9 лiстапада 2024, Субота, 0:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За акцыю салідарнасці з генералам Захаранкам апазіцыянерам пагражае 15 сутак арышту

Учора ўвечары старшы інспектар прафілактыкі Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Гомеля капітан Шукель апытаў актывіста апазіцыі Васіля Палякова наконт ягонага ўдзелу ў акцыі памяці Юрыя Захаранкі.

Як паведаміў «Радыё Рацыя» старшыня Гомельскай абласной суполкі АГП Васіль Палякоў, гутарка з інспектарам міліцыі аформлена як пратакол апытання, а потым - як пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

«Шукель прыходзіў да мяне дадому, гэта было ўвечары, каля 20-ці гадзінаў, і ён склаў спачатку пратакол апытання, а потым пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Там напісана, што я парушыў частку першую артыкула 23.34, быццам бы праводзіў незаконную акцыю, удзельнічаў у пікеце, які не быў дазволены. І гэты пратакол яны зараз павінны перадаць у суд. І ўжо суд будзе выносіць рашэнне», - зазначыў актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Паводле артыкула, у якім абвінавачваецца палітык, прадугледжана пакаранне да 30 базавых велічынь штрафа або адміністрацыйны арышт тэрмінам да 15 сутак. Сёння ў райаддзел міліцыі выкліканы і іншыя ўдзельнікі ланцуга памяці - Анатоль Паплаўны, Юрась Захаранка і Пётар Кузьняцоў. Іншы ўдзельнік акцыі Уладзімір Кацора быў апытаны міліцыяй 2 дні таму. Зараз суд будзе вырашаць, ці удзельнікі ланцуга памяці парушылі закон аб масавых мерапрыемствах, ці не.

Нагадаем, 7 траўня ў Гомелі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў правялі каля абласнога упраўлення ўнутраных справаў ланцуг памяці экс-міністра унутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі, які знік 10 гадоў таму пры нявысветленых абставінах. Міжнародная супольнасць лічыць, што да знікнення палітыка маюць дачыненне шэраг высокапастаўленых асобаў з атачэння Аляксандра Лукашэнкі.

Зазначым, гэта ўжо ня першы выпадак, калі апазыцыйных актывістаў судзяць за правядзенне мірных акцыяў. Так, на 25 траўня атрымалі позвы ў суд з нагоды чарнобыльскага шэсця лідзкія актывісты «Маладога Фронту» Яўген Руды і Ганна Бунько, ужо адбыўся суд над берасцейскім маладафронтаўцам Яўгенам Скрабцом. Сёння судзяць віцебскага актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Кастуся Іванова. 20 траўня распачаўся судовы працэс над незалежнай журналісткай Тамарай Шчапёткінай, якая асвятляла акцыю «Свяча памяці» ў Бярозе; суд праягнецца 29 траўня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках