазію.

Беларуская дэлегацыя на чале з кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімірам Макеем наведвала Сухумі 12 траўня «з мэтай развіцця двухбаковых адносінаў у гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах». Пра гэта, як перадае «Інтэрфакс», паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.

«У нас існуе свая гісторыя ўзаемаадносінаў, у першую чаргу з абхазскім народам. Гэтыя адносіны развіваліся задоўга да таго, як здарыліся вядомыя падзеі на Каўказе ў жніўні мінулага года», - заявіў прэс-сакратарь МЗС.

«Гэты кантакт меў за сваю мэцу надаць імпульс гэтым адносінам», - адзначыў А.Папоў.

Нагадаем, што нядаўна спікер Дзярждумы РФ Барыс Грызлоў заявіў, што Беларусь зацягвае раней абумоўленыя тэрміны, у якія «палата прадстаўнікоў» планавала разгледзець пытанне аб прызнанні Абхазіі ў якасці незалежнай дзяржавы.

«Мне здаецца, што занадта доўга рыхтуецца Беларусь да гэтага пытання. Я разумею, што ніхто не павінен падштурхоўваць, але паводле тых тэрмінаў, якія называліся, а называўся месяц красавік, прызнанне так і не адбылося», - адзначыў Б.Грызлоў.

Аднак прадстаўнікі беларускай «палаты прадстаўнікоў» заявілі, што магчымасць прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі Менскам залежыць ад таго, наколькі Расея гатовая «кампенсаваць» тыя наступствы, якія могуць надыйсці за гэтым крокам.

«Мы можам ставіць пытанне, наколькі адзін бок - Беларусь - гатовы да тых магчымых наступстваў, якія надыйдуць, а іншы бок - Расея - гатовы кампенсаваць тое, што можа надыйсці для нашай краіны», - заявіў старшыня беларускай «палаткі» Віктар Гумінскі.

Адзначым, што Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваўся пра прызнанне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. 23 сакавіка ў Сочы беларускі кіраўнік сустрэўся з кіраўніком непрызнанай Абхазіі Сяргеем Багапшам і абмеркаваў з ім шэраг пытанняў гандлёвага супрацоўніцтва.

На сённяшні дзень незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі прызнала толькі Расея. Прэзідэнт Нікарагуа прызнаў незалежнасць у вуснай форме, аднак парламент краіны не падтрымаў ініцыятыву кіраўніка дзяржавы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках