14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свой 56-ы дзень нараджэння палітвязень Асіпенка сустракае ў турме

7
Свой 56-ы дзень нараджэння палітвязень Асіпенка сустракае ў турме

«Я даведаўся пра акцыі салідарнасці і ўдзячны ўсім тым, каму неабыякавы наш лёс»,– кажа арыштаваны па палітычных матывах Уладзімір Асіпенка, які больш за тры месяцы знаходзіцца ў следчым ізалятары.

Сёння палітвязню Уладзіміру Асіпенку споўнілася 56 гадоў. На жаль, свой дзень нараджэння ён вымушаны сустракаць у СІЗА №1 ГУУС Менгарвыканкама, дзе знаходзіцца больш за тры месяцы.

Як паведаміла прэс-цэнтру Хартыі’97 дачка палітвязня Людміла Асіпенка, сёння сваякам нячаста прыходзіцца атрымліваць лісты ад Уладзіміра – адміністрацыя турмы іх канфіскуе.

«Мы хочам яго павіншаваць і сказаць, што гатовыя на ўсё, каб паскорыць яго вяртанне дадому, -- кажа Людміла Асіпенка. -- Мы яго любім, чакаем і ганарымся ім нягледзячы ні на што! Жадаем яму моцнага здароўя, бадзёрасці, сілы волі і ўмення абстрагавацца».

У прэс-цэнтр Хартыі’97 патрапіў ліст, які напісаў палітвязень Уладзімір Асіпенка ў падтрымку ўдзельнікаў акцыі салідарнасці.

«З газетаў «Народная воля» і «Наша ніва» я даведаўся, што 4 траўня вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы, моладзевыя актывісты пачалі галадоўку ў падтрымку Аўтуховіча М.М., Лявонава Ю.В. і мяне, -- піша Уладзімір Асіпенка. -- Мне таксама стала вядома пра акцыі салідарнасці з намі, якія праходзілі ля сценаў «Валадаркі» і на Кастрычніцкай плошчы. Шкадую аб тым, што шматлікія ўдзельнікі акцыі былі затрыманыя АМАПам і збітыя. Я схіляюся перад мужнасцю гэтых людзей».

Уладзімір Асіпенка таксама падзякаваў удзельнікам галадоўкі салідарнасці:

«Вашая акцыя не засталася незаўважанай уладамі. Я адчуў гэта па актыўнасці, з якой працягнулася следства, якое замерла на некаторы час. Дзякую ўсім неабыякавым да нашых лёсаў. Поспехаў вам у барацьбе за справядлівасць і дэмакратыю!»

Нагадаем, што актывісты прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года і ўтрымліваюцца ў менскім СІЗА №1. 16 красавіка Аўтуховіч абвясціў бестэрміновую галадоўку.

Нядаўна стала вядома, што следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў падоўжылі да 3 чэрвеня. За чатыры месяцы сваякам палітвязняў дагэтуль не дазволілі ніводнага спаткання.

Праваабаронцы лічаць арыштаваных палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў раней ужо былі змешчаныя ў турму, і тады міжнародная супольнасць прызнала іх вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках